Мацьвея 2 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Дык калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Гэрада, вось Мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерузалім
Калі ж нарадзіўся Ісус у Бэтлегэме Юдэйскім, у дні цара Ірада, вось прыбылі магі з усходу ў Ерузалім,
і кажуць: Дзе ёсьць што нарадзіўся кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку ягону на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца яму.
кажучы: «Дзе той цар Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку Яго на Усходзе ды прыбылі пакланіцца Яму».
Пачуўшы гэта кароль Гэрад, стрывожыўся, а з ім увесь Ерузалім.
І, пачуўшы гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Ерузалім з ім.
І сабраўшы ўсіх старшых святараў і кніжнікаў народу, даведваўся ад іх, дзе меў Хрыстус нарадзіцца.
Ды, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў ад іх, дзе меў Хрыстос нарадзіцца.
Яны-ж сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока (Міх. 5:2).
А яны яму сказалі: «У Бэтлегэме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:
«І ты, Бэтлееме, зямля Юдэйская, нічым ня меншы спаміж княстваў Юдэйскіх, бо з цябе выйдзе правадыр, што кіраваціме народ мой Ізраэльскі».
«І ты, Бэтлегэм, зямля Юдзіна, ніякім чынам не меншая між княстваў Юдзіных, бо з цябе для Мяне выйдзе Правадыр, Які будзе валадарыць Маім народам Ізраэлем».
Тады Гэрад тайком паклікаўшы Мудрацоў, рупна выведаў ад іх час з’яўлення ім зоркі.
Тады Ірад таемна паклікаў магаў і дакладна выведаў час зоркі, якая ім паказалася.
І пасылаючы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзеце й распытайце добра аб дзіцяці і, калі знойдзеце, паведамце мне, каб і я пайшоўшы, пакланіўся яму.
Ды, адпраўляючы іх у Бэтлегэм, сказаў: «Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».
Яны, выслухаўшы караля, адыйшлі. І вось зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, йшла перад імі, аж пакуль прыйшоўшы ня супынілася над мейсцам, дзе было дзіця.
Тыя, як выслухалі цара, пайшлі ў дарогу. І вось, зорка, якую яны бачылі на Усходзе, рухалася наперадзе, аж пакуль, ідучы, не спынілася ўверсе [над месцам], дзе было Дзіця.
А ўбачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся надта вялікай радасцю.
Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсцешыліся.
І, ўвайшоўшы ў дом, знайшлі дзіця з ягонай маткай Марыяй і ўпаўшы, пакланіліся яму; ды адчыніўшы скарбы свае, ахвяравалі яму дары: золата, кадзідла й мірру.
І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра.
І, атрымаўшы адказ у сьне, каб не вярталіся да Гэрада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
І, атрымаўшы ўва сне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
Калі-ж яны ад’ехалі, вось анел Божы з’явіўся ў сьне Язэпу, кажучы: Устань, вазьмі дзіця і матку яго ды ўцякай у Егіпет і будзь там дакуль не скажу табе; бо Гэрад шукаціме дзіцяці, каб загубіць яго.
Калі яны адышлі, вось, Анёл Госпадаў з’явіўся Язэпу ўва сне, мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай да Егіпта, і будзь там, пакуль не скажу табе. Бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб забіць Яго».
Ён, устаўшы, ўзяў уначы дзіцятка й матку ягону ды пайшоў у Егіпет.
Той, абудзіўшыся, узяў уночы Дзіця і Маці Яго і ўцёк у Егіпет.
І быў там аж да Гэрадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які гавора (Оз. 11:1): «З Егіпту паклікаў я сына майго».
І заставаўся там да смерці Ірада, каб збылося тое, што сказана Госпадам праз прарока, які гаворыць: «З Егіпта пазваў Я Сына Майго».
Тады Гэрад, бачачы, што мудрацы звялі яго, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, выбіў ўсіх дзяцей, што былі ў Бэтлееме ды ў ва ўсіх аколіцах яго ад двух гадоў і ніжэй, згодна з часам, аб якім быў ад мудрацоў дапытаўся.
Тады Ірад, бачачы, што ён ашуканы магамі, раззлаваўся моцна і паслаў пазабіваць усіх дзяцей, што былі ў Бэтлегэме і ў яго ваколіцах ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, пра які выпытаў у магаў.
Тады збылося запавешчанае праз прарока Ерэмія (31−15), кажучага:
Тады збылося, што было прадказана прарокам Ярэміем, які казаў:
«Голас быў чутны ў Раме, пляць наўзрыд вялікі; Рахэля галосячая па дзецях сваіх не хацела суняцца, бо іх нямашака».
Па смерці-ж Гэрада, вось анел Госпадаў з’явіўся ў сьне Язэпу ў Егіпце
Калі Ірад памёр, вось, з’явіўся Анёл Госпадаў Язэпу ўва сне ў Егіпце,
й кажа: Устань, вазьмі дзіцятка й матку ягону ды йдзі ў зямлю Ізраэляву, памярлі бо тыя, што шукалі душы дзіцяці.
мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды варочайся ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, што шукалі душу Дзіцяці».
Ён устаўшы, ўзяў дзяцятка й матку ягону ды прыйшоў у зямлю Ізраэляву.
Дык ён, абудзіўшыся, узяў Дзіця і Маці Яго і пайшоў у зямлю Ізраэля.
Але пачуўшы, што ў Юдэі панаваў Архэляй на месцы бацькі свайго Гэрада, пабаяўся туды йсці й, перасцярэжаны ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.
Пачуўшы, што ў Юдэі царуе Архелай па Ірадзе, бацьку сваім, збаяўся туды ісці і, папярэджаны ўва сне, пайшоў у ваколіцы Галілеі.
І, прыйшоўшы, аселіўся ў месьце, званым Назарэт, каб споўнілася запавешчанае праз прарокаў: Назарэем будзе звацца. (Судз. 13:5).
А, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які завецца Назарэт, каб збылося, што сказана прарокам: «Назарэем будзе звацца».