1 да Карынфянаў 9 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Ціж ня ёсьць я вольны? Ці я не Апостал? Ня відзеў Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага? Ды ціж ня мой мазоль вы ў Богу?
Ці я не свабодны? Ці я не апостал? Ці ж я ня бачыў Езуса, Госпада нашага? Ці ж не вы — дакон мой у Госпадзе?
Калі для іншых я не Апостал, то для вас аднак Апостал, вы бо доказ майго апостальства ў Богу.
Калі іншым я не апостал, вам я апостал; бо вы — пячатка майго апасталаванья ў Госпадзе.
Вось мая абарона перад тымі, што судзяць мяне:
Вось жа мая абарона перад тымі, што мяне асуджаюць.
няўжэ мы ня маем права есьці і піць?
Ці ж мы ня маем улады есьці і піць ?
Або мы ня маем права вясьці з сабою жанчыну, сястру, як і другія Апосталы й браты Усеспадаравы ды Кэфас?
Або ня маем улады браць з сабою жанчыну, сястру, падобна як гэта робяць іншыя апосталы, і браты Госпадавы, і Кефас!
Ці мо толькі мне і Барнабе ня можна не працаваць?
Ці толькі мне аднаму і Барнабе нельга не працаваць?
Хто калі ўласным коштам хадзіў у паход? Хто садзіць вінаграднік ды ня есьць пладоў яго? Або хто пасе статак ды ня жывіцца малаком статку?
Хто ж служыць у войску за свае ўласныя грошы? А бо хто садзіць вінаграднік і не есьць яго пладоў? Або хто пасе стада ды не карыстаецца малаком стада?
Ці толькі палюдзку гавару гэта? Ціж і Закон не кажа гэтага?
Ці толькі па-чалавечаму кажу я гэта? Ці ж не гаворыць пра гэта і Закон?
Дык-жа ў Законе Майжэша напісана: Не завязвай роту валу малоцячаму (Паўт Пр. 25:4) Ці тут аб валох турбуецца Бог?
Вось жа ў Законе Майсея напісана: "Не завязвай пыску малоцячаму валу". Ці пра валы толькі рупіцца Бог?
Ці канечне дзеля нас гэта гавора? Бо-ж дзеля нас напісана: араты павінен з надзеяй араць, а малацільнік — малаціць з надзеяй атрымання з умалоту спадзяванага.
Ці гэта не сказаў перад усім адносна нас? Так, дзеля нас напісана, што араты павінен з надзеяй араць, і малацьбіт малаціць з надзеяй атрымаць умалот.
Калі мы пасеялі ў вас духовае, дык штож вялікага, як пажнём у вас цялеснае?
Калі мы пасеялі ў вас духовае, што за дзіва, што маем удзел у жніве цялеснага?
Калі іншыя маюць у вас уладу, дык тым-болей чамуб ня мы? Аднак мы не карысталі з гэтага права, але цярпімо ўсё, каб ня спрычыніць якой перапоны Хрыстусавай Эванэліі.
Калі ж іншыя маюць удзел ва ўладзе над вамі, дык чаму тым больш ня мы? Аднак мы не карыстаемся гэтай уладай, але зносім усё, каб не прычыніць шкоды Эвангельлю Хрыстоваму.
Ціж няведаеце, што сьвятарачыя із сьвятыні жывяцца, а пры аўтары служачыя з аўтара частку маюць?
Ці ж ня ведаеце, што тыя, што займаюцца паслугай пры сьвятыні, харчуюцца са сьвятыні, а тыя, што паслугуюць пры аўтары, бяруць долю з аўтара?
Гэтак і Госпад загадаў тым, што Эванэлію абвяшчаюць, з Эванэліі і жыць.
Так і Госпад загадаў, каб тыя, што вясьцяць Эвангельле, з Эвангельля жылі.
Але я нічога не выкарыстваў з гэтага й напісаў вось гэта не натое, каб так са мною было; мне бо лягчэй умерці, чым каб хто ударэмніў славу маю.
Але я не карыстаўся гэтым правам, а напісаў гэтае не таму, каб мець нейкую карысьць для сябе. Бо мне лепш было памерці, чым дазволіць, каб хто пазбавіў мяне гэтай славы.
Бо абвяшчанне Эванэліі ня ёсьць мне прычынай славы, калі гэта зьяўляецца неабходнасьцю: гора мне, як Эванэліі не прапаведваўбы;
Бо калі я эвангелізую, няма мне славы; бо гэты абавязак ляжыць на мне. Бо гора мне, калі я не эвангелізую.
калі раблю гэта ўласнавольна, маю нагароду; каліж недабравольна, — выконваю толькі умоўленае паручэнне.
Калі я гэта раблю са сваёй волі, маю заплату; а калі я гэта раблю не па сваёй волі, дык спаўняю толькі даручаную мне паслугу.
Дык жа штож тады мне нагарода? За тое, што абвяшчаючы Эванэлію, падаю дабравесьць аб Хрыстусе дарма, ня выкарыстваючы права майго ў Эванэліі.
Дык якая мне ўзнагарода? Вось вяшчу Эвангельле без ніякай заплаты, не карыстаюся ўладаю, якую дае мне Эвангельле.
Будучы ад усіх вольным, я стаўся слугою ўсім, каб прыдбаць іх болей:
Бо будучы вольным ад усіх, стаўся я нявольнікам усім, каб тым больш іх здабыць.
для Юдэеў я стаўся як Юдэй, каб здабыць іх; для тых, што пад законам, я быў моў падзаконны — хоць пад законам ня быў — каб прыяднаць падзаконных;
Юдэям быў я як Юдэй, каб прыцягнуць Юдэяў; тым, што трымаюцца закону, стаўся слугою закону, хоць сам ня ёсьць пад законам, каб прыцягнуць спаганяючых закон;
для тых, што былі без закону — як беззаконны, (хоць ня быў бяз Божага Закону, але ў Законе Хрыстуса), каб прыцягнуць тых беззаконных.
тым, што ня маюць закону, быў як без закону, хоць сам не бяз Божага закону, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, што ня маюць закону.
Для немачных я быў моў немачны, каб здабыць і немачных. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб усіх збавіць.
Для кволых стаўся я кволым, каб пацягнуць кволых; стаўся ўсім для ўсіх, каб хоць некаторых збавіць.
А ўсё гэта раблю для Эванэліі, каб стацца ейным удзейнікам.
Усё гэта раблю я дзеля Эвангельля, каб быць ўдзельнікам яго.
Ціж ня ведаеце, што бягучыя на перагонках то ўсе бягуць, але нагароду дастае адзін? Дык бяжэцеж так, каб дастаць.
Няўжо вы ня ведаеце, што бегаючыя на стадыёне ўсе бягуць, аднак адзін атрымоўвае нагароду? Дык бяжыце так, каб атрымаць.
А кажны змагар ад усяго паўстрымоўваецца: яны, каб здабыць вянец нікчомы, а мы — нетлы.
Кожны, хто ідзе ў спаборніцтва, усяго сабе адмаўляе; яны — каб атрымаць вянец зьнішчальны, а мы — незнішчальны.
Таму вось я й бягу не як навосьлеп, вяду кулачны бой не як куксаючы толькі паветра,
Дык я бягу, не як насьлепа, б'юся ня так, як бы паветра б'ючы
але ўтаймоўваючы ды ўпаслушняю цела маё, каб навучаючы другіх, сам ня стаўся зганьбеным.
але ўтаймоўваю ды няволю сваё цела, каб часам, навучаючы другіх, сам ня стаўся няздатным.