Выхад 17 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І кранулася ўся грамада сыноў Ізраелявых із пустыні Цын у падарожжы свае, подле слова СПАДАРОВАГА; і разьлягліся табарам у Рэфідыме, і няма вады люду піць.
 

І вадзіўся люд із Масеям, і казалі: «Дайце нам вады піць». І сказаў ім Масей: «Што вы вадзіцеся з імною? Што спакушаеце СПАДАРА?»
 

І сьмяг там люд вады, і наракаў народ на Масея, і сказаў: «На што ты вывеў нас ізь Ягіпту? умарыць смагаю мяне, і сыноў маіх, і чароды мае?»
 

І гукаў Мясей да СПАДАРА, кажучы: «Што імне рабіць із народам гэтым? Яшчэ крыху, і ўкамянуюць мяне».
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Прайдзі перад людам, і вазьмі із сабою із старцоў Ізраельскіх, і посах свой, каторым ты выцяў раку, вазьмі ў руку сваю, і пайдзі;
 

Вось, я стану перад табою там на скале ў Горыве, і ты вытнеш у скалу, выйдзе вада зь яе, і будзе піць люд». І зрабіў так Масей на ачох старцоў Ізраельскіх.
 

І назваў імя месца таго Масса а Мерыва, з прычыны вады сыноў Ізраельскіх і затым, што яны спакушалі СПАДАРА, кажучы: «Ці ё СПАДАР сярод нас, ці няма?»
 

І прышоў Амалік, і ваяваў із Ізраелцамі ў Рэфідыме.
 

І сказаў Масей Ігошуі: «Выбяры нам мужоў і йдзі ваюй із Амалікам; заўтра я стану на версе ўзгорку, і посах Божы ў руццэ маёй».
 

І зрабіў Ігошуа, як сказаў яму Масей, каб біцца з Амаліком; а Масей, Аарон а Гур узышлі на верх узгорку.
 

І было, што як Масей падымаў руку сваю, дык перамагаў Ізраель; а як апушчаў руку сваю, дык перамагаў Амалік.
 

Але рукі Масеявы млелі; і ўзялі камень, і падлажылі пад яго; і ён сеў на ім. Аарон жа а Гур падпіралі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а адзін із другога боку. І рукі ягоныя былі кажначасныя аж да заходу сонца.
 

І скволіў Ігошуа Амаліка а люд ягоны лязом мяча.
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Упішы гэта на памятку ў кнігу, і ўлажы ў вушы Ігошуі, што Я чыста затру памятку Амаліка з пад нябёсаў».
 

І збудаваў Масей аброчнік, І назваў імя яго: Егова Ніссы (СПАДАР сьцяг мой).
 

Бо сказаў ён: «Рука на пасадзе ЯГ: вайна ў СПАДАРА супроці Амаліка ад роду ў род».