Да Галятаў 2 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Потым, за чатырнанцаць год, я ізноў хадзіў да Ерузаліму з Варнаваю, узяўшы із сабою й Ціта.
 

Узышоў жа подле аб’яўленьня і пакладаў перад імі Евангелю, каторую я абяшчаю меж народаў, але асобна выдатным, каб можа дарма ня бегаць цяпер і ўперад.
 

Але й Ціт, што, будучы Грэкам, быў з імною, ня быў прысілены абразацца.
 

І дзеля хвальшывых братоў, што былі прыведзены патай, каторыя цікавалі, каб падгледзіць свабоду нашу, каторую маем у Хрысту Ісусу, каб паняволіць нас,
 

Мы ані на гадзіну ня ўступілі і не паддаліся, каб праўда Евангелі заставалася ў вас.
 

І ў значных чымсь, чым-колечы яны ня былі б, імне няма нічога асаблівага: Бог не глядзіць на асобу людзіны. І значныя імне нічога не дадалі;
 

Але наадварот, бачачы, што Дабравесьць неабразаным была даверана імне, як Пётру абразаным, —
 

Бо Тый, што дзеяў у Пётру дзеля апосталства ў вабрэзаных, дзеяў таксама ў імне ўзглядам паган, —
 

І ведаючы ласку, даную імне, Якаў а Кіфа а Яан, каторых мелі за стаўпоў, далі імне а Варнаве правіцу ўзаем’я, каб мы йшлі да паган, а яны да абразаньня,
 

Адно, каб мы памятавалі бедных, што я жадаў рабіць.
 

Як жа Пётра прышоў да Антыёхі, дык я аблічна спрацівіўся яму, бо ён годзен быў ганеньня.
 

Бо, да прыбыцьця некатрых ад Якава, еў з тымі з народаў, а як яны прышлі, ён адсунуўся а аддзяліўся, баючыся абразаньня.
 

І зь ім засталыя із Жыдоў прыдаваліся, ажно Варнава паддаўся іх двудушнасьці.
 

Але як я абачыў, што яны ня проста ходзяць подле праўды Евангелі, я сказаў Пётру перад усімі: «Калі ты, будучы Жыдам, жывеш, як няжыд, а не як Жыды, дык чаму сіліш няжыдоў да Юдаізмы?»
 

Мы з прыроды Жыды, а ня грэшнікі з народаў;
 

Але, ведаючы, што людзіна правіцца ня ўчынкамі Закону, але вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверылі ў Хрыста Ісуса, каб аправіцца вераю ў Хрыста, а ня ўчынкамі Закону; бо ўчынкамі Закону ніякае цела не аправіцца.
 

Калі ж, шукаючы апраўленьня ў Хрысту, мы й самы аказаліся грэшнікамі, — дык нягож Хрыстос слуга грэху? Няхай ня станецца так!
 

Бо калі я ізноў станаўлю, што абурыў, дык сам сябе раблю выступнікам.
 

Законам я памер дзеля Закону, каб жыць дзеля Бога.
 

Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ня жыву ўжо я, але Хрыстос жывець у імне. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, што ўлюбіў мяне і аддаў Сябе Самога за мяне.
 

Не адхінаю ласкі Божае; а калі справядлівасьць Законам, дык Хрыстос памер дарма.