Дзеі 13 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша
Былі ж ув Антыёсе ў тамашняй царкве прарокі а вучыцелі: Варнава а Сымон, званы Чорным, а Луц Кірынеянін а Манайна, сугадунец Гірада чацьвертніка, а Саўла.
І як яны служылі Спадару а поставалі, Дух Сьвяты сказаў: «Выдзяліце Імне Варнаву а Саўлу да працы, да каторае Я пагукаў іх».
Тады яны поставалі а маліліся і, узлажыўшы на іх рукі, адпусьцілі іх.
Яны ж, будучы пасланыя Духам Сьвятым, зышлі да Сэлеўкі, а стуль паплылі на Кіпру;
І, быўшы ў Саляміне, абяшчалі слова Божае ў бажніцах жыдоўскіх; і мелі із сабою Яана за паслугачага.
І, прайшоўшы ўвесь абток аж да Пафу, знайшлі якогась чараўніка, хвальшывага прароку, Жыда, імям Варісус,
Што быў з проконсулам Сяргеям Паўлам, мужам асьвячоным. Гэты, пагукаўшы Варнаву а Паўлу, зычыў пачуць слова Божае.
Але працівіўся ім чараўнік Еліма (бо гэткае імя ягонае ў перакладзе), сілаваўся адвярнуць проконсула ад веры.
Але Саўла, каторы таксама Паўла, напоўнены Духам Сьвятым, узорыўшыся ў яго, сказаў:
«О поўны ўсялякае ашукі а ўсялякага падходу, сын нячысьціка, непрыяцель усялякае справядлівасьці! ці не перастанеш ты крывіць простыя сьцежкі Спадаровы?
І цяпер во рука Спадарова на табе, і ты будзеш нявісны, не абачыш сонца да пары». І якга паў на яго туман а цемнь, і ён, хістаючыся, шукаў павадыроў, што павялі б яго за руку.
Тады проконсул, абачыўшы сталае, уверыў, зумяваючыся з навукі Спадаровае.
І, адплыўшы з Пафу, Паўла а бытыя зь ім прыбылі да Перґі ў Памфілі; але Яан адлучыўся ад іх і зьвярнуўся да Ерузаліму.
Яны ж, праходзячы ад Перґі, прыбылі да Антыёхі Пісыдзкае і, увыйшоўшы да бажніцы ў сыботні дзень, селі.
Па чытаньню Закону а прарокаў, начэльнікі бажніцы паслалі да іх, кажучы: «Мужы браты, калі вы маеце якое слова дамяненьня люду, кажыце».
Тады Паўла, устаўшы й даўшы знак рукою, сказаў: «Мужы Ізраеляне і ўсі, што баіцеся Бога, слухайце!
Бог люду гэтага Ізраельскага абраў айцоў нашых і павышыў люд гэты ў быцьцю іх у зямлі Ягіпецкай, і высокім плячом вывеў іх ізь яе,
І каля Сараку год часу цярпеў іх на пустыні.
І, выгубіўшы сем народаў у зямлі Канаанскай, даў зямлю іхную ім на спадак на працягу каля чатырыста а пяцьдзясят год.
І даваў ім судзьдзяў аж да прарокі Самуйлы.
І тады прасілі караля, і Бог даў ім Саўлу Кісянка, мужа з плямені Веняміновага, на сорак год.
І, аддаліўшы яго, узьняў ім Давіда за караля, катораму, даючы сьветчаньне, сказаў: "Я знайшоў Давіда Есянка, мужа подле сэрца Свайго, каторы будзе чыніць волю Маю".
З насеньня гэтага чалавека Бог, подле абятніцы, прывёў Ізраелю Спаса Ісуса.
Перад Яго прыходам Яан абяшчаў хрэст каяты ўсяму люду Ізраельскаму.
А як Яан канчаў дзеяльнасьць сваю, ён сказаў: «За каго маеце мяне? Я ня тый, але вось, Ён ідзець за імною, Катораму я ня гожы разьвязаць вобую з ног Ягоных».
Мужы браты, сынове люду Абрагамовага, і багабойлівыя з памеж вас! нам слова спасеньня гэтага было паслана.
Бо жыхары Ерузаліму й начэльнікі іхныя, не пазнаўшы Яго й засудзіўшы, выпаўнілі гукі прароцкія, чытаныя кажную сыботу.
І, не знайшоўшы прычыны сьмерці, прасілі Пілата зьнішчыць Яго.
А як споўнілі ўсе напісанае празь Яго, зьнялі Яго зь дзерва й паклалі да гробу.
Але Бог ускрысіў Яго зь мертвых.
Ён зьяўляўся шмат дзён тым, што прышлі зь Ім із Ґалілеі да Ерузаліму, каторыя цяпер сьветкі Ягоныя да люду.
І мы абяшчаем вам дабравесьць, што абятніцу, учыненую айцом,
Бог выпаўніў нам, дзяцём іхным, ускрысіўшы Ісуса, як і напісана ў другім псальме: "Ты Сын Мой, сядні Я нарадзіў Цябе".
А што ўскрысіў Яго зь мертвых, каб ужо не зьвярнуўся да раскладу, дык кажа гэтак: "Я дам вам сьвятыя а верныя дабраславенствы Давідавы".
Затым кажа таксама ў іншым псальме: "Ты не дазволіш Сьвятому Свайму бачыць раскладу".
Бо Запраўды Давід у сваім веку, паслужыўшы подле волі Божае, заснуў, і даданы да айцоў сваіх, і бачыў расклад.
А Тый, Каторага Бог ускрысіў, не абачыў раскладу.
Дык няхай будзе ведама вам, мужы браты, што перазь Яго абяшчаецца вам дараваньне грахоў;
І ў вусім, у чым вы не маглі аправіцца Законам Масеявым, правіцца Ім кажны вернік.
Дык глядзіце, каб ня прышло на вас сказанае ў прарокаў:
"Глядзіце, грэбаваньнікі, і падзівуйцеся й загіньце; бо Я раблю работу за вашых дзён, работу, якой вы ніяк не паверылі б, калі б хто павядаў вам празь яе"».
А як выходзілі, прасілі казаць ім тыя словы ў наступную сыботу.
І як збор бажніцы быў распушчаны, шмат хто із Жыдоў а з набожных нававернікаў пайшлі за Паўлам а Варнаваю, каторыя, гукаючы да іх, пераконавалі іх трываць у ласцы Божай.
А ў наступную сыботу блізу ўсе места зьберлася слухаць слова Божае.
Але Жыды, абачыўшы гурбы, напоўніліся завідасьцяй і перачылі таму, што сказаў Паўла, працівячыся й блявузґаючы.
Паўла ж а Варнава гукалі адважна й сказалі: «Надабе было, каб слова Божае перш вам было казана; але ад часу як вы адпіхаеце яго ад сябе і ўважаеце самы сябе за нягожых вечнага жыцьця, вось, мы зварачаемся да паганаў;
Бо так Спадар расказаў нам: "Я пастанавіў Цябе за сьветла паганам, каб Ты быў на спасеньне да канца зямлі"».
І пагане, слухаючы гэта, цешыліся а ўслаўлялі слова Спадарова, і ўверыла іх толькі, колькі было наканавана да жыцьця вечнага.
І слова Спадарова шырылася па ўсім краю.
Але Жыды падвучылі набожныя выдатныя жанкі і першых места, і ўзьнялі перасьледаваньне на Паўлу а Варнаву, і выгналі іх із граніцаў сваіх.
Яны ж, атрусіўшы на іх пыл із ног сваіх, пайшлі да Іконі.
Вучанікі ж напоўніліся радасьцяй а Духам Сьвятым.