1 Яна 1 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Праз тое, што было ад пачатку, тое, што мы чулі, што бачылі ачыма сваімі, да чога прыглядаліся і да чога датыкаліся рукамі сваімі, — праз Слова жыцьця, —
Пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што разглядвалі і што адчувалі рукі нашыя, пра Слова жыцьця, —
Бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі, і сьветчым, і абяшчаем вам гэта жыцьцё вечнае, каторае было ў Вайца і зьявілася нам, —
бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам —
Праз тое, што мы бачылі й чулі, абяшчаем вам, каб і вы мелі ўзаем’е з намі; а наша ўзаем’е — з Айцом а Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
пра тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць — з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была супоўная.
І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.
І гэтую ведамку, што мы чулі ад Яго, і агалашаем вам, што Бог ё сьвятліня, і цямноты ў Ім ані няма.
І вось зьвеставаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры.
Калі мы скажам, што маем узаем’е зь Ім, а ходзім у цемні, дык мы манім і ня чынім праўды.
Калі мы кажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык мы хлусім і ня ўчыняем па праўдзе;
Але калі ходзім у сьвятліні, як Ён у сьвятліні, дык маем узаем’е адзін із адным, і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усялякага грэху.
а калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць адно з адным, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.
Калі кажам, што ня маем грэху, — ашукуем самых сябе, і праўды няма ў нас.
Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас.
Калі вызнаваем грахі свае, дык Ён, верны а справядлівы, каб дараваць нам грахі і ачысьціць нас ад усялякае несправядлівасьці.
Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды.
Калі кажам, што мы не ізграшылі, чынім Яго манюкаю, і Слова Ягонага няма ў нас.
Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім зь Яго падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас.