Мацьвея 20 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Падобнае валадарства нябеснае да чалавека гаспадара, які выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.
 
Затым падобна Валадарства Нябеснае да чалавека гаспадара дома, які выйшаў на досвітку наймаць работнікаў у вінаграднік свой.

І, умовіўшыся з работнікамі па дэнару за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.
 
Учыніўшы з работнікамі пагаджэнне па дынару за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік.

І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў другіх, што стаялі без работы на рынку
 
І, выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, што стаялі на рынку без работы,

і сказаў ім: Ідзеце й вы ў мой вінаграднік і што будзе належацца, дам вам.
 
і сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік, і, што будзе справядліва, дам вам”.

Яны пайшлі. Ізноў жа выйшаў каля гадзіны шостай і дзевятай ды зрабіў гэтаксама.
 
І яны пайшлі. Ды зноў выйшаў каля шостай і каля дзевятай гадзіны і зрабіў падобнае.

І каля адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых стаячых ды сказаў ім: Чаго вы тут стаіце цэлы дзень без работы?
 
Дый яшчэ каля гадзіны адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых, што стаялі, ды кажа ім: “Што вы тут стаіце цэлы дзень бяздзейныя?”

Кажуць яму: бо ніхто не наняў нас. Гавора ім: ідзеце й вы ў мой вінаграднік.
 
Кажуць яму: “Бо ніхто нас не наняў”. Ён кажа ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік [Мой, і, што будзе справядліва, дам вам]”.

Калі-ж настаў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму эканому: пакліч работнікаў ды аддай ім плату, пачаўшы ад апошніх аж да першых.
 
А калі настаў вечар, сказаў гаспадар вінаградніку загадчыку свайму: “Скліч работнікаў і дай ім плату, пачынаючы ад апошніх, а канчаючы першымі”.

І вось калі падыйшлі тыя, што прыйшлі каля гадзіны адзінаццатай, атрымалі па дэнару.
 
І, калі прыйшлі тыя, што каля адзінаццатай гадзіны наняліся на работу, атрымалі па дынару.

А першыя, падыйшоўшы, думалі, атрымаюць болей, адыж і яны атрымалі па дэнару.
 
Калі ж прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць, але і яны атрымалі па дынару.

І ўзяўшы, наракалі на гаспадара,
 
Дык, узяўшы, наракалі на гаспадара,

кажучы: Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, што перанесьлі цяжар дня і спеку.
 
кажучы: “Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты прыраўняў іх да нас, а мы ж пераносілі цяжар дня і спякоту”.

А ён у адказ сказаў аднаму з іх: Сябра, я не раблю табе крыўды, ці-ж не за дэнар ты са мною згадзіўся?
 
А ён, адказваючы аднаму з іх, сказаў: “Дружа, не зрабіў я табе крыўды. Ці ж ты не ўмовіўся са мной за дынар?

Вазмі што тваё ды йдзі, а я хачу і гэтаму апошняму даць, як і табе.
 
Дык вазьмі, што тваё, і ідзі, бо хачу і гэтаму апошняму даць, як і табе.

Ці-ж ня можна мне зрабіць што хочу? Ці-ж вока тваё злоснае, што я добры?
 
Ці ж не можна мне рабіць з маім, што хачу? І ці ж вока тваё зайздроснае ад таго, што я добры?”

Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.
 
Так будуць апошнія першымі, а першыя — апошнімі [, бо многа пакліканых, але мала абраных]».

А ідучы у Ерузалім, узяў Езус дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:
 
І, уваходзячы ў Ерузалім, Ісус адвёў асобна дванаццаць вучняў і сказаў ім па дарозе:

Вось уваходзім у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы старшым сьвятарам і кніжнікам і асудзяць яго на сьмерць,
 
«Вось, мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць,

і выдадуць яго паганам на здзек ды на бічаванне, а на трэці дзень згробуўстане.
 
і выдадуць Яго на ганьбаванне паганам, на бічаванне і ўкрыжаванне, і трэцяга дня ўваскрэсне».

Тады прыступіла да яго маці сыноў Зэбэдэевых з сынамі сваімі, кланяючыся ды нечага просячы ў яго.
 
Тады падышла да Яго маці сыноў Зебядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і просячы нечага.

Ён сказаў ёй: Чаго хочаш? Кажа яму: Загадай, каб гэтыя два сыны мае сядзелі адзін праваруч цябе, а другі леваруч у валадарсьцьве тваім.
 
Ён сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна гаворыць Яму: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае ў Валадарстве Тваім сядзелі адзін праваруч Цябе, а другі — леваруч».

Езус-жа адказваючы гавора: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці-ж можаце піць чару, якую я піціму? Кажуць яму: Можам.
 
Але Ісус, адказваючы, сказаў ёй: «Не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я піць буду [, ці хрысціцца хростам, якім Я хрышчуся]?» Яны кажуць Яму: «Можам».

Сказаў ім: Чару-то маю піць будзеце, адыж сядзець праваруч мяне й леваруч, гэта не мая рэч даць вам, але каму прыгатавана Айцом маім.
 
Ён гаворыць ім: «Так, келіх Мой піць будзеце [і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца], але дазволіць сядзець ад Мяне праваруч ці леваруч — гэта не Маё, але каму прыгатавана Айцом Маім».

А дзесяцёх, пачуўшы гэта, абурыліся на двух братоў.
 
І, пачуўшы гэта, дзесяцера разгневаліся на двух братоў.

Езус-жа паклікаў іх да сябе і сказаў: Вы ведаеце, што князі народаў валадараць над імі, а каторыя большыя, выконываюць над імі ўладу.
 
Але Ісус паклікаў іх да Сябе і гаворыць: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты трымаюць уладу над імі.

Ня гэтак будзе паміж вамі, але хто-б хацеў між вамі быць вышэйшы, хай будзе вашым прыслужнікам,
 
Не так будзе між вамі, але хто хацеў бы сярод вас быць большым, будзе вашым паслугачом.

і хто-бы хацеў быць першым між вамі, будзе вашым слугою.
 
І хто сярод вас хацеў бы быць першым, будзе вашым паслугачом.

Так як і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, а каб служыць ды даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.
 
Падобным чынам і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб Ён служыў ды аддаў душу Сваю як адкупленне за многіх».

І як выйходзілі яны з Ерыхону, ішла за ім вялікая грамада,
 
І, калі яны выходзілі з Ерыхона, ішлі ўслед за імі вялікія натоўпы.

і вось два сьляпыя, седзячы ля дарогі, пачулі, што Езус ідзе міма, ды закрычалі, кажучы: Зжалься над намі, Усеспадару, сыне Давідавы!
 
І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачулі, што праходзіць Ісус, і закрычалі, кажучы: «Злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давіда!»

Але грамада сварыляся на, іх, каб замоўклі. Адыж яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: Усеспадару, сыне Давіда змілуйся над намі!
 
А людзі сварыліся на іх, каб маўчалі, але яны яшчэ гучней крычалі: «Злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давіда!»

І прыпыніўся Езус, паклікаў іх і кажа: Што хочаце, каб я вам зрабіў?
 
І спыніўся Ісус, і паклікаў іх, і гаворыць: «Што вы хочаце, каб Я вам зрабіў?»

Кажуць яму: Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя!
 
Яны кажуць Яму: «Госпадзе, каб адкрыліся нам вочы».

І Езус зжаліўся над імі, дакрануўся да іхніх вачэй і зараз-жа сталі відзець ды пайшлі за ім.
 
І, пашкадаваўшы, Ісус дакрануўся да вачэй іх; і яны адразу сталі бачыць і пайшлі за Ім.