Ісуса сына Нава 6 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

А Ерыхон заперся, і быў заперты ад сыноў Ізраелявых; ніхто ня выходзіў і ніхто ня ўходзіў.
 
Тады сказаў Гасподзь Ісусу: вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон і цара яго, і магутаў ягоных;

І сказаў СПАДАР Ігошуу: «Гля, Я аддаў у руку тваю Ерыхон а караля ягонага а дужасілаў.
 
ідзеце вакол горада ўсе здольныя ваяваць і абыходзьце горад адзін раз; і рабі гэтак шэсьць дзён;

І кружыняйцеся навокал места ўсі, здольныя да вайны, і абходзьце места аднойчы; і гэтак рабі шэсьць дзён.
 
і сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам; а на сёмы дзень абыдзеце горад сем разоў, і сьвятары няхай трубяць у трубы;

І сямёх сьвятароў хай нясуць сем трубаў з бараняга рогу перад скрыняю; а на сёмы дзень кружыняйце навокал места сем разоў, і сьвятары хай трубяць у трубы.
 
калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ няхай гукне моцным голасам, і гарадскі мур абваліцца да зямлі, і народ пойдзе кожны са свайго боку.

І будзе, як затрубяць спацягла ў барані рог, як пачуеце гук трубы, тады ўвесь люд хай крыкне голасам вялікім; і абурыцца сьцяна места пад сябе, і ўзыйдзе люд, кажны супроці сябе».
 
І паклікаў Ісус, сын Наваў, сьвятароў і сказаў ім: нясеце каўчэг запавета; а сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім.

І пагукаў Ігошуа Нунянок сьвятароў, і сказаў ім: «Нясіце скрыню змовы, і сямёх сьвятароў хай нясуць сем трубаў з бараняга рогу перад скрыняю СПАДАРОВАЙ».
 
І сказаў народу: ідзеце і абыдзеце вакол горада; а ўзброеныя няхай ідуць перад каўчэгам Гасподнім.

І сказаў люду: «Перайдзіце й кружыняйце навокал места; узброеныя ж хай пярэйдуць перад скрыняю СПАДАРОВАЙ».
 
Як толькі Ісус сказаў народу, сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад Госпадам, пайшлі і затрубілі ў трубы, і каўчэг запавета Гасподняга ішоў за імі;

І было, як сказаў Ігошуа люду, дык сямёх сьвятароў, што несьлі сем трубаў з бараняга рогу перад СПАДАРОМ, перайшлі й затрубілі ў трубы, і скрыня змовы СПАДАРОВАЕ йшла за імі.
 
а ўзброеныя ішлі перад сьвятарамі, якія трубілі ў трубы; а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам, пад час шэсьця трубячы ў трубы.

Узброеныя ж ішлі сьпераду сьвятароў, каторыя трубілі ў трубы; а збор войска йшоў за скрыняю, ідучы й трубячы ў трубы.
 
А народу Ісус даў загад і сказаў: ня гукайце і не давайце чуць голасу вашага, і каб слова ня выходзіла з вуснаў вашых да таго дня, пакуль я не скажу вам: «выгукніце!» і тады гукнеце.

Люду ж расказаў, кажучы: «Ня крычыце й няхай ня чуваць будзе голасу вашага, і каб слова ня выходзіла з вуснаў вашых да дня, пакуль я не скажу вам: "Крычыце!" і тады крыкнеце».
 
Такім чынам каўчэг запавета Гасподняга пайшоў вакол горада і абышоў адзін раз; і прыйшлі ў табар і начавалі ў табары.

І кружыняла скрыня СПАДАРОВА навокал мес-та, і абышла аднойчы; і прышлі да табару, і начавалі ў табару.
 
Ісус устаў рана раніцай, і сьвятары панесьлі каўчэг запавета Гасподняга;

І ўстаў Ігошуа нараніцы, і панесьлі сьвятары скрыню СПАДАРОВУ.
 
і сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім, ішлі і трубілі ў трубы; а ўзброеныя ішлі перад імі, а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам запавета Гасподняга і ідучы трубілі ў трубы.

І сямёх сьвятароў, што несьлі сем трубаў з бараняга рогу перад скрыняю СПАДАРОВАЙ, ішлі а йшлі й трубілі ў трубы; і ўзброеныя йшлі сьпераду іх, а йдучыя ззаду йшлі за скрыняю СПАДАРОВАЙ, і йдучы трубілі ў трубы.
 
Такім чынам і на другі дзень абышлі вакол горада адзін раз і вярнуліся ў табар. І рабілі гэта шэсьць дзён.

І кружынялі навокал места на другі дзень адзін раз, і зьвярнуліся да табару. Гэтак рабілі шэсьць дзён.
 
На сёмы дзень усталі рана, як толькі занялася зара, і абышлі такім самым чынам вакол горада сем разоў; толькі ў гэты дзень абышлі сем разоў.

І было на сёмы дзень: усталі, як зарала, і кружынялі навокал места такім жа парадкам сем разоў; адно гэтага дня кружынялі навокал места сем разоў.
 
Калі сёмы раз сьвятары трубілі ў трубы, Ісус сказаў народу: радуйцеся, бо Гасподзь аддаў вам горад!

І было, што на сёмы раз трубілі сьвятары ў трубы, і Ігошуа сказаў люду: «Крыкніце, бо аддаў СПАДАР вам места!»
 
а горад будзе пракляты, і ўсё, што ў ім, — Госпаду; толькі Рааў блудніца няхай застанецца жывая, яна і кожны, хто ў яе ў доме; бо яна схавала пасланых, якіх мы пасылалі;

І будзе места аканавана і ўсе, што ў ім, СПАДАРУ; адно Рагаў бязуля хай застанецца жывая, яна а кажны, хто зь ёй у доме; бо яна схавала пасланцоў, каторых мы паслалі.
 
але вы асьцерагайцеся праклятага, каб і самім не паддацца заклёну, калі возьмеце што-колечы з праклятага, і каб на табар Ізраільскі не навесьці праклёну і ня ўчыніць яму бяды;

А толькі вы сьцеражыцеся аканаваньня, каб не аканаваліся, калі вы возьмеце з аканаваньня, і падасьце табар Ізраелявых аканаваньню, і зьнемарасьціце яго.
 
і ўсё срэбра і золата, і посуд медны і жалезны хай будуць сьвятыняю Госпаду і ўвойдуць у скарбніцу Гасподнюю.

І ўсе срэбра а золата, і судзьдзе мядзянае а зялезнае — сьвятыня яно СПАДАРУ, да скарбніцы СПАДАРОВАЕ пойдзе».
 
Народ закрычаў, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў народ голас трубы, усклікнуў народ гучным і моцным голасам, і абваліўся мур да самай зямлі, і народ пайшоў у горад, кожны са свайго боку, і ўзялі горад.

І крыкнуў люд, і трубілі ў трубы. І было, як пачуў люд голас трубы, і крыкнуў люд вялікім крыкам; упала сьцяна пад сябе, і ўзышоў люд да места, кажны насупроці свайго, і зваявалі места.
 
І праклялі ўсё, што ў горадзе, і мужчын і жанчын, і маладых і старых, і валоў і авечак і аслоў, вынішчылі мечам.

І аканавалі ўсе, што ў месьце, ад мужчыны аж да жонкі, ад хлапца аж да старога, і аж да вала а авечкі а асла, лязом мяча.
 
А двум хлопцам, якія аглядвалі зямлю, Ісус сказаў: ідзеце ў дом да тае блудніцы і выведзіце адтуль яе і ўсіх, хто ў яе, бо вы запрысягнуліся ёй.

А двум чалавекам, што выглядалі зямлю, Ігошуа сказаў: «Пайдзіце да дому тае бязулі й вывядзіце стуль тую жонку а ўсіх, што ў яе, як вы прысягалі ёй».
 
І пайшлі хлопцы, якія аглядвалі, і вывелі Рааў і бацьку яе і маці яе, і братоў яе і ўсіх, што былі ў яе, і ўсіх родзічаў вывелі, і паставілі іх па-за табарам Ізраільскім.

І прышлі дзяцюкі-ўзьведнікі, і вывялі Рагаў а айца яе а маці яе а братоў яе а ўсіх, каторыя ў яе, і ўсю радзіму ейную вывялі, і пастанавілі іх вонках табару Ізраельскага.
 
А горад і ўсё, што ў ім, спалілі агнём; толькі срэбра і золата, і посуд медны і жалезны аддалі ў скарбніцу дома Гасподняга.

А места а ўсе, што ў ім, спалілі цяплом; адно срэбра а золата а судзьдзе мядзянае а зялеза аддалі да скарбніцы дому СПАДАРОВАГА.
 
А Рааў блудніцу і дом бацькі яе і ўсіх, хто ў яе быў, Ісус пакінуў жывых, і яна жыве сярод Ізраіля да сёньня, бо яна схавала пасланцаў, якіх пасылаў Ісус на агледзіны Ерыхона.

Рагаў жа бязулю а дом айца ейнага а ўсіх, каторыя ў яе, пакінуў жывых Ігошуа, і яна жыла сярод Ізраеля дагэтуль; бо яна схавала пасланцоў, каторых пасылаў Ігошуа выглядзець Ерыхон.
 
У той час Ісус прысягнуўся і сказаў: пракляты перад Госпадам той, хто адродзіць і адбудуе горад гэты Ерыхон; на першынцы сваім ён закладзе аснову яго і на малодшым сваім паставіць браму яго.

І закляў Ігошуа таго часу, кажучы: «Пракляты чалавек перад СПАДАРОМ, каторы паўстане й збудуе места гэтае Ерыхон; на першаку сваім ён паложа падруб яго, і на наймалодшым сваім пастанове дзьверы яго».
 
І Гасподзь быў зь Ісусам, і слава яго неслася па ўсёй зямлі.

І быў СПАДАР із Ігошуам, і было чутно празь яго па ўсім краю.