2 царстваў 16 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша
Як Давід крыху зышоў зь верху гары, і вось, Цыва, слуга Мефівошэфаў, наўпярэймы яму, з параю накладзеных аслоў, на іх жа дзьвесьце букаткаў хлеба, сто зьвязкаў разынкаў, сто зьвязкаў фіґаў і скураны мех ізь віном.
І сказаў кароль Цыве: «Што гэта ў цябе?» І адказаў Цыва: «Аслы дому каралеўскаму езьдзіць, хлеб а садавіна на ежу дзяцюком, а віно піць аслабелым на пустыні».
І сказаў кароль: «А йдзе сын спадара твайго?» І адказаў Цыва каралю: «Вось, ён застаўся ў Ерузаліме, бо казаў: "Цяпер дом Ізраеляў зьверне імне каралеўства айца майго"».
І сказаў Цыве: «Вось, табе ўсе, што ў Мефівошэфа». І адказаў Цыва, пакланіўшыся: «Няхай знайду ласку ў ваччу спадара майго караля!»
І прышоў кароль Давід да Багурыму, і вось, вышаў стуль чалавек з роду дому Саўлавага, наймя Шымей Ґеранок; ён, ішоўшы, ішоў і кляў,
І пушчаў каменьням на Давіда а на ўсіх слугаў караля Давіда; усі ж людзі а ўсі харобрыя былі з правага й зь левага боку.
Гэтак гукаў Шымей, клінучы яго: «Адыходзь, адыходзь, мужу крыві і мужу Веляла!
СПАДАР абярнуў на цябе ўсю кроў дому Саўлавага, замест каторага ты загаспадарстваваў, і аддаў СПАДАР каралеўства ў рукі Аўсалома, сына твайго; і вось, ты ў бядзе, бо ты муж крыві».
І сказаў каралю Авішай Цэруёнак: «Чаму клінець гэты здохлы сабака спадара майго, караля? перайду я й здыйму яму галаву».
І сказаў кароль: «Што імне й вам, Цэруёнкі? хай так клінець, бо так СПАДАР расказаў яму клясьці Давіда. Хто ж можа сказаць: "Чаму ты так робіш?"»
І сказаў Давід Авішаю а ўсім служцом сваім: «Вось, калі сын мой, каторы вышаў з нутра майго, шукае душы мае, дык пагатове цяпер Венямінавец; пакіньце яго, хай клінець; бо СПАДАР казаў яму.
Можа СПАДАР гляне на паніжэньне Мае і зьверне СПАДАР імне дабром за сядняшнюю кляцьбу ягоную».
І йшоў Давід а людзі ягоныя дарогаю, а Шымэй ішоў бокам гары супроці яго, ішоў, і кляў, і пушчаў каменьням у бок яго, і пыліў пылам.
І прышоў кароль а ўвесь люд, быты зь ім, стамаваўшыся, і аддыхнулі там.
Аўсалом жа а ўвесь люд Ізраельскі прышлі да Ерузаліму, і Агітофэл ізь ім.
І было, як прышоў Гушай Архіцянін, прыяцель Давідаў, да Аўсалома, то сказаў Гушай Аўсалому: «Хай жывець кароль, хай жывець кароль!»
І сказаў Аўсалом Гушаю: «Гэткая дабрыня твая да прыяцеля твайго! чаму ты не пайшоў із прыяцелям сваім?»
І сказаў Гушай Аўсалому: «Не, каго абраў СПАДАР а гэты люд а ўвесь люд Ізраельскі, з тым і я, і зь ім застануся.
А, другое, каму я буду служыць? Ці ня сыну ягонаму? Як служыў я айцу твайму, так буду служыць і табе».
І сказаў Аўсалом Агітофэлу: «Дайце раду, што нам рабіць».
І сказаў Агітофэл Аўсалому: «Увыйдзі да мамошак айца свайго, каторых ён пакінуў сьцерагчы дом свой; і пачуюць усі Ізраяляне, што ты стаў непахнючым айцу свайму, і ўмацуюцца рукі ўсіх, каторыя з табою».
І разапнулі Аўсалому будан на страсе, і ўвыйшоў Аўсалом да мамошак айца свайго перад ачмі ўсяго Ізраеля.
Рады ж Агітофэлавы, каторыя ён даваў, у тым часе ўважалі, як калі б хто пытаўся слова ў Бога. Гэткая была кажная рада Агітофэлава як Давіду, так і Аўсалому.