1 царстваў 22 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І вышаў Давід стуль, і ўцёк да пячоры Адуламскае; і пачулі браты ягоныя а ўвесь дом айца ягонага, і зышлі да яго туды.
І выйшаў Давід адтуль і ўцёк у пячору Адаламскую, і пачулі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага і прыйшлі да яго туды.
І зьберліся да яго кажны ўцісьнены, і кажны даўжбіт, і кажны зьнемарашчаны душою, — і стаў ён начэльнікам над імі; і было зь ім каля чатырыста чалавекаў.
і сабраліся да яго ўсе прыгнечаныя і ўсе пазычэнцы і ўсе засмучаныя душою, і стаўся ён начальнікам над імі: і было зь ім каля чатырохсот чалавек.
І пайшоў Давід стуль да Міцпы Моаўскае, і сказаў каралю Моаўскаму: «Хай прыйдзе, калі ласка, ацец мой а маці мая да вас, пакуль я не даведаюся, што зробе з імною Бог».
Адтуль пайшоў Давід у Масіфу Маавіцкую і сказаў цару Маавіцкаму: няхай бацька мой і маці мая пабудуць у вас, пакуль я не даведаюся, што зробіць са мною Бог.
І прывёў іх да караля Моаўскага; і жылі яны ў яго ўвесь час, пакуль Давід быў у гэтым замку.
І прывёў іх да цара Маавіцкага, і жылі яны ў яго ўвесь час, пакуль Давід быў у тым сховішчы.
Але прарока Ґад сказаў Давіду: «Ня жыві ў гэтым замку, ідзі і ўвыйдзі сабе ў зямлю Юдзіну». І пайшоў Давід, і прышоў да лесу Гэрэф.
Але прарок Гад сказаў Давіду: не заставайся ў гэтым сховішчы, а выпраўляйся, ідзі ў зямлю Юдаву. І пайшоў Давід і прыйшоў у лес Хэрэт.
І пачуў Саўла, што ведама праз Давіда а людзёў, каторыя былі зь ім. Саўла сядзеў тады ў Ґівее пад гаям у Раме, зь дзідаю ў руццэ, і ўсі слугі ягоныя абступалі яго.
І дачуўся Саўл, што Давід аб’явіўся і людзі, якія былі зь ім. Саўл сядзеў тады ў Гіве пад дубам на гары, зь дзідай у руцэ, і ўсе слугі ягоныя абступалі яго.
І сказаў Саўла слугам Сваім, што абступалі яго: «Паслухайце ж, сынове Веняміновы, нягож усім вам дасьць Есянок полі а вінішчы, і ўсіх вас пастанове за тысячнікаў а сотнікаў,
І сказаў Саўл слугам сваім, што абступалі яго: паслухайце, сыны Веньямінавыя! няўжо ўсім вам дасьць сын Ясэя палі і вінаграднікі і ўсіх вас паставіць тысячнікамі і сотнікамі,
Што вы ўсі змовіліся супроці мяне, і ніхто не адкрыў вушом маім, што сын мой учыніў змову зь Есянком; і нікому з вас не баліць за мяне, каб адкрыць вуху майму, што сын мой падвучыў супроці мяне слугу майго цікаваць на мяне, як цяпер?»
што вы ўсе згаварыліся супроць мяне, і ніхто не адкрыў мне, калі сын мой уступіў у сяброўства з сынам Ясэя, і ніхто з вас не пашкадаваў мяне і не адкрыў мне, што сын мой узбудзіў супроць мяне раба майго каваць мне путы, як гэта сёньня відаць?
І адказаў Доіґ Едомеянін, стоячы із слугамі Саўлавымі, і сказаў: «Я бачыў, як Есянок прыходзіў да Нову да Агімелеха Агітувёнка,
І адказваў Доік Ідумэянін, які стаяў са слугамі Саўлавымі, і сказаў: я бачыў, як сын Ясэя прыходзіў у Номву да Ахімэлэха, сына Ахітува,
І гэты пытаўся яму ў СПАДАРА, і даў яму ежу, таксама й меч Голяфа Пілішчаніна аддаў яму».
і той спытаўся пра яго ў Госпада, і даў яму ежу, і меч Галіяфа Філістымляніна аддаў яму.
І паслаў кароль пагукаць Агімелеха Агітувёнка сьвятара а ўвесь дом айца ягонага, сьвятароў, каторыя ў Нове; і прышлі яны ўсі да караля.
І паслаў цар паклікаць Ахімэлэха, сына Ахітувавага, сьвятара, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, што ў Номве. І прыйшлі яны ўсе да цара.
І сказаў Саўла: «Паслухай жа, Агітувёнку!» І тый адказаў: «Вось я, спадару мой!»
І сказаў Саўл: паслухай, сыне Ахітува. І той адказваў: вось я, гаспадару мой.
І сказаў яму Саўла: «Чаму вы змовіліся супроці мяне, ты а Есянок, што ты даў яму хлеб і меч, і пытаўся яму ў Бога, каб ён паўстаў супроці мяне й цікаваў на мяне, як цяпер?»
І сказаў яму Саўл: навошта вы змовіліся супроць мяне, ты і сын Ясэя, што ты даў яму хлябы і меч і спытаўся пра яго ў Бога, каб ён паўстаў супроць мяне і каваў мне путы, як гэта сёньня відаць?
І адказаў Агімелех каралю, і сказаў: «Хто з усіх слугаў тваіх верны, як Давід? Ен і зяць каралёў, і сігае, каб цябе слухаць, і паважаны ў доме тваім?
І адказваў Ахімэлэх цару і сказаў: хто з усіх рабоў тваіх такі верны, як Давід? ён і зяць цароў, і выканаўца загадаў тваіх, і шанаваны ў доме тваім.
Ці цеперся я пачаў пытацца яму ў Бога? Крый Божа! ня вінуй у гэтым, каролю, слугу свайго а ўвесь дом айца майго; бо ў вусёй гэтай справе ня ведаў слуга твой ані малога, ані вялікага».
Ці ж цяпер я пачаў пытацца пра яго ў Бога? Не, не вінаваць мяне за гэта, цару, раба твайго і ўвесь дом бацькі майго, бо ва ўсім гэтым ня ведае раб твой ні малога, ні вялікага.
І сказаў кароль: «Ты маеш памерці, Агімелеша, ты а ўвесь дом айца твайго».
І сказаў цар: ты павінен памерці, Ахімэлэх, ты і ўвесь дом бацькі твайго.
І сказаў кароль ганцом, што стаялі ля яго: «Ступіце й забіце сьвятароў СПАДАРОВЫХ; бо таксама рука іхная з Давідам, і яны ведалі, што ён уцёк, і не адкрылі вуху майму». Але ня зычылі слугі каралёвы выцягнуць рук сваіх, каб напасьці на сьвятароў СПАДАРОВЫХ.
І сказаў цар целаахоўцам, якія стаялі каля яго: ідзеце, аддайце сьмерці сьвятароў Гасподніх, бо й іхняя рука з Давідам, і яны ведалі, што ён уцёк, і не адкрылі мне. Але слугі царовыя не хацелі падняць рук сваіх на забойства сьвятароў Гасподніх.
І сказаў кароль Доіґу: «Абярніся ты й нападзі на сьвятароў». І абярнуўся Доіґ Едомеянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня асьмідзясят пяцёх мужоў, каторыя насілі лянны наплечнік.
І сказаў цар Доіку: ідзі ты і аддай сьмерці сьвятароў. І пайшоў Доік Ідумэянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня восемдзесят пяць мужчын, што насілі ільняны наплечнік;
І Ноў, места сьвятароў, паразіў лязом мяча, ад мужчыны аж да жонкі, ад дзяцяці да сысуна, і вала, і асла, і авечку паразіў лязом мяча.
Номву, горад сьвятароў, пабіў мечам; і мужчын і жанчын, і юнакоў і дзяцей, і валоў і аслоў і авечак пабіў мечам.
Уратаваўся толькі адзін сын Агімелеха Агітувёнка, наймя Авафар, і ўцёк за Давідам.
Уратаваўся адзін толькі сын Ахімэлэхаў, сына Ахітува, якога звалі Авіятар, і ўцёк да Давіда.
І сказаў Авафар Давіду, што Саўла забіў сьвятароў СПАДАРОВЫХ.
І расказаў Авіятар Давіду, што Саўл забіў сьвятароў Гасподніх.
І сказаў Давід Авафару: «Я ведаў таго дня, як там быў Доіґ Едомеянін, што ён напэўна скажа Саўлу; я вінен у вусіх душах дому айца твайго.
І расказаў Давід Авіятару: я ведаў у той дзень, калі там быў Доік Ідумэянін, што ён мусова данясе Саўлу; я вінаваты за ўсе душы дома бацькі твайго;
Застанься ў мяне, ня бойся; бо хто будзе шукаць мае душы, будзе шукаць і твае душы; ты будзеш у мяне пад ахаронаю».
застанься ў мяне, ня бойся, бо хто будзе шукаць маёй душы, будзе шукаць і тваёй душы; ты будзеш у мяне пад аховай.