1 Пятра 1 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Пётра, апостал Ісуса Хрыста, прыходным расьцярушэньня ў Понце, Ґаляце, Кападоццы, Азі а Віфіні, абраным
 
Пётр, апостал Ісуса Хрыста, прышэльцам, расьсеяным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным

Зь перадведаньня Бога Айца, пасьвячэньням Духа, да паслухменства а пакрапленьня крывёй Ісуса Хрыста: ласка вам а супакой няхай памножацца.
 
паводле веданьня Бога Айца, пры асьвячэньні ад Духа, на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: мілата вам і мір хай памножацца!

Дабраславёны Бог а Айцец Спадара нашага Ісуса Хрыста, Каторы, подле вялікага міласэрдзя Свайго, адрадзіў нас да надзеі жывое пераз ускрысеньне Ісуса Хрыста зь мертвых,
 
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што зь вялікай Сваёй міласьці адрадзіў нас праз уваскрэсеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых да жывое надзеі,

Да непсавальнага а незабрудзяненага а нязьвялага спадку, захаванага ў нябёсах вам,
 
да спадчыны нятленнай, чыстай, неўвядальнай, захаванай на нябёсах вам,

Сілаю Божаю перазь веру сьцеражоных да спасеньня, гатовага аб’явіцца ў вапошнім часе.
 
сілаю Божаю празь веру ахаваным на ратаваньне, якое гатова адкрыцца ў апошні час.

Гэтым захапляйцеся, пасмуціўшыся цяпер крыху (калі надабе) ад розных дазнаньняў,
 
З гэтага радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў,

Каб выпрабаваная вера вашая была дарожшая за гінучае, хоць прабаванае агнём, золата, да пахвалы а славы а сьці ў зьяўленьне Ісуса Хрыста,
 
каб выпрабаваная вера вашая сталася каштоўнейшаю за пагібельнае, хоць і вагнём прабаванае золата, на пахвалу і гонар і славу пры зьяўленьні Ісуса Хрыста,

Каторага, ня бачыўшы, мілуеце, Каторага цяпер ня бачачы, але верачы, захапляецеся радасьцяй нявымоўнай і найславутшай,
 
Якога, ня бачыўшы, любіце, і Якога, дагэтуль ня бачачы, але веруючы ў Яго, прымаеце з радасьцю нявымоўнаю і слаўнаю,

Адзержуючы канец веры сваей — спасеньне душаў.
 
дасягаючы нарэшце вераю вашаю выратаваньня душ;

Прарокі, што праракалі ласку вам, даведаваліся а дасьледавалі гэтае спасеньне,
 
якраз гэтага выратаваньня датычыліся вышукі і дасьледаваньні прарокаў, якія прадказвалі вызначаную вам мілату,

Дасьлядуючы, на каторы або на які час зьясьняў Дух Хрыстоў, каторы быў у іх, сьветчачы наперад празь цярпеньні Хрыстовы і славу па іх.
 
дасьледуючы, на каторы і на які час паказваў існы ў іх Дух Хрыста, калі Ён прадвяшчаў Хрыстовыя цярпеньні і славу, якая прыйдзе пасьля іх;

Ім аб’яўлена было, што ня ім самым, але нам служыла тое, што цяпер абешчана вам тымі, каторыя зьясьняюць вам Дабравесьць Духам Сьвятым, пасланым ізь нябёс, на што ангілы жадаюць глядзець.
 
ім адкрыта было, што ня ім самім, а нам служыла тое, што цяпер абвешчана вам празь зьвеставальнікаў Духам Сьвятым, пасланым зь нябёсаў, у што хочуць пранікнуць анёлы.

Затым, паперазаўшы сьцёгны розуму свайго, будучы цьвярозыя, супоўна спадзявайцеся ласкі, каторая будзе дана вам у зьяўленьню Ісуса Хрыста.
 
Таму, (любасныя), аперазаўшы сьцёгны розуму вашага, чуваючы, майце поўную надзею на падаваную вам мілату ў зьяўленьні Ісуса Хрыста.

Як паслухменыя дзеці, не тарнуйцеся да пярэдніх жадлівасьцяў у нясьведам’ю сваім;
 
Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі пажаданьнямі, якія былі ў няведаньні вашым,

Але як Тый, што пагукаў вас, ё сьвяты, будзьце таксама сьвятыя ў вусім паступку;
 
а на прыклад Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятыя ва ўсіх учынках;

Бо напісана: «Будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты».
 
бо напісана: «будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты».

І калі вы завіце Айцом Таго, Хто, не зважаючы на асобы, судзе кажнага подле ўчынкаў ягоных, каратайце час падарожжаваньня свайго із страхам,
 
І калі вы называеце Айцом Таго, Які бяз увагі на асобы судзіць кожнага паводле дзеяў, дык са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,

Ведаючы, што не псавальным срэбрам альбо золатам вы адкуплены ад марнага паступку, пераданага ад бацькоў,
 
ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькоў,

Але каштоўнай крывёю Хрыстовай, як беззаганнага а чыстага ягнётка,
 
а каштоўнай Крывёю Хрыста, як беспахібнага і чыстага Ягняці,

Наканаванага запраўды перад закладзінамі сьвету, але зьяўленага ў канцы часоў вам,
 
Які наканаваны быў яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўся ў апошні час вам,

Каторыя ўверылі перазь Яго ў Бога, Каторы ўскрысіў Яго зь мертвых і даў Яму славу, каб вера вашая а надзея былі ў Богу.
 
якія ўверавалі празь Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых і даў Яму славу, каб вы мелі веру і надзею на Бога.

Ачысьціўшы душы свае паслухменствам праўдзе да нядвудушнае братняе любові, горача мілуўце адзін аднаго з чыстага сэрца,
 
Паслушэнствам ісьціне праз Духа ачысьціўшы душы вашыя да некрывадушнага браталюбства, няспынна любеце адно аднаго ад чыстага сэрца,

Будучы ізноў народжаныя не з псавальнага семені, але зь непсавальнага, жывым і трываючым на векі Словам Божым.
 
як адроджаныя ня з тленнага насеньня, а ад нятленнага, ад слова Божага, жывога і нязбытнага давеку.

Бо кажнае цела —як трава, і кажная слава — як краса травы; трава зьвяла, і краса апала;
 
Бо ўсякая плоць — быццам трава, і ўсякая слава людзкая — быццам квет на траве, засохла трава — квет ейны апаў;

Але слова Спадарова трывае на векі. А гэта ё тое слова, што вам абешчана.
 
а слова Гасподняе вечна жыве. А гэта ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.