Псалтыр 148 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша
Галілуя! Хваліце СПАДАРА зь нябёсаў, хваліце Яго на вышынях.
Хваліце Яго, усі ангілаве Ягоныя; хваліце Яго, усі войскі Ягоныя;
Хваліце Яго, сонца й месяц; хваліце Яго, усі ясныя гвезды;
Хваліце Яго, нябёсы нябёс і воды, што над нябёсамі.
Хай хваляць імя СПАДАРОВА, бо Ён расказаў, і стварыліся яны;
Ён устанавіў іх на векі а векі; даў права, ад каторага яны не адступяць.
Хваліце СПАДАРА ізь зямлі, морскія дзіўствы і ўсі глыбіні,
Цяпло й град, сьнег і туман, буйны вецер, выпаўняючы слова Ягонае,
Горы а ўзгоркі, пладовыя дзервы і ўсі кедры,
Дзікія зьвяры й увесь статак, паўзуны й птушкі крылатыя,
Каралёве земныя і ўсі люды, князі і ўсі судзьдзі земныя,
Дзяцюкі й таксама дзяўчаты, старыя з малцамі.
Хай хваляць імя СПАДАРОВА, бо ўзьнята імя Ягонае адзінае, вялічча Ягонае на зямлі й на небе.
Ён узвышыў рог люду Свайго, хвалу ўсіх дабрачэсьлівых Сваіх, сыноў Ізраельскіх, люду блізкога Сабе. Галілуя!