Псалтыр 107 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша
Дзякуйце СПАДАРУ, бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае!
Няхай кажуць адкупленыя СПАДАРОМ, каторых Ён адкупіў з рукі ўцісканьніка,
І ізь земляў зьбер іх, з усходу і із захаду, з поўначы й з паўдня.
Яны падарожжавалі на пустыні пустыннаю дарогаю, не знаходзілі места жыць;
Галодныя а ўсьмяглыя, душа іхная млела ў іх.
І загукалі да СПАДАРА ў немарасьці сваёй, з гароты іхнае ратаваў іх,
І павёў іх простаю дарогаю, каб прышлі да места асяленьня.
Хваліце СПАДАРА за ласку Ягоную і за чудосы Ягоныя сыном людзкім!
Бо Ён досыць чыне жадаючай душы і галодную душу напаўняе дабром,
Такіх, што сядзяць у цемні і ў сьмяротным сьценю, скаваныя бядою а зялезам;
Бо яны збунтаваліся супроці слоў Божых і ўлегцы замелі раду Навышняга,
Затым Ён скарыў нямернаю працаю сэрца іхнае; спатыкнуліся й ня было памачніка.
І загукалі да СПАДАРА ў немарасьці сваёй, з гароты іхнае выбавіў іх,
Вывеў іх ізь цемні й сьмяротнага сьценю і разарваў вязі іхныя.
Хваліце СПАДАРА за ласку Ягоную й за чудосы Ягоныя сыном людзкім!
Бо Ён паламіў брамы бранзовыя і пасек завалы зялезныя.
Дурныя бедавалі з прычыны выступу свайго і з прычыны бяспраўяў сваіх;
Усякае ежы брыдзілася душа іхная, і яны дайшлі да брамаў сьмерці.
І загукалі да СПАДАРА ў немарасьці сваёй, з гароты іхнае выбавіў іх;
Паслаў слова Свае, і вылячыў іх, і вывальніў ад зьнішчэньня іхнага.
Хваліце СПАДАРА за ласку Ягоную і за чудосы Ягоныя сыном людзкім!
І няхай абракаюць аброкі падзякі і абяшчаюць справы Ягоныя зь пяцьцём.
Каторыя плаваюць па мору ў караблёх, маюць заняткі на вялікіх водах,
Тыя бачаць учынкі СПАДАРОВЫ й чудосы Ягоныя ў глыбіні;
І раскажа Ён, і ўзьнімаецца бура, каторая падыйме хвалі яго;
Узьнімаюцца да нябёс, спушчаюцца да бяздоньняў; душа іх млее ў бядзе;
Яны круцяцца, хістаюцца, як п’яны; уся мудрасьць у іх гіне.
І загукалі да СПАДАРА ў немарасьці сваёй, і з гароты іхнае вывеў іх;
Ён зьмяніў буру ў цішыню, і змоўклі хвалі;
І цешыліся, бо супакоіліся, і прывёў іх да жаданага порту.
Хваліце СПАДАРА за ласку Ягоную і за чудосы Ягоныя сыном людзкім!
Няхай узьвялічаюць Яго ў збору люду і на пасядзеньню старцоў хай хваляць яго.
Ён абарачае рэкі ў пустыню й жаролы водаў — у бязводны край,
Уродлівую зямлю — у салоную, за нягоднасьць жывучых на ёй.
Ён абарачае пустыню ў вазёры водаў і сухую зямлю — у жаролы водаў,
І селе там галодных, каб яны прыгатавалі месца на асяленьне;
І засяюць полі, і садзяць вінішчы, каторыя даюць урод жніва.
І Ён дабраславе іх, і яны вельмі множацца, і статку іхнага ня менее.
Ізноў іх паменела, і ўгнуліся ад злога ўціску а смутку.
Ён ільлець грэбаваньне на князёў і прычыняе, што яны блудзяць на пустыні, ідзе няма дарогі.
Ён падыймае беднага зь немарасьці і множа радзімы, як стаду.
Бачаць справядлівыя й цешацца, а ўсякае бяспраўе зачыняе рот свой.
Хто мудры, тый зацяме гэта, і зразумее ласкі СПАДАРОВЫ.