Мацьвея 4 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2002
Тады Езус быў заведзены Духам у пустыню дзеля спакусы ад нячыстага.
А калі прапасціў сорак дзён ды сорак ночаў, потым пачуў голад.
І прыступіўшы спакуснік сказаў яму: Калі ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменні сталіся хлебам.
Ён-жа ў адказ сказаў яму: «Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, выходзячым з вуснаў Божых» (Пт. Пр. 8:3).
Тады ўзяў яго нячысты ў святы горад і паставіў яго на крыле святыні,
ды сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься ўніз; бо ёсьць напісана: «Што анёлам сваім загадаў аб табе і на руках панясуць цябе каб часам ня ўдарыў аб камень нагі свае» (Пс. 90:11−12).
Сказаў яму Езус: Такжа ёсьць напісана: « Не спакушай Бога Усеспадара твайго» (Пт. Пр. 6:16).
Ізноў бярэ яго нячысты на гару вельмі высокую й паказвае яму ўсе валадарствы свету і славу іхнюю
ды кажа яму: Дам табе ўсё гэта, калі ўпаўшы паклонішся мне.
Тады сказаў яму Езус: Адыйдзі, шатан! Напісана бо: «Усеспадару Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Пт. Пр. 6:13).
Тады пакінуў яго д’ябал — і вось анёлы прыступілі й служылі яму.
Дачуўшыся Езус, што Ян быў выданы, адыйшоў у Галілею
і, пакінуўшы места Назарэт, прыйшоў і асеў у Кафарнауме прыморскім, у граніцах Забулён і Нэфталім,
каб споўнілася сказанае прарокам Ізаіям (9:1−2):
«Зямля Забулён і зямля Нэфталім, дарога прыморская за Ярданам, паганская Галілея!
Народ, што сядзеў у цемры, ўгледзеў святло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, яснасьць зазьзяла».
З таго часу пачаў Езус абвяшчаць і казаць: пакутуйце, бо прыблізілася валадарства нябеснае.
А праходзячы каля мора Галілейскага, Езус убачыў двух братоў, Сымона, званага Пятром, і Андрэя брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі
і сказаў ім: Ідзеце за мною, а я зраблю вас рыбакамі людзей.
І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.
А йдучы адтуль далей, убачыў двух другіх братоў: Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, з іхнім бацькам, Зэбэдэем, у лодцы правячых свае сеці, і паклікаў іх.
А яны вoміг, пакінуўшы сеці й бацьку, пайшлі за ім.
І абходзіў Езус усю Галілею, навучаючы ў іхніх бажніцах і абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
І разыйшліся чуткі аб ім па ўсёй Сырыі і прыносілі да яго ўсіх нядужых, апанаваных рознымі хваробамі й прыпадкамі, і маючых нячыстых, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і аздараўляў іх.
І йшлі за ім вялікія грамады з Галілеі, і Дэкаполю, і з Ерузаліму, і з Юдэі, і з-за Ярдану.