Ісуса сына Нава 5 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І было, як пачулі ўсі каралі Аморэйскія, каторыя на гэтым баку Ёрдану, к мору, і ўсі каралі Канаанскія, каторыя ля мора, што высушыў СПАДАР ваду Ёрдану перад сынамі Ізраелявымі, пакуль пераходзілі яны, тады скволела сэрца іхнае, і ня стала ўжо ў іх духу перад сынамі Ізраелявммі.
Калі ўсе цары Амарэйскія, якія жылі па гэты бок Ярдана да мора, і ўсе цары Ханаанскія, якія каля мора, пачулі, што Гасподзь высушыў воды Ярдана перад сынамі Ізраілевымі, пакуль пераходзілі яны, тады аслабла сэрца іхняе, і ня стала ўжо ў іх духу супроць сыноў Ізраілевых.
Таго часу сказаў СПАДАР Ігошуу: «Зрабі сабе мячы з крамянёў і ўзноў абрэж сыноў Ізраелявых другім наваратам».
У той час сказаў Гасподзь Ісусу: зрабі сабе вострыя нажы і абрэж сыноў Ізраілевых другі раз.
І зрабіў сабе Ігошуа мячы з крамянёў, і абрэзаў сыноў Ізраелявых на «Ўзгорку абразаньня».
І зрабіў сабе Ісус крамянёвыя нажы, і абрэзаў сыноў Ізраільскіх на пагорку Аралот.
І во прычына, чаму абрэзаў Ігошуа ўвесь люд, каторы вышаў зь Ягіпту, мужчынаў: усі здольныя да вайны памерлі на пустыні на дарозе, па выхадзе зь Ягіпту;
Вось прычына, чаму абрэзаў Ісус увесь народ, які выйшаў зь Егіпта, мужчынскага полу; усе здольныя ваяваць памерлі ў пустыні па дарозе, пасьля выхаду зь Егіпта;
Бо абрэзаны быў увесь люд, што вышаў; але ўвесь люд, што радзіўся на пустыні на дарозе, па выхадзе зь Ягіпту, ня быў абрэзаны;
а ўвесь народ, што выйшаў, быў абрэзаны, а ўвесь народ, які нарадзіўся ў пустыні ў дарозе, пасьля выхаду зь Егіпта, ня быў абрэзаны;
Бо сорак год хадзілі сынове Ізраелявы па пустыні, пакуль ня скончыўся ўвесь народ, здольны да вайны, што вышаў зь Ягіпту, каторыя ня слухалі голасу СПАДАРА, і каторым СПАДАР прысягаў, што яны не абачаць зямлі, праз каторую прысягаў СПАДАР бацьком іхным, даць нам зямлю, ідзе цячэць малако а мёд.
бо сыны Ізраілевыя сорак гадоў хадзілі па пустыні, пакуль не перамёр увесь народ, здольны да вайны, які выйшаў зь Егіпта, бо не паслухаліся голасу Гасподняга, а ім Гасподзь прысягаўся, што яны ня ўбачаць зямлі, якую Гасподзь з прысягаю абяцаў бацькам іхнім, даць зямлю, дзе малако і мёд,
А сыноў іхных, каторых устанавіў замест іх, абрэзаў Ігошуа, бо яны былі не абразаныя; бо не абразалі іх на дарозе.
а замест іх паставіў сыноў іхніх. Гэтых абрэзаў Ісус, бо яны былі неабрэзаныя; бо іх, у дарозе, не абрэзалі.
І было, як скончылі абразаць увесь народ, то заставаўся ен на сваіх месцах у табару, пакуль не ачуняў.
Калі ўвесь народ быў абрэзаны, заставаўся ён на сваім месцы ў табары, пакуль ня выздаравеў.
І сказаў СПАДАР Ігошуу: «Сядні Я скаціў з вас ган ягіпецкі». Затым і завецца тое месца «Ґілґал», нават дагэгуль.
І сказаў Гасподзь Ісусу: сёньня Я зьняў з вас сарамату Егіпецкую. Чаму і называецца тая мясьціна «Галгал» аж да сёньня.
І разьлягліся сынове Ізраелявы табарам у Ґілґале, і рабілі Пасху на чатырнанцаты дзень месяца ўвечары на раўнінах Ерыхонскіх.
І стаялі сыны Ізраілевыя табарам у Галгале і ўчынілі Пасху ў чатырнаццаты дзень месяца ўвечары на раўнінах Ерыхонскіх;
І елі з пладоў зямлі на другі дзень Пасхі праснакі а сушаныя зярняты таго ж дня.
і на другі дзень Пасхі пачалі есьці з пладоў зямлі гэтай, праснакі і сушаныя зярняты ў самы той дзень;
А манна перастала падаць назаўтрае, як яны елі з пладоў зямлі, і ня было болей манны ў сыноў Ізраелявых, але яны елі таго году плады зямлі Канаанскае.
а манна перастала падаць на другі дзень пасьля таго, як яны пачалі есьці плады зямлі, і ня было болей манны ў сыноў Ізраілевых, а яны елі ў той год плады зямлі Ханаанскай.
І было, як быў Ігошуа ля Ерыхону, і ўзьняў вочы свае, і абачыў, і вось, чалавек стаіць перад ім, і ў руццэ ягонай меч на галі. Ігошуа падышоў да яго й сказаў яму: «Ці ты наш, ці зь непрыяцеляў нашых?»
Ісус, будучы паблізу Ерыхона, зірнуў і бачыць, і вось стаіць перад ім чалавек, і ў руцэ ў яго аголены меч. Ісус падышоў да яго і сказаў яму: ці наш ты, ці зь непрыяцеляў нашых?
Ён сказаў: «Не; бо я вайводца войска СПАДАРОВАГА, цяпер прышоў». Ігошуа паў відам сваім на зямлю, і пакланіўся, і сказаў яму: «Што спадар мой скажа слузе свайму?»
Ён сказаў: не, я правадыр войска Гасподняга, цяпер прыйшоў. Ісус упаў тварам сваім на зямлю і пакланіўся і сказаў яму: што гаспадар мой скажа рабу свайму?
І сказаў вайводца войска СПАДАРОВАГА Ігошуі: «Здыймі вобуй свой з нагі свае, бо месца, на каторым ты стаіш, сьвятое». І зрабіў Ігошуа так.
Правадыр войска Гасподняга сказаў Ісусу: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, сьвятое. Ісус так і зрабіў.