Судзьдзяў 4 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І далей рабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА. Егуд жа памер.
 
Калі памёр Аод, сыны Ізраілевыя пачалі зноў учыняць ліхое перад вачыма Госпада.

І выдаў іх СПАДАР у рукі Явіна, караля Канаанскага, каторы гаспадарстваваў у Гацору; і вайводцам у яго быў Сысэра, а ён жыў у Гарошэф-Гаґоіме.
 
І аддаў іх Гасподзь у рукі Явіна, цара Ханаанскага, які цараваў у Асоры; ваеначальнікам у яго быў Сісора, які жыў у Харашат-Гаіме.

І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА; бо ў яго было дзевяцьсот зялезных цялежак, і ён моцна ўціскаў сыноў Ізраелявых дваццаць год.
 
І заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада. Бо ў яго было дзевяцьсот жалезных калясьніц, і ён жорстка прыгнятаў сыноў Ізраілевых дваццаць гадоў.

І Дэвора, жонка-прарока Лапідофіха, судзіла Ізраеля таго часу.
 
У той час была судзьдзёю Ізраіля Дэвора прарочыца, жонка Лапідотава.

І жыла яна пад пальмаю Дэворынаю, меж Рамы й Бэт-Элю, на гары Яхрэмавай; і ўзыходзілі да яе сынове Ізраелявы на суд.
 
Яна жыла пад Пальмаю Дэворынаю, паміж Рамаю і Вэтылем, на гары Яфрэмавай; і прыходзілі да яе сыны Ізраілевыя на суд.

І паслала, і пагукала Варака Авіноаменка зь Кедэшу Неффалімовага, і сказала яму: «Ціж не расказаў СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Пайдзі, прыцягні людзёў на гару Табор і вазьмі із сабою дзесяць тысячаў чалавекаў із сыноў Неффалімовых а сыноў Завулонавых;
 
Дэвора паслала і паклікала Варака, сына Авінаамавага, з Кедэса Нэфталімавага, і сказала яму: загадвае табе Гасподзь, Бог Ізраілеў: ідзі, падыміся на гару Фавор, і вазьмі з сабою дзесяць тысяч чалавек з сыноў Нэфталімавых і сыноў Завулонавых;

А Я прыцягну да цябе аж да цур’я Кішону, Сысэру, вайводцу Явіновага, і цялежкі ягоныя, і множасьць ягоную, і аддам яго ў рукі твае"».
 
а Я прывяду да цябе, да патока Кісона, Сісару, ваеначальніка Явінавага, і калясьніцы ягоныя і шматлюднае войска ягонае, і аддам яго ў рукі твае.

І сказаў ёй Варак: «Калі ты пойдзеш з імною, то я пайду; а калі ня пойдзеш з імною, не пайду».
 
Варак сказаў ёй: калі ты пойдзеш са мною, пайду; а калі ня пойдзеш са мною, не пайду.

І яна сказала: «Пайсьці пайду з табою; толькі не табе ўжо будзе чэсьць на гэтай дарозе, у каторую ты йдзеш, бо ў руку жонкі выдасьць СПАДАР Сысэру». І ўстала Дэвора, і пайшла з Вараком да Кедэшу.
 
Яна сказала: пайсьці пайду з табою; толькі не табе ўжо будзе слава на шляху гэтым, куды ты ідзеш; а ў рукі жанчыне аддасьць Гасподзь Сісару. І ўстала Дэвора і пайшла з Варакам у Кедэс.

І згукаў Варак Завулона а Неффаліма да Кедэшу, і ўзышлі да ног ягоных дзесяць тысячаў чалавекаў, і Дэвора ўзышла зь ім.
 
Варак склікаў Завулонцаў і Нэфталімцаў у Кедэс, і пайшлі сьледам за ім дзесяць тысяч чалавек, і Дэвора пайшла зь ім.

І Гэвер Кінянін аддзяліўся ад Кінян, ад сыноў Говававых, сьця Масеявага, і расьцягнуў будан свой ля дубровы ў Цаананіме ля Кедэшу.
 
Хэвэр, Кенэянін, аддзяліўся ад Кенэйцаў, сыноў Халвава, родзіча Майсеевага, і раскінуў намёт свой каля дубровы ў Цаанііме паблізу Кедэса.

І наказалі Сысэру, што ўзышоў Варак Авіноаменак на гару Табор.
 
І данесьлі Сісару, што Варак, сын Авінаамаў, падняўся на гару Фавор.

І згукаў Сысэра ўсі цялежкі свае, дзевяцьсот зялезных цялежак, і ўвесь люд, каторы ў яго, з Гарошэф-Гаґоіму аж да цур’я Кішону.
 
Сісара склікаў усе калясьніцы свае, дзевяцьсот жалезных калясьніц, і ўвесь народ, які ў яго, з Харашэт-Гаіма да патока Кісона.

І сказала Дэвора Вараку: «Устань, бо гэта тый дзень, у каторым дасьць СПАДАР Сысэру ў рукі твае; ціж ня пойдзе СПАДАР перад табою!» І зышоў Варак із гары Табору, і дзесяць тысячаў чалавекаў за ім.
 
І сказала Дэвора Вараку: устань, бо гэта той дзень, у які Гасподзь аддасьць Сісару ў рукі твае; Сам Гасподзь пойдзе перад табою. І сышоў Варак з гары Фавор і за ім дзесяць тысяч чалавек.

І ўчыніў СПАДАР сумятяю Сысэры, і ўсім цялежкам ягоным, і ўсякаму табару ягонаму ад ляза мяча перад Вараком, і зышоў Сысэра зь цялежак, і ўцякаў пехатой.
 
Тады Гасподзь прывёў у замяшаньне Сісару і ўсе калясьніцы ягоныя і ўсё рушэньне яго ад меча Варакавага, і сышоў Сісара з калясьніцы, і пабег пеша.

І Варак гнаўся за цялежкамі а за табарам аж да Гарошэф-Гаґоіму, і паў увесь табар Сысэрын ад ляза мяча, не засталося нават аднаго.
 
Варак гнаў калясьніцы яго і рушэньне да Харашэт-Гаіма, і загінуў увесь табар Сісараў ад меча, не засталося нікога.

І Сысэра ўцёк пехатой да будану Яілінага, жонкі Гэвера Кіняніна, бо быў мір памеж Явіна, караля Гацорскага, і дому Гэвера Кіняніна.
 
А Сісара ўцёк пеша ў намёт Яілі, жонкі Хэвэра Кенэяніна: бо паміж Явінам, царом Асорскім, і домам Хэвэра Кенэяніна быў мір.

І вышла Яіль напярэймы Сысэры, і сказала яму: «Зайдзіся, спадару мой, зайдзіся да мяне, ня бойся». І ён зайшоўся да яе, да будану, і яна накрыла яго каберцам.
 
І выйшла Яіль насустрач Сісару, і сказала яму: зайдзі, гаспадару мой, зайдзі да мяне, ня бойся. Ён зайшоў да яе ў намёт, і яна накрыла яго кілімам.

І сказаў ён: «Дай імне, калі ласка, крыху вады напіцца, бо я сьмягну». І яна разьвязала мех малака, і дала яму піць, і накрыла яго.
 
Сісара сказаў ёй: дай мне крыху вады напіцца, я піць хачу. Яна разьвязала мех з малаком, і напаіла яго, і накрыла яго.

І сказаў ёй: «Стань ля дзьвярэй будану, і калі хто прыйдзе, і папытаецца ў цябе, і скажа: "Ці няма тут каго?" Ты кажы: "Няма"».
 
Сісара сказаў ёй: стань каля дзьвярэй намёта, і калі хто прыйдзе і спытаецца ў цябе і скажа: «ці няма тут каго?», ты скажы: «няма».

І ўзяла Яіль Гэверыха калок ад будану, і ўзяла молат у руку сваю, і падышла да яго ціханька, і ўбіла калок у віскавіцу ягоную, і прыбіла да зямлі; а ён спаў у глыбокім сьне, бо быў стамаваўшыся, і памер.
 
Яіль, жонка Хэвэрава, узяла кол ад намёта, і ўзяла малаток у руку сваю, і падышла да яго ціхенька, і ўбіла кол у скроню яму так, што прыкалола да зямлі; а ён спаў стомлены і памёр.

І вось, Варак гоніцца за Сысэрам. І вышла Яіль напярэймы яму, і сказала яму: «Увыйдзі, я пакажу табе чалавека, каторага ты шукаеш». Ён увыйшоў да яе, і вось, Сысэра ўпаўшы мертвы, і калок у віскавіцы ягонай.
 
І вось Варак гоніцца за Сісарам. Яіль выйшла насустрач яму, і сказала яму: увайдзі, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш. Ён увайшоў да яе, і вось, Сісара ляжыць мёртвы, і кол у скроні ў яго.

І ўкарыў Бог таго дня Явіна, караля Канаанскага, перад сынамі Ізраелявымі.
 
І ўпакорыў Бог таго дня Явіна, цара Ханаанскага, сынам Ізраілевым.

І дужэла рука сыноў Ізраелявых болей а болей, і была цяжкая над Явіном, каралём Канаанскім, аж пакуль ня выгубілі яны Явіна, караля Канаанскага.
 
Рука сыноў Ізраілевых мацавалася болей і болей над Явінам, царом Ханаанскім, пакуль ня зьнішчылі яны Явіна, цара Ханаанскага.