Быццё 30 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І бачыла Рахіль, што яна ня родзе Якаву, і пазавідавала Рахіль сястры сваёй, і сказала Якаву: «Дай імне дзеці, а калі не, памру я».
Рахэ́ль бачыла, што не нараджае яна Яку́бу. І пазайздросціла Рахэ́ль сястры сваёй, і так сказала Яку́бу: “Дай мне дзяцей, калі ж не, то я памру”.
І ўзгарэўся гнеў Якава на Рахіль, і сказаў: «Ці замест Бога я, Каторы задзяржаў у цябе плод жывата?»
Зазлаваў Яку́б на Рахэ́ль і сказаў ёй: “Ці ж гэта я вінаваты, а не Бог, Які пазбавіў цябе плода ва ўлонні”.
І яна сказала: «Во нявольніца мая Вала; увыйдзі да яе, і родзе яна на калені мае, і збудую таксама я ад яе».
Сказала ж Рахэ́ль Яку́бу: “Вось служанка мая Ба́ла, увайдзі да яе — і народзіць яна пры каленях маіх, і я нараджу ад яе1”.
І дала яна яму Валу, нявольніцу сваю, за жонку; і ўвыйшоў да яе Якаў.
І дала Ба́лу, служанку сваю, яму за жонку. Увайшоў да яе Яку́б.
І зачала Вала, і нарадзіла Якаву сына.
І зацяжарала Ба́ла, служанка Рахэ́лі, і нарадзіла Яку́бу сына.
І сказала Рахіль: «Рассудзіў мяне Бог, і таксама пачуў голас мой, і даў імне сына». Затым назвала імя ягонае: Дан.
І сказала Рахэ́ль: “Прысудзіў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына”. Таму назвала яго імем Дан.
І зачала яшчэ, і нарадзіла Вала, нявольніца Рахіліна, сына другога Якаву.
І зацяжарала, і нарадзіла Ба́ла, служанка Рахэ́лі, другога сына Яку́бу.
І сказала Рахіль: «Долькамі Боскімі долялася я ізь сястрою сваёй і таксама здолела». І назвала імя ягонае: Неффалім.
І сказала Рахэ́ль: “Узняў мяне Бог. Змагалася я з сястрою і перамагла”. І назвала яго імем Няфта́лій.
І абачыла Лія, што перастала радзіць, і ўзяла Зылпу, нявольніцу сваю, і дала яе Якаву за жонку.
Лі́я, бачачы, што перастала нараджаць, узяла Зе́лфу, служанку сваю, і дала яе Яку́бу за жонку.
І нарадзіла Зылпа, нявольніца Лііна, Якаву сына.
Увайшоў да яе Яку́б, і зацяжарала Зе́лфа, служанка Лі́і, і нарадзіла Яку́бу сына.
І сказала Лія: «Пашчасьціла!» І назвала імя ягонае: Ґад.
І сказала Лі́я: “На шчасце”. Назвала яго імем Гад.
І нарадзіла Зылпа, нявольніца Лііна, сына другога Якаву.
І зацяжарала Зе́лфа, служанка Лі́і, і нарадзіла яшчэ сына Яку́бу.
І сказала Лія: «На шчасьце імне, бо шчасьлівай будуць зваць мяне дачкі». І назвала імя ягонае Ашэр.
І сказала Лі́я: “Шчаслівая я, і стануць узносіць мяне жанчыны”. І назвала яго імем Асэ́р.
І пайшоў Рувін у дні жніва пшонкі, і знайшоў любоўныя яблыкі ў полю, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І сказала Рахіль Ліі: «Дай імне зь любоўных яблыкаў сына свайго».
Пайшоў жа Рубэ́н у часе жніва пшаніцы, і знайшоў плады мандрагоры2 ў полі, і прынёс іх Лі́і, маці сваёй. Сказала ж Рахэ́ль Лі́і: “Дай мне мандрагораў сына твайго”.
І сказала ёй: «Нягож мала, што ты ўзяла мужа майго, і бярэш таксама любоўныя яблыкі сына майго?» І сказала Рахіль: «Дык ён ляжа з табою гэту ноч за любоўныя яблыкі сына твайго».
Адказала Лі́я: “Табе недастаткова таго, што завалодала мужам маім, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры сына майго?” Запярэчыла ж Рахэ́ль: “Гэта не так. Узляж за мандрагоры сына твайго гэтай ноччу”.
І прышоў Якаў з поля ўвечары, і вышла Лія яму напярэймы, і сказала: «Да мяне ўвыйдзеш, бо я напэўна заплаціла за цябе любоўнымі яблыкамі сына свайго». І лёг ён ізь ёю ночы тэй.
Прыйшоў жа Яку́б з поля вечарам, і выйшла Лі́я яму насустрач, і сказала: “Увайдзі сёння да мяне, бо здабыла цябе за мандрагоры сына майго”. І ён узлёг з ёю той ночы.
І пачуў Бог Лію, і яна зачала, і радзіла Якаву сына пятага.
І пачуў Бог Лі́ю, і, зацяжараўшы, нарадзіла Яку́бу пятага сына.
І сказала Лія: «Даў Бог заплату маю, што я дала нявольніцу сваю мужу свайму». І назвала яго Іссасхар.
І сказала Лі́я: “Бог адплаціў мне за тое, што дала служанку сваю мужу свайму”. І назвала яго імем Ісаха́р, што значыць “узнагарода”.
І зачала ізноў Лія, і нарадзіла сына шостага Якаву.
І зноў зацяжарала Лі́я, і нарадзіла Яку́бу шостага сына.
І сказала Лія: «Падараваў Бог мяне добрым дарам; гэтым разам будзе жыць із імною муж мой, бо я нарадзіла яму шасьцёх сыноў». І назвала імя яго: Завулон.
І сказала Лі́я: “Адарыў мяне Бог дарункам гожым, дык цяпер абярэ мяне муж мой, бо нарадзіла яму шэсць сыноў”. І назвала яго імем Забулон.
Потым нарадзіла дачку, і назвала імя яе: Дына.
І пасля гэтага нарадзіла дачку, якую назвала імем Дзі́на.
І ўспомнеў Бог Рахіль, і пачуў яе Бог, і адчыніў дзетніцу ейную;
Узгадаў жа Бог Рахэ́ль, і пачуў яе Бог, і расчыніў яе ўлонне,
Яна зачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Аддаліў Бог ганьбу маю»,
і, зацяжараўшы, нарадзіла Яку́бу сына. Сказала ж Рахэ́ль: “Схаваў Бог маю ганьбу”.
І назвала імя ягонае: Язэп, сказаўшы: «Дадасьць імне СПАДАР сына другога».
І назвала яго імем Язэп, кажучы: “Дадаў Бог мне сына другога”.
І было, як нарадзіла Рахіль Язэпа, сказаў Якаў Лавану: «Адашлі мяне, і пайду я на свае месца і да свае зямлі;
Надарылася ж, як нарадзіла Рахэ́ль Язэпа, сказаў Яку́б Ла́бану: “Адпусці мяне, каб сышоў у край мой і зямлю маю,
Дай жонкі мае й дзеці мае, што служыў табе за іх, і я пайду; бо ты знаеш службу маю, якую я служыў табе».
дай забраць жонак і дзяцей, за якіх служыў табе, дзеля таго, каб сысці. Аджа спазнаў ты стараннасць маю, з якой служыў табе”.
І сказаў яму Лаван: «Калі б я знайшоў ласку перад ачыма тваімі! я даведаўся варажбою, што СПАДАР дабраславіў імне дзеля цябе».
Адказаў яму Ла́бан: “Здабыў я тваю прыхільнасць, гэта заўважыў. Адылі ж дабрасловіў мяне Бог тваім прыйсцем,
І сказаў: «Прызнач сабе плату сваю зь мяне, і я дам».
аддзялі ўзнагароду табе, і дам”.
І сказаў яму: «Ты ведаеш, як я служыў табе, і які стаўся статак твой пры імне;
Сказаў жа яму Яку́б: “Ты ведаеш, як я служыў табе і як павялічылася скаціна твая праз мяне.
Бо мала было ў цябе да мяне, а разьвялося шмат; і дабраславіў СПАДАР цябе, як я прышоў; а цяпер, калі ж я буду рабіць таксама на свой дом?»
Не многа яе было ў цябе да мяне, а цяпер значна павялічылася. З прыйсцем маім дабрасловіў цябе Госпад. Ці ж не цяпер пара і мне самому паклапаціцца пра ўласны дом?”
І сказаў: «Што імне даць табе?» І сказаў Якаў: «Не дасі імне нічога. Калі толькі ўчыніш імне гэта, я зьвярнуся і буду пасьціць чароды твае, сьцерагчы:
І адказаў яму Ла́бан: “Што мне даць табе?” Сказаў яму Яку́б: “Нічога мне не давай, але калі пагодзішся на словы мае, то ізноўку буду пасвіць і сцерагчы авечак тваіх.
Я прайду меж усіх чародаў тваіх сядні; адлучы зь іх кажнае зь ягнят із бодкамі а з плямамі, і кажную рудую з авец, і з плямамі а з бодкамі з козаў; і будзе гэта мая плата.
Няхай абыдуць сёння ўсіх тваіх авечак. І аддзялі цёмных авечак спасярод чарады ды кожную бялёсую і пярэстую спасярод козаў. Тое мне будзе ўзнагародай.
І будзе сьветчыць за мяне справядлівасьць мая на заўтрашні дзень, як прыйдзеш даведацца платы мае зь цябе. Кажная, што ня з бодкамі а ня з плямамі меж козаў, а ня рудая з авец, крадзеная гэта ў мяне».
І паквітаецца за мяне справядлівасць мая ў дзень прышлы, калі ўзнагарода мая будзе перад табою. Тыя, што не будуць бялёсымі і пярэстымі спасярод козаў і цёмнымі спасярод чарады, — палічацца павыкраданымі мною ад цябе3”.
І сказаў Лаван: «Добра, гэтак няхай будзе подле слова твайго».
Сказаў жа яму Ла́бан: “Няхай будзе паводле слова твайго”.
І адлучыў таго дня казлы ў чарэслы і з плямамі, і ўсі козы з бодкамі а з плямамі, усі, на каторых ё белае, і ўсі рудыя з авец, і аддаў на рукі сыном сваім;
І адлучыў яшчэ ў той дзень казлоў пярэстых і бялёсых, і ўсіх козаў пярэстых і бялёсых, усіх, што хоць малую бель мелі спасярод іншых, і ўсіх цёмных спасярод чарады, і аддаў пад варту сынам сваім.
І азначыў дарогу трох дзён меж сабою і Якавам. І Якаў пасьціў чароды Лабановы, каторыя засталіся.
І адышлі яны ад Яку́ба на адлегласць трох дзён дарогі. Яку́б жа пасвіў авечак Ла́бана, якія засталіся.
І ўзяў Якаў пруцьце тапалёвае сырое а міндалёвае а яваравае, і аблупіў на ім чарэслы белыя, зьняўшы кару да бялосьці, каторая на прутох;
Узяў тады сабе Яку́б свежыя дубцы сты́ракса,4 міндаля́5 і плата́на,6 і паабдзіраў Яку́б з іх да белаты зялёныя паскі лыка, ажно з’явілася на дубцах стракатасць з беласцю.
І ўткнуў перад статкам пруты, каторыя аблупіў, у раўкі ля вадапойных карыгаў, куды прыходзіў статак піць, і цекаваў, прыходзячы піць.
І паклаў паабдзіраныя дубцы ў паілкі з вадою, каб авечкі падыходзілі піць да дубцоў. Калі ж прыходзілі папіць,
І цекаваў статак перад прутамі, і радзіўся статак у чарэслы, з бодкамі, з плямамі.
то спарваліся авечкі ля дубцоў, і нараджаліся авечкі бялёсыя, і стракатыя, і з папялістымі плямамі.
І ягняты вылучаў Якаў, і ськіроваваў статак пыскамі да пярэстага і ўсяго рудога статку Лавановага; і станавіў свае стады асобна, і не станавіў іх разам із статкам Лавановым.
І адлучыў Яку́б ягнятаў, і паставіў перад авечкамі барана бялёсага і ўсіх ягнятаў стракатых. І раздзяліў па-свойму чароды, не змешваючы з авечкамі Ла́бана.
І было, як цекаваў статак крэпшы, Якаў клаў пруты перад ачамі статку ў карытах, каб ён цекаваў перад прутамі;
У той час, калі авечкі спарваліся і пакрываліся, Яку́б клаў дубцы перад авечкамі ў паілкі, каб апладняліся яны перад дубцамі.
А калі слабшы з авец, тады ён ня клаў. І былі слабшыя Лавановы, а крэпшыя Якававы.
Адымаліся ж без плямінаў Ла́бану, а з мецінамі Яку́бу.
І расшырыўся гэты чалавек вельмі, вельмі, і было ў яго драбнога статку множасьць, і нявольніцаў і слугаў, і вярблюдоў, і аслоў.
І здабыў чалавек маёмасць, і была ў яго скаціна шматлікая, і валы, і слугі, і служанкі, і вярблюды, і аслы.