Якава 5 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша
Паслухайце цяпер вы, багатыя: плачча а зохайце над злыбедамі сваімі, што на вас прыходзяць.
Багацьце вашае згніло, і адзецьці вашы зьедзены мольлю.
Золата ваша а срэбра ваша зьедзена, і іржа іх будзе сьветчыць на вас і ізьесьць целы вашы, як агонь: вы зьберлі сабе скарбы на апошнія дні.
Вось, плата работнікаў вашых, што зжалі поле вашае, задзяржаная вамі, гукае, і гуканьні тых жнеяў увыйшлі ў вушы Спадара войскаў.
Вы жылі раскошна на зямлі і буяна; укармілі сэрцы свае, бы на дзень зарэзу.
Вы засудзілі, забілі справядлівага; ён не працівіўся вам.
Дык, браты, майце цярплівосьць да прыходу Спадаровага. Вось, ралейнік чакае дарагога плоду ізь зямлі, маючы цярплівосьць, пакуль яна прыйме дождж раньні й позны.
Майце цярплівосьць і вы, умацуйце сэрцы свае, бо прыход Спадароў блізкі.
Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб ня быць засуджанымі: вось Судзьдзя стаіць ля дзьвярэй.
Бярыце прыклад, браты, зь цярпеньня а цярплівосьці прарокаў, што гукалі ў імя Спадарова.
Вось, мы маем за дабраславёных тых, што трывалі. Вы чулі праз трываньне Ёвава і бачылі канец ягоны ад Спадара, бо Спадар вельма міласэрны а спагадлівы.
Але наўперад, браты мае, не прысягайце ані небам, ані зямлёю, ані якой іншай прысягаю, але няхай будзе ў вас «Але, але» і «Не, не», каб не падпасьці пад суд.
Церпіць хто ліха з памеж вас? няхай моліцца; вясёлы хто? няхай пяець псальмы.
Хворы хто з памеж вас? няхай пагукае старшых Царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеям у імя Спадарова, —
І малітва веры ўздаровіць хворага, і Спадар падыйме яго; і, калі ён учыніў грахі, будуць дараваны яму.
Вызнавайце ж адны адным грахі свае і маліцеся адны за адных, каб вы былі ўздароўлены: вялікую мае сілу гарачая малітва справядлівага.
Ільля быў чалавек падобны жарсьцьмі да нас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня было дажджу на зямлі тры гады і шэсьць месяцаў;
І ўзноў памаліўся: і неба дало дождж, і зямля вырасьціла плод свой.
Браты мае, калі хто з вас блудзе ад праўды, і навярнуў яго хто,
Ведай, што тый, хто навярнуў грэшніка з абмыльнае дарогі ягонае, спасець душу ад сьмерці і пакрые множасьць грахоў.