Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І сталася, калі скончыў Езус усе гэтыя мовы, казаў сваім вучням:
І сталася, калі скончыў Ісус усе гэтыя словы, сказаў Ён вучням Сваім:
Вы ведаеце, што за два дні будзе Пасха і Сын чалавечы будзе выданы на ўкрыжаванне.
«Вы ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне».
Тады сабраліся вышэйшыя сьвятары і старшыя народу на дварэ архісьвятара, якога звалі Кайфашам;
Тады сабраліся першасвятары і старэйшыны народа ў палац першасвятара, званага Каяфам,
і ўмовіліся схапіць Езуса хітрасьцю ды забіць.
і радзіліся, як бы Ісуса ўзяць подступам і забіць.
Але казалі: Толькі ня ў свята, каб часам ня было забурэння ў народзе.
Казалі аднак: «Не ў дзень святочны, каб не выклікаць абурэння ў народзе».
Калі-ж Езус быў у Бэтаніі, ў доме Сымона запаветранага,
А калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сімона пракажонага,
прыступілася да яго жанчына з алябастраваю судзінкаю дарагога алейку й паліла яму на голаў, як быў за сталом.
падышла да Яго жанчына, трымаючы алябастравую пасудзіну каштоўнага алейку, і пачала ліць Яму на галаву, калі Ён узлягаў за сталом.
Вучні-ж, бачачы гэта, сярдавалі, кажучы: Нашто гэтае марнатраўства?
Бачачы гэта, вучні разгневаліся і казалі: «Нашто гэтае марнатраўства?
Бо можна было гэтае прадаць за добрую цану ды даць убогім.
Бо можна было дорага прадаць яго і раздаць убогім».
А Езус ведаючы гэта, кажа ім: Нашто робіце прыкрасьць гэтай жанчыне? Яна-ж добры ўчынак для мяне зрабіла.
А Ісус, ведаючы пра гэта, гаворыць ім: «Што вы надакучаеце гэтай жанчыне? Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне.
Убогіх вы заўсёды маеце з сабою, адыж мяне маеце не заўсёды.
Убогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды будзеце мець.
Бо яна, выліўшы гэты алеек на маё цела, зрабіла гэта к’ маім паховінам.
Яна, выліваючы гэты алеек на Маё цела, учыніла гэта для пахавання Майго.
Сапраўды кажу вам: Дзе толькі будзе абвяшчацца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце, казацімецца й тое, што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй.
Сапраўды кажу вам, дзе па ўсім свеце будзе прапаведана гэтае Евангелле, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе».
Тады пайшоў адзін з дванаццацёх, які зваўся Юдаш Іскарыёт, да старшых сьвятороў
Тады адышоў адзін з дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, да першасвятароў
і сказаў ім: Што мне дасьце, а я вам яго выдам? Яны-ж вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў.
і гаворыць ім: «Што дасце мне, і я вам выдам Яго?» А яны дамовіліся з ім на трыццаць срэбранцаў.
І ад тае пары шукаў нагоды, каб выдаць.
І ад гэтай гадзіны ён шукаў нагоды, каб выдаць Ісуса.
У першы дзень праснакоў прыступілі вучні да Езуса, кажучы: Дзе хочаш прыгатаваць табе Пасху спажываці?
У першы дзень праснакоў прыйшлі да Ісуса вучні Яго, кажучы: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці Пасху?»
Езус-жа кажа: Ідзеце ў горад да аднаго чалавека й скажэце яму: «Вучыцель гавора: час мой блізкі, ў цябе зладжу Пасху з вучнямі маімі».
І Ён сказаў ім: «Ідзіце ў горад да аднаго чалавека і скажыце яму: “Настаўнік кажа: “Час Мой блізкі, у цябе ўчыню Я Пасху з вучнямі Маімі”».
І вучні зрабілі так, як ім загадаў Езус і прыгатавалі Пасху.
І вучні зрабілі, як ім загадаў Ісус, і прыгатавалі Пасху.
Калі-ж настаў вечар, ён сядзеў з дванаццацьма сваімі вучнямі.
А калі звечарэла, Ісус разам з дванаццаццю ўзлёг пры стале.
І калі яны елі, сказаў: Сапраўды кажу вам, адзін з вас мяне выдасьць.
І, калі яны вячэралі, сказаў: «Сапраўды кажу вам: адзін з вас выдасць Мяне».
Яны глыбока зажурыліся й пачаў кожны паасобку пытаць: Ці гэта я, Спадару?
Яны, дужа засмучаныя, пачалі пытацца кожны асобна: «Ці не я гэта, Госпадзе?»
А ён адказвае, гаворачы: Хто мачае са мною руку ў міску, той мяне выдасьць.
А Ён, адказваючы, гаворыць: «Хто апускае са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.
Сын-то чалавечы йдзе, як аб ім напісана, адыж гора таму чалявеку, праз якога Сын чалавечы будзе выданы, лепш было-б не радзіцца чалавеку тому.
Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены. Лепш было б, каб той чалавек не нарадзіўся».
Адазваўся і Юда, яго здраднік, кажучы: Ніаўжэ гэта я, Раббі? Гавора яму: Ты сказаў.
І, адказваючы, Юда, які Яго выдаў, сказаў: «Ці не я гэта, Рабі?» Ён гаворыць яму: «Ты сказаў».
А калі яны вячэралі, узяў Езус хлеб і багаславіў, і паламаў, і даў вучням сваім, ды сказаў: Бярэце й спажывайце; гэта ёсьць цела маё.
І, калі яны елі, узяў Ісус хлеб, і дабраславіў, і паламаў, і раздаў вучням, і гаворыць: «Бярыце, ежце, гэта ёсць Цела Маё».
І ўзяўшы кіліх, учыніў падзяку і даў ім, кажучы: Пеце з гэтага ўсе;
І, узяўшы келіх, склаў падзяку і даў ім, кажучы: «Піце з гэтага ўсе.
гэта бо ёсьць кроў мая новага закону, якая за многіх будзе праліта на адпушчэнне грахоў,
Бо гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх на адпушчэнне грахоў.
Кажу-ж вам: Ня піціму ад гэтай пары з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі піціму з вамі новы ў валадарсьцьве Айца майго.
Кажу вам: ад гэтай гадзіны не буду піць з гэтага вінаграднага плода аж да таго дня, калі з вамі буду піць новае ў Валадарстве Айца Майго».
І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.
І, адгаварыўшы гімн, пайшлі на Аліўную гару.
Тады сказаў ім Езус: Усе вы з мяне згоршыцеся ў гэтую ноч; Бо ёсьць напісана: «Удэру пастыра і рассыплюцца авечкі стада» (Зах. 13:7).
Тады гаворыць ім Ісус: «У гэтую ноч усе вы згоршыцеся з Мяне. Бо напісана: “Удару пастыра, і разбягуцца авечкі статка”.
Але потым, як згробуўстану, пайду перад вамі ў Галілею.
Але калі ўваскрэсну, раней за вас прыйду ў Галілею».
Пётр-жа, адазваўшыся, гавора яму: Хоць-бы ўсе з цябе згоршыліся, я ніколі ня згоршуся.
І, адказваючы, Пётра гаворыць Яму: «Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, я не згоршуся».
Сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, у гэту ноч, перш, чымся запяе певень, ты трэйчы ад мяне адрачэшся.
Гаворыць яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: у гэтую ноч, перш чым певень запяе, ты тры разы зрачэшся Мяне».
Гавора, яму Пётр: Калі-б навет мне трэ’ было памерці з табою, я цябе не адракуся. Так і ўсе вучні казалі.
Гаворыць Яму Пётра: «Калі б мне і памерці прыйшлося з Табой, не зракуся Цябе». Падобна казалі і ўсе вучні.
Тады прыйшоў Езус з імі ў сялібу, званую Гэтсэмані, і сказаў сваім вучням: Пасядзеце гэта, пакуль я пайду там памалюся.
Потым прыйшоў Ісус з імі ў сяленне, якое завуць Гетсэмань. І кажа Ён вучням: «Пасядзіце тут, пакуль Я пайду туды і памалюся».
І ўзяўшы Пятра ды двух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і сумаваць.
І, узяўшы Пётру і двух сыноў Зебядзеевых, пачаў сумаваць і журыцца.
Сказаў тады ім: Сумная душа мая аж да сьмерці. Пабудзьце тут са мною і не драмеце.
Тады гаворыць Ён ім: «Журботная душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і чувайце разам са Мной».
І адыйшоўшыся крыху, прыпаў абліччам сваім і маліўся, кажучы: Ойча мой! Калі магчыма, хай адыйдзе ад мяне гэты кіліх, адыж не як я хочу, але як Ты.
І, адышоўшы крыху, упаў на твар Свой, молячыся і кажучы: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, хай абміне Мяне гэты келіх, але не як Я хачу, а як Ты».
І прыйходзіць да вучняў сваіх ды знайходзіць іх сплючых. І кажа Пятру: гэтак вось не маглі вы аднае гадзіны чуняць са мною?
І прыйшоў Ён да вучняў, і ўбачыў, што яны спяць, і кажа Пётры: «Ці так не змаглі вы адну гадзіну не спаць разам са Мной?
Ня сьпеце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух-то бадзёры, да цела немачнае.
Чувайце і маліцеся, каб не ўвайшлі вы ў спакусу: бо дух руплівы, а цела кволае».
Ды зноў, другі раз адыйшоўшыся, маліўся славамі: Ойча! Калі ня можа гэты кіліх мяне абмінуць, каб ня піць мне яго, будзь воля твая!
І адышоўся другі раз, і маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа гэта абмінуць, каб Я не піў таго, хай будзе воля Твая».
І, вярнуўшыся, зноў застаў іх сплючы, вочы бо іх абцяжэлі.
І вярнуўся зноў, і ўбачыў, што яны спяць, бо вочы іх былі пацяжэлыя.
І, пакінуўшы іх, ізноў адыйшоўся й трэці раз маліўся тымі-ж самымі славамі.
І, пакінуўшы іх і адышоўшы, маліўся трэці раз, тыя самыя словы кажучы ізноў.
Тады прыйходзіць да вучняў сваіх і кажа ім: Спеце ўжо й адпачывайце! Вось прыйшла часіна і Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
Потым прыйшоў да вучняў Сваіх і кажа ім: «Вы яшчэ спіце і адпачываеце; вось, надышла гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.
Устаньце, пойдзем, вось прыбліжыўся той, што мяне выдасьць.
Падыміцеся, пойдзем: вось наблізіўся той, хто Мяне выдае».
І, калі яшчэ гаварыў ён, вось Юдаш, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, а з ім вялікая грамада з мячамі й кіямі, ад архісьвятараў і старшых народу.
А калі Ён яшчэ гаварыў, вось Юда, адзін з дванаццаці, падышоў, а з ім вялікі натоўп з мечамі і палкамі, накіраваны першасвятарамі і старэйшынамі народа.
А здраднік яго даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, той і ёсьць, бярэце яго.
Той жа, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён; хапайце Яго».
І зараз падыйшоўшы да Езуса, сказаў: Прывет табе, вучыцелю! Ды пацалаваў яго.
І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: «Прывітаны будзь, Рабі!» і пацалаваў Яго.
Езус-жа сказаў яму: Дружа, пашто ты прыйшоў? Тады прыступіўшы, кінуліся на Езуса ды ўзялі яго.
А Ісус сказаў яму: «Дружа, пашто прыйшоў?» Тады кінуліся яны, і ўсклалі рукі на Ісуса, і схапілі Яго.
І вось адзін з тых, што былі з Езусам, працягнуўшы руку, выняў меч свой і, ударыўшы слугу архісьвятара, адсек яму вуха.
І вось адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выняў меч свой і, ударыўшы паслугача першасвятара, адсёк яму вуха.
Тады сказаў яму Езус: Схавай меч свой на месца ягона, ўсе бо, што бяруць меч, ад мяча пагінуць.
Тады гаворыць яму Ісус: «Схавай меч твой на сваё месца. Бо ўсе, што возьмуць меч, пагінуць ад меча.
Няўжэ думаеш, я не магу папрасіць Айца майго, каб даў мне цяпер болей, чым дванаццаць легіёнаў анелаў?
Ці не разумееш, што Я мог бы прасіць Айца Майго, і Ён выставіў бы Мне зараз больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
Але як-жа споўняцца Пісаньні, што гэтак мусіць стацца?
Але як жа тады збудуцца Пісанні, што так мусіць стацца?»
У тую часіну сказаў Езус грамадам: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі й кіямі, узяць мяне. Штодзень я сядзеў у вас, навучаючы ў сьвятыні, а вы не ўзялі мяне.
У той час сказаў Ісус народу: «Ці не так, як на разбойніка, выйшлі вы з мечамі і палкамі, каб Мяне ўзяць? Штодня сядзеў Я, навучаючы ў святыні, і вы не схапілі Мяне».
А ўсё гэта сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы яго, паўцякалі.
Усё гэта сталася, каб споўніліся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
Яны-ж, узяўшы Езуса, павялі да Кайфаша, архісьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі й старшыны.
Узяўшы Ісуса, павялі Яго да Каяфы, першасвятара, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
А Пётр ішоў за ім здалёк аж да панадворку архісьвятаровага і, ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сядзеў з прыслужнікамі, каб бачыць канец.
Пётра ішоў за Ім здалёку аж да палаца першасвятара. І, увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сядзеў з паслугачамі, каб убачыць канец.
Архісьвятары-ж і старшыны ды ўся Рада шукалі фальшывага сьвядоцтва супроць Езуса, каб зрабіць яму сьмерць,
А першасвятары і ўся рада шукалі фальшывага сведчання супраць Ісуса, каб выдаць Яго на смерць,
ды не знайшлі, хоць шмат прыходзіла фальшывых сьветкаў. Уканцы-ж прыйшлі два хвальшывыя сьветкі
і не знаходзілі, хоць прыходзіла многа фальшывых сведкаў. Нарэшце двое, прыйшоўшы,
і сказалі: Гэты гаварыў: «Магу разбурыць сьвятыню Божую ды за тры дні адбудаваць яе».
сказалі: «Ён сказаў: “Я магу разбурыць святыню Божую і ў тры дні адбудаваць яе”».
Падняўся першасьвятар і кажа яму: Нічога не адказваеш на тое, што гэтыя на цябе сьветчаць?
І, падняўшыся, першасвятар гаворыць Яму: «Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?»
Адыж Езус маўчаў. Першасьвятар тады кажа яму: Запрысягаю цябе жывым Богам, скажы нам, ці ты ёсьць Хрыстус, Сын Божы?
Але Ісус маўчаў. І першасвятар гаворыць Яму: «Запрысягаю Цябе Богам жывым, каб Ты нам сказаў, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?»
Езус гавора яму: Ты сказаў. Адыж гавару вам: адцяпер убачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч Усемагутнасьці й прыходзячага ў ваблоках нябесных.
Кажа яму Ісус: «Ты сказаў. Аднак кажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Магутнасці і прыходзіць на аблоках нябесных».
Разарваў тады першасьвятар на сабе адзенне, кажучы: Зблюзніў! Нашто нам яшчэ сьветкі? Вось чулі-ж блюзнерства.
Тады першасвятар, разадраўшы шаты свае, сказаў: «Ён зблюзніў! Нашто яшчэ нам патрэбны сведкі? Цяпер вы чулі блюзненне.
Як вам здаецца? Яны кажуць у вадказ: Годзен сьмерці.
Што вы думаеце?» Яны ж, адказваючы, сказалі: «Ён варты смерці!»
І пачалі пляваць яму ў твар ды біць кулакамі, іншыя-ж давалі пашчочыны,
Тады пачалі пляваць у твар Яму і біць Яго кулакамі, а іншыя далонямі па твары Яго білі,
кажучы: Прароч нам, Хрысьце, хто гэта цябе ўдарыў?
кажучы: «Праракуй нам, Хрысце, хто Цябе ўдарыў?»
А Пётр сядзеў на дварэ вонках. І падыйшла к яму адна служніца дый кажа: І ты-ж быў з Езусам Галілейскім.
А Пётра сядзеў звонку на падворку. Адна ж служка падышла да яго, кажучы: «І ты быў з Ісусам галілейскім».
Адыж ён адрокся перад усімі, кажучы: Ня ведаю, што гаворыш.
А ён зрокся перад усімі, кажучы: «Я не ведаю, што ты кажаш».
А як выйходзіў да брамы, спанатрыла яго другая прыслужніца й кажа тым, што там стаялі: І гэты быў з Езусам Назарэйскім.
А калі ён выходзіў з дзвярэй, другая ўбачыла яго і гаворыць тым, хто былі там: «І ён быў з Ісусам з Назарэта».
І зноў адрокся, прысягаючы, што ня знае чалавека.
Ён ізноў зрокся з прысягай: «Я не ведаю [гэтага] чалавека».
Крыху пазней падыйшлі тыя, што стаялі там ды сказалі Пятру: Сапраўды і ты з іх, бо і гаворка твая цябе выдае.
Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пётры: «Сапраўды, ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе».
Тады пачаў назаклён адманвацца, што ня знае гэтага чалавека. І воміг тут-жа запяяў певень.
Тады пачаў ён клясціся і прысягаць: «Я не ведаю [гэтага] чалавека». І зараз запяяў певень.
І прыпомніляся Пятру запавешчанае слова Езусава: «Перш чымся запяе певень, ты трэйчы адрачэшся мяне». І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
І прыгадаў Пётра слова Ісуса, якое Ён сказаў: «Перш чым певень запяе, ты тройчы зрачэшся Мяне». І, выйшаўшы вонкі, ён горка заплакаў.