Дзеі 1 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Першы нарыс, о Хахілю, уклаў я праз усе, што Ісус пачаў заразом чыніць і навучаць,
Першую кнігу напісаў я табе, Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку
Аж да тога дня, каторага Ён узьнёсься, даўшы Сьвятым Духам расказаньне апосталам, каторых Ён абраў,
аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх Ён выбраў,
Перад каторымі й стаў жывы, па замучаньню, зь бесьпярэчнымі довадамі, будучы бачаны імі на працягу сараку дзён і кажучы праз гаспадарства Божае.
якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Царства Божае;
І, зьбершы, расказаў ім не адхінацца ад Ерузаліму, але «чакайце абяцанага ад Айца, што вы чулі ад Мяне;
і, сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне;
Бо Яан запраўды хрысьціў у вадзе, а вы будзеце хрышчаны за колькі дзён Сьвятым Духам».
бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
Затым яны, зышоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: «Спадару, ці ня гэтага часу Ты адновіш гаспадарства Ізраелю?»
Пасьля гэтага яны, сыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю?
Ён жа сказаў ім: «Ня вам знаць часы альбо поры, каторыя Айцец паклаў у ўладзе Сваёй;
А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай;
Але вы прыймеце магутнасьць, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Імне сьветкамі ў Ерузаліме а ў вусёй Юдэі а ў Самары а аж да канца зямлі».
а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі.
І, сказаўшы гэта, як яны глядзелі, Ён быў узяты, і булак прыняў Яго ад ачоў іхных.
Сказаўшы гэта, Ён узьнёсься на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхніх.
І як яны ўцяміліся ў неба, як Ён узыходзіў, і вось, два мужы сталі перад імі ў белым адзецьцю,
І калі яны глядзелі на неба падчас ўшэсьця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым убраньні
І каторыя сказалі: «Мужы Ґалілейскія, чаго вы стаіце, гледзячы на неба? Гэта Ісус, узяты ад вас на неба, такім парадкам прыйдзе, як вы бачылі ўзыходзячага Яго на неба».
і сказалі: мужы Галілейскія! што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзьнёсься ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба.
Тады яны зьвярнуліся да Ерузаліму з гары, званае Аліўнаю, што ля Ерузаліму, маючы сыботняга дня дарогу.
Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, якая называецца Аліўнай, што блізь Ерусаліма, адлеглай на дзень суботні хады.
І, увыйшоўшы, узышлі да верхняга пакою, ідзе перабывалі разам Пётра а Яан а Якаў а Андрэй, Піліп а Хама, Баўтрамей а Мацьвей, Якаў Алфеенак а Сымон Зылот а Юда, брат Якаваў.
І як прыйшлі, увайшлі ў сьвятліцу, дзе і заставаліся, Пётр і Якаў, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якаў Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якаваў;
Гэтыя ўсі перабывалі згодна, кажначасна ў малітве із жанкамі а Марыяй, Маці Ісусавай, а з братамі Ягонымі.
усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, зь некаторымі жанчынамі і Марыяю, Маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі.
І тымі днямі Пётра, стаўшы пасярод братоў, — груду наймя разам было каля сту дваццацёх, —сказаў:
І ў тыя дні Пётр, стаўшы сярод вучняў, сказаў —
«Мужы браты, належыла выпаўніцца Пісьму, што Дух Сьвяты прарок вуснамі Давіда празь Юду, каторы стаў правадыром тых, што ўзялі Ісуса;
(а было ж сабралася людзей каля ста дваццаці) — мужы браты! мелася спраўдзіцца тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давідавымі пра Юду, які навёў тых, што схапілі Ісуса;
Бо ён лічыўся меж нас і адзяржаў дзель у службе гэтай.
бо ён быў залічаны да нас і атрымаў пакліканьне да служэньня гэтага;
Дык гэты купіў поле заплатаю за бяспраў’е і, стрымгалоў паўшы, раськяпіўся пасярэдзіне, і выпаў увесь нутр ягоны.
але набыў зямлю несправядлівай цаною і, калі зрынуўся, раскалолася чэрава ягонае, і вывернуліся вантробы ягоныя;
І гэта стала ведама ўсім жыхарам Ерузаліму, так што тое поле было названа ў нарэччу іхным собскім Акельдама, значыцца, поле крыві.
і гэта сталася вядома ўсім жыхарам Ерусаліма, так што зямля тая на айчыннай іхняй мове названа Акелдамб, што азначае «зямля крыві».
Бо напісана ў кнізе псальмаў: "Няхай дамова ягоная будзе пустая, і няхай ня будзе жывучага ў ёй", а "Урад ягоны вазьмі іншы".
А ў кнізе Псальмаў напісана: «хай двор ягоны пусткаю стане, і ў ім хай жывога ня будзе», і: «пасад ягоны іншы хай прыйме».
Дык належыцца, каб із мужоў, што прапушчалі нас увесь час, у каторым Спадар Ісус уходзіў і выходзіў памеж нас,
Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь той час, калі заставаўся і гутарыў з намі Гасподзь Ісус,
Пачынаючы ад хрысту Яанавага аж да дня, як быў узяты ад нас, каб адзін із тых стаў сьветкаю з намі ўскрысеньня Ягонага».
пачынаючы ад хрышчэньня Янавага па той дзень, калі Ён узьнёсься ад нас, быў разам з намі сьведкам уваскрэсеньня Яго.
І яны пастанавілі двух: Язэпа, званага Вараваю, каторага мянушка была Юст, і Мацьвея.
І паставілі двух: Язэпа, якога звалі Варсавам, празванага Юстам, і Мацьвія,
І, молячыся, сказалі: «Ты, Спадару, усіх сэрцаў ведамча, пакажы з гэтых двух аднаго, каторага Ты абраў,
і памаліліся і сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў,
Заняць месца ў службе гэтай і апосталства, ад каторага Юда адпаў, каб ісьці на месца свае».
прыняць пакліканьне гэтага служэньня і апостальства, ад якога адпаўся Юда, каб ісьці ў сваё месца.
І кінулі на жэрабя на іх, і пала жэрабя на Мацьвея, і ён быў залічаны да адзінанцацёх апосталаў.
І кінулі на іх жэрабя, і выпала жэрабя Мацьвію, і ён далучаны да адзінаццаці апосталаў.