Якава 1 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Якаў, нявольнік Божы і Спадара Ісуса Хрыста, двананцацём плямёнам у расьцярушэньню,— здарованьне.
 
Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, — радавацца!

За ўсю радасьць майце, браты мае, як упадаеце ў розныя дазнаньні,
 
Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,

Ведаючы, што прабаваньне веры вашае вытварае цярплівосьць;
 
ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,

А цярплівосьць няхай вырабляе дасканальнае дзеяньне, каб вы былі дасканальныя а супоўныя, бязь ніякае нястачы.
 
а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.

Калі ж у каго з вас не стаець мудрасьці, няхай просе ў Бога, Каторы даець усім шчодра і ня ўпікае, — і дасца яму.
 
Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, — і дасца яму.

Але няхай просе зь вераю, ані не сумляючыся, бо хто сумляецца, тый падобны да морскае хвалі, ветрам узьніманай а разьвяванай.
 
Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;

Дык няхай такая людзіна не гадае, што яна адзяржыць што-колечы ад Спадара.
 
Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.

Людзіна з дваячнымі думкамі не кажначасная ў вусіх дарогах сваіх.
 
Чалавек двудушны — ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.

Няхай хваліцца брат паніжаны вывышэньням сваім,
 
Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,

А багаты — паніжэньням сваім, бо ён мінець, як краса на траве.
 
а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:

Усходзе сонца з палючым вадам сваім, і трава ссохла, і краса ейная апала, і харашыня выгляду ейнага шчэзла; так і багаты зьвяне ў дарогах сваіх.
 
узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.

Дабраславёная людзіна, каторая вытрывала дазнаньні, бо, будучы выпрабаваная, адзяржыць карону жыцьця, што Ён абяцаў тым, каторыя любяць Яго.
 
Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.

Няхай ніхто, прабаваны, ня кажа: «Я спакушаны Богам», бо Бог ня можа быць спакушаны ліхам, і Ён Сам нікога не спакушае,
 
У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: «Бог мяне спакушае»; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,

Але кажны спакушаецца собскімі жадлівасьцьмі сваімі, каторыя яго захапляюць а надзяць.
 
а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;

Жадлівасьць жа, пачаўшы, родзе грэх; а супоўна разьвіты грэх прыводзе да сьмерці.
 
а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.

Ня блудзіце, браты мае любовыя.
 
Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:

Кажнае добрае даньне і кажны дасканальны дар зыходзе з гары, ад Айца сьвятліні, у Каторага няма зьмены ані сьценю адвярненьня.
 
Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.

Подле собскае волі Свае зрадзіў Ён нас словам праўды, каб мы былі некатрым пачаткам стварэньняў Ягоных.
 
Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.

Дык, браты мае любовыя, няхай кажная людзіна будзе борздая да слуханьня, памальная да гавары, памальная да гневу;
 
Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;

Бо гнеў людзкі ня чыне справядлівасьці Божае.
 
бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.

Затым, адхінуўшы кажную бруду і збуялае сердаво, у лагоднасьці прыміце саджанае слова, каторае можа спасьці душы вашы.
 
Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.

Але будзьце дзейнікамі Слова, а ня слухачымі толькі, што зводзяць самых сябе.
 
Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.

Бо слухачы Слова, а ня дзейнік, падобны да людзіны, што прыроджаныя рысы віду свайго разглядае ў глядзелцы;
 
Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:

Бо ён паглядзеў на сябе і адышоў, і якга забыўся, якоў ён.
 
ён паглядзеў на сябе, адышоўся — і адразу забыўся, які ён ёсьць.

Бо хто ўцеміцца ў дасканальнае права, права свабоды, і трывае ў ім, будучы не забудзькам слухачым, але дзейнікам учынку, тый будзе дабраславёны ў вучынку сваім.
 
А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.

Калі хто думае празь сябе, што ён набожны, ня кілзаючы языка свайго, але зводзячы сэрца свае, у тога набожнасьць пустая.
 
Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.

Чыстая а беззаганная набожнасьць перад Богам а Айцом ё гэта: давядацца сіротаў а ўдоваў у ватугах іхных, дзяржаць сябе незабрудзяненым ад сьвету.
 
Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.