Псалтыр 51 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Кіраўніку хору. Псальма Давідава,
 

Як Нафан прарока прыходзіў да яго, просьле тога, як ён увыйшоў да Бат-Шэвы.
 

Зьмілуйся над імною, Божа, подле ласкі Свае; подле множасьці міласэрдзя Свайго затры выступы мае.
 

Шмат разоў абмый мяне з бяспраўя майго і з грэху майго ачысьці мяне.
 

Бо выступ свой я ведаю, і мой грэх кажначасна перад імною.
 

Табе, Табе аднаму я ізграшыў і благое ў ваччу Тваім зрабіў, так што Ты справядлівы ў слове Сваім і беззаганны ў судзе Сваім.
 

Вось, у бяспраўю я створаны, у грэсе зачала мяне маці мая.
 

Вось, Ты жадаеш праўды ў нутру і схаваную мудрасьць аб’явіў імне.
 

Разграшы мяне гізопам, і буду чысты; абмый мяне, і буду бельшы за сьнег.
 

Дай імне пачуць радасьць а весялосьць, няхай ушчоляць косьці, Табою пакрышаныя.
 

Схавай від Свой ад грахоў маіх і ўсі бяспраўі мае затры.
 

Сэрца чыстае ствары ў імне, Божа, і дух шчыры аднаві ў імне.
 

Не адкінь мяне ад відзеньня Свайго й Духа Сьвятога Свайго не адбірай ад мяне.
 

Зьвярні імне радасьць спасеньня Свайго й духам ахвотным паддзяржы мяне.
 

Буду вучыць выступнікаў дарогаў Тваіх, і грэшнікі да Цябе будуць наварачацца.
 

Вывальні мяне ад крыві, о Божа, Божа спасеньня майго, і пяяць будзе язык мой справядлівасьць Тваю.
 

Адчыні вусны мае, Спадару, і мой рот выкажа хвалу Тваю.
 

Бо Ты ня хочаш аброку; я аброк бы ўсепаленьне, Табе ня будзе прыемна.
 

Аброкі Богу — дух зломлены, сэрцам зломленым а пакрышаным Бог не пагрэбуе.
 

Добра ўчыні Сыёну подле зычаньня Свайго, пабудуй сьцены Ерузаліму;
 

Тады Ты захочаш аброкаў справядлівасьці, усепаленьня а цэлых аброкаў; тады ўзьнясуць цяляты на аброчнік Твой.