Быццё 4 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Адам пазнаў Еву, жонку сваю, і яна зацяжарыла, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Адзяржала я чалавека — СПАДАРА».
Ада́м жа спазнаў жонку сваю. Зачаўшы, нарадзіла Ка́іна. І сказала: “Здабыла чалавека ад Бога”.
Адлі радзіла брата ягонага Авеля. І быў Авель пастух авец, а Каін рабіў зямлю.
Пасля нарадзіла брата яго А́беля. І стаўся А́бель пастухом авечак, а Ка́ін абрабляў зямлю.
Пад канец дзён Каін прынёс із пладоў зямлі дар СПАДАРУ.
І надарылася, праз некаторы час, — прынёс Ка́ін ахвяру Госпаду з пладоў зямлі.
І Авель прынёс, таксама ён, зь першародных авец, з упашчаных іх. І прыхінуўся СПАДАР да Авеля і да дару ягонага;
І А́бель прынёс, ён жа з першародных авечак сваіх і з іх туку. І спаглянуў Бог на А́беля і на яго прынашэнні.
А да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. І вельмі зьнемарасьціўся Каін, і апусьціўся від ягоны.
На Ка́іна ж і на яго ахвяру не зважыў. І засмуціўся Ка́ін вельмі, і панурыўся тварам.
І сказаў СПАДАР Каіну: «Чаму ты зьнемарасьціўся і чаму апусьціў від свой?
І спытаўся Госпад Бог Ка́іна: “Чаму ты так маркоцішся? І чаму ты панурыўся тварам?
Калі чыніш добра, ці не падыймаеш віду? А калі ня чыніш добра, то ў дзьвярох грэх ляжыць, яго цягне да цябе, але ты пануй над ім».
О, не! Калі ты правільна прынёс ахвяру, але правільна не раздзяліў яе, не зграшыў? Урымсціся: ад цябе залежыць ці адвярнуцца ад яго, ты над ім будзеш панаваць1”.
І казаў Каін Авелю, брату свайму. І як яны былі на полю, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго.
І звярнуўся Ка́ін да А́беля, брата свайго: “Пойдзем на поле”. І сталася, калі былі яны на полі, паўстаў Ка́ін на А́беля, брата свайго, і забіў яго.
І сказаў СПАДАР Каіну: «Ідзе Авель, брат твой?» Ён адказаў: «Ня ведаю, ціж я вартаўнік брата свайго?»
Спытаўся Бог Ка́іна: “Дзе А́бель, твой брат?” Ён жа адказаў: “Не ведаю. Ці я вартаўнік брату свайму?”
І сказаў: «Што ты зрабіў? голас крыві брата твайго гукае да Мяне ізь зямлі.
І сказаў Бог: “Што ты зрабіў? Покліч крыві брата твайго вырываецца да Мяне ад зямлі.2
Дык цяпер пракляты ты ад зямлі, каторая адчыніла рот свой прыняць кроў брата твайго з рукі твае.
Будзеш праз гэта пракляты ты зямлёю, што расчыніла вусны свае, каб прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй.
Як ты будзеш рабіць зямлю, яна ня будзе далей даваць сілы свае табе; ты будзеш выгнаньнікам а валацугаю на зямлі».
Калі будзеш абрабляць зямлю, не прыбавіць сілы сваёй табе. Стагнаць і трымцець будзеш на зямлі”.
І сказаў Каін СПАДАРУ: «Большая кара за бяспраўе, чымся можна вытрываць.
І звярнуўся Ка́ін да Госпада: “Вельмі вялікая правіна мая, каб дараваць мне.
Вось, выгнаў Ты мяне сядні зь віду зямлі, і ад віду Твайго схаваюся, і буду выгнаньнікам а валацугаю на зямлі; і будзе: кажны, хто знойдзе мяне, заб’ець мяне».
Калі адрынаеш мяне цяпер ад зямлі і буду змушаны схавацца ад аблічча Твайго — буду стагнаць і трымцець на зямлі, і станецца, кожны, хто сустрэне мяне, мяне заб’е”.
І сказаў яму СПАДАР: «За гэта кажнаму, хто заб’ець Каіна, сем разоў памсьціцца». І пазначыў СПАДАР Каіна знакам, каб не забіў яго кажны, хто знойдзе яго.
І сказаў яму Госпад Бог: “Не так. Кожны, хто заб’е Ка́іна, сямікроць будзе адпомшчаны”. І паклаў Госпад Бог адзнаку на Ка́іна, каб не забіў яго кожны, хто сустрэне яго.
І пайшоў Каін ад віду СПАДАРОВАГА; і асяліўся ў зямлі туляньня, на ўсход ад Едэну.
Адхінуўся ж Ка́ін ад Божага аблічча і пасяліўся на зямлі Наі́дскай па-за Эдэ́мам.
І пазнаў Каін жонку сваю, і яна зацяжарыла і нарадзіла Гэноха. І збудаваў ён места; і назваў места імям сына свайго: Гэнох.
І спазнаў Ка́ін жонку сваю, і зацяжараўшы, нарадзіла Эно́ха. І спарудзіў места, і назваў места імем сына свайго Эно́х.
У Гэноха нарадзіўся Ірад; Ірад нарадзіў Мегіяеля; Мегіяель нарадзіў Мефусала; Мефусал нарадзіў Ламеха.
Нарадзіўся ж Эно́ху Геда́д, і Геда́д нарадзіў Меэ́ля, Меэ́ль нарадзіў Матуса́лу, Матуса́ла нарадзіў Ла́меха.
І ўзяў сабе Ламех дзьве жонкі; імя аднае: Ада, і імя другое: Цыла.
І ўзяў сабе Ла́мех дзве жонкі, імя адной А́да, а імя другой Се́ла.
І Ада нарадзіла Явала: ён быў ацец жывучых у буданох і меў стады.
І нарадзіла А́да Яве́ля: гэты быў бацькам тых, хто жыве ў намётах пастухоў.
І імя брата ягонага Ювал: ён быў ацец усіх дзяржачых гарпы а жалейкі.
А імя яго брата Юба́л, той быў вынаходнікам псалтыры3 і кіта́ры.4
І Цыла таксама нарадзіла Тувалкаіна, каторы быў рамесьнік усялякае снадзі зь медзі а зялеза. І сястра Тувалкаінава Ноема.
Се́ла ж нарадзіла Табе́ля, і быў малатабойцам, кавалём медзі і жалеза. Сястра ж Табе́ля — Наэ́ма.
І сказаў Ламех жонкам сваім: «Ада а Цыла! слухайце голасу майго, жонкі Ламехавы! прыслухайцеся да мовы мае; бо я чалавека забіў сабе на рану і дзяцё сабе на шрам.
Сказаў Ла́мех сваім жонкам: “А́да і Се́ла, пачуйце голас мой, жонкі Ла́меха, прыслухайцеся да словаў маіх: Забіў бы чалавека, калі б той пакалечыў бы мяне, і юнака, калі б той мяне знявечыў бы.
Калі сем разоў памсьціцца за Каіна, дык за Ламеха семдзясят і сем разоў».
Бо калі сямікроць адпомсціцца за Ка́іна, то за Ла́меха семдзесят сем разоў5”.
І пазнаў Адам яшчэ жонку сваю, і яна нарадзіла сына і назвала яго Сыф; бо «Бог прызначыў імне іншае патомства замест Авеля, бо забіў яго Каін».
Спазнаў жа Ада́м Э́ву, жонку сваю, і зацяжараўшы, нарадзіла сына. Назвала яго імем Сэт, кажучы: бо ўзнавіў мне Бог іншае семя замест А́беля, якога забіў Ка́ін.
У Сыфа таксама нарадзіўся сын, і ён назваў імя яго: Енос; тады пачалі гукаць у імя СПАДАРОВА.
І Сэ́ту нарадзіўся сын. Назваў жа яго імем Эно́с. Пачаў жа той заклікаць імя Госпада Бога.6