1 да Карынфянаў 8 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

А што да таго бажком ахвяроўванага, то ведаем; бо-ж усе маем веду; хоць веда надымае, а любасьць будуе.
 
Што да ідалам складаных ахвяр (з мяса), мы ведаем, бо маем усякае веданьне. Але веданьне надзімае, а любоў будуе.

Каму здаваласяб, што ён нешта ведае, дык той яшчэ не знае, як ведаць яму трэба
 
Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, дык ён ня ведае, як трэба ведаць.

але як хто любіць Бога, таму дана ад Яго веда.
 
А калі хто любіць Бога, той ведамы Яму.

Восьжа датычна ахвяроўванага бажком мяса мы ведаем, што бажок гэта нікчомасьць на сьвеце ды што няма іншага, апрача Бога Адзінага.
 
Адносна спажываньня ідалам ахвяраванага (мяса) мы ведаем добра, што няма на сьвеце ніякіх ідалаў і ніводнага бога, апрача адзінага Бога.

А хоць і ёсьць гэтак званыя бажкі, ці-то ў небе, ці на зямлі (бо-ж многа багоў і многа паноў) —
 
А хоць і ёсьць у небе ці на зямлі так званыя багі, бо шмат такіх багоў і паноў

то для нас існуе толькі адзіны Бог Айцец, ад якога ўсё, а мы ад Яго; ды адзін Усеспадар Езус Хрыстус, празь якога сталася ўсё, і мы празь Яго.
 
але для нас існуе толькі адзін Бог Айцец, ад якога ўсё (мае пачатак), ды дзеля каторага мы (існуем), поруч адзін Госпад, Езус Хрыстос, праз якога ўсё (сталася) і праз каторага мы (жывём).

Але ня ўсе маюць гэткую сьведамасьць, некаторыя і дагэтуль з сумленнем бажкоў прызнаючым спажываюць ім ахвяраванае, ганьбячы гэтым немачнае сумленне.
 
Але ня ўсе маюць такое веданьне: некаторыя дасюль, прывыкшы да ідалаў, ядуць мяса як ахвяраванае ідалам, і так сваё кволае сумленьне паганяць.

Яда ня збліжае нас да Бога: бо анінам прыбывае што, як ямо, ані ня ўбывае, як не ямо.
 
А ежа не збліжае нас да Бога, бо не бяднеем, калі не ямо, і таксама, ядучы, нічога не набываем.

Аднакжа сьцеражэцеся, каб гэтая вашая свабода не сталася лдя слабых спакусаю.
 
Усё ж такі глядзіце, каб ваша свабода не сталася згаршэньнем для слабых (вераю).

Бо каліб хто ўбачыў асьвечанага за сталом у паганскай бажніцы, дык ціж слабкае сумленне ягонае ня хінецца такжа есьці балванаахвяры?
 
Бо, калі б хто ўбачыў таго, што мае веданьне пры ідалавым стале, ці ж сумленьне слабавернага чалавека не заахвоціцца таксама есьці ідалам ахвяраванае (мяса)?

І ад асьвячонасьці твае загіне твой брат, за якога памёр Хрыстус.
 
Такім чынам тваё веданьне спрычыніла б загубу брату, за каторага памёр Хрыстос!

Грэшачы так проці братвы, ранячы іх слабасьведамасьць, вы грэшыце і проці Хрыстуса.
 
А так грэшачы супраць братоў і б'ючы па сумленьні іх нядужым, грашыцё супраць Хрыста.

Дык калі яда надзіць майго брата, павек ня буду есьці мяса, каб не спакушаць брата майго.
 
Дык калі яда горшыць брата майго, ніколі ня буду есьці мяса, каб ня горшыць брата майго.