1 царстваў 13 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Мінуў год гаспадарстваваньня Саўлы ў Ізраелю. І як ён гаспадарстваваў два гады ў Ізраелю,
 

То абраў Саўла сабе тры тысячы з Ізраелцаў. І былі із Саўлам дзьве тысячы ў Міхмашу а на гары Бэтэльскай, тысяча ж была зь Ёнафаном у Ґівеі Веняміновай; а засталы люд адпусьціў, кажнага да будану свайго.
 

І разьбіў Ёнафан старожу Пілісцкую, каторая ў Ґівеі; і пачулі Пілішчане, а Саўла затрубіў у трубу па ўсёй зямлі, кажучы: «Няхай пачуюць Гэбрэі!»
 

І ўвесь Ізраель пачуў, кажучы: «Разьбіў Саўла старожу Пілісцкую, і таксама зрабіў Ізраеля непахнючым Пілішчанам», і згуканы быў люд ісьці за Саўлам да Ґілґалу.
 

А Пілішчане зьберліся ваяваць із Ізраелям: трыццаць тысячаў цялежкаў, і шэсьць тысячаў коньнікаў, і люду множасьць, як пяску на беразе мора; і зышлі, і разьлягліся табарам у Міхмашу, з усходняга боку Веф-Авену.
 

І бачылі мужы Ізраельскія, што цесна яму, бо люд быў зьнемарашчаны, і пахаваўся люд у пячорах а ў гушчарох а ў скалах а ў вежах а ў ямах.
 

А некатрыя з Гэбрэяў перайшлі за Ёрдан, да краю Ґадовага а Ґілеадзкага; Саўла ж быў яшча ў Ґілґале, і ўвесь люд дрыжэў, ідучы за ім.
 

І ждаў ён сем дзён да року Самуйлавага, і ня прышоў Самуйла да Ґілґалу; і люд рассыпаўся ад яго.
 

І сказаў Саўла: «Дабліжча да мяне ўсепаленьне й супакойныя аброкі»; і аброк усепаленьне.
 

І было, як скончыў ён узносіць усепаленьне, дык вось, прышоў Самуйла; і вышаў Саўла яму наўпярэймы, каб дабраславіць яго.
 

І сказаў Самуйла: «Што ты зрабіў?» І сказаў Саўла: «Бо я бачыў, што рассыпаецца люд ад мяне, а ты ня прышоў на прызначаны час; Пілішчане ж зьберліся ў Міхмашу;
 

Тады сказаў я: "Цяпер зыйдуць Пілішчане на мяне да Ґілґалу, а я яшчэ не ўмаліў віду СПАДАРОВАГА"; і затым прысіліў сябе, і аброк усепеленьне».
 

І сказаў Самуйла Саўлу: «Дурна зрабіў ты, што ня споўніў расказаньня СПАДАРА, Бога свайго, што расказана было табе; бо цяпер утрываліў бы СПАДАР гаспадарстваваньне твае ў Ізраелю навекі.
 

Але цяперака гаспадарстваваньне твае ня вытрывае: СПАДАР шукаў Сабе мужа подле сэрца Свайго, і расказаў яму СПАДАР быць правадыром над людам ягоным, бо ты не дзяржаў таго, што расказаў табе СПАДАР».
 

І ўстаў Самуйла, і ўзышоў з Ґілґалу да Ґівеі Веняміновае; а Саўла палічыў людзёў, што былі зь ім, да шасьцьсот чалавекаў.
 

Саўла а Ёнафан, сын ягоны, а люд, што былі зь ім, перабывалі ў Ґівеі Веняміновай; Пілішчане ж стаялі табарам у Міхмашу.
 

І вышаў пустошаньнік із табару Пілісцкага — тры аддзелы: адзін аддзел зьвярнуў па дарозе да Офры, да зямлі Шуалу;
 

І адзін аддзел зьвярнуў па дарозе Вефгоронскай; і адзін аддзел зьвярнуў дарогаю граніцы, што зьвернена на даліну Цэвоім, на пустыню.
 

А каваля не знаходзілі ў вусёй зямлі Ізраельскай, бо, — гукалі Пілішчане, — каб Гэбрэі не зрабілі мяча альбо дзіды.
 

І зыходзілі ўсі Ізраелцы да Пілішчан істрыць свае нарогі а свае рыдлёўкі а свае сякіры а свае капачы.
 

І быў у іх напільнік да ляза нарогаў а рыдлёўкаў а трызубных грабляў а сякіраў а да паправы восьцяў.
 

І было ў дзень вайны, што не знайшоўся меч ані дзіда ў руццэ ўсяго люду, што быў із Саўлам а Ёнафаном, а знайшліся яны толькі ў Саўлы а Ёнафана, сына ягонага.
 

І вышла пярэдняе войска Пілісцкае на дарогу Міхмаскую.