Да Рымлянаў 16 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Паручаю вам Фэбу, нашу сястру, катора знайходзіцца на служэнні эклезіі ў Кенхрах,
 
Даручаю вам Фебу, сястру нашу, якая ёсць служкаю царквы, што ў Кенхрах,

каб годна прынялі яе з Богам, як прыстоіць сьвятым, ды памаглі ёй, у чым яна меціме ў вас патрэбу, бо-ж і яна многіх, а навет і мяне самога, ўспамагала.
 
каб прынялі яе ў Госпадзе, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсім, у чым яна будзе мець ад вас патрэбу, бо яна дапамагала многім і мне самому.

Прывітайце Прыску і Аквілю, супрацоўнікаў маіх у Хрыстусе Езусе,
 
Прывітайце Прыску і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Ісусе,

(якія за маё жыцьцё галоваў сваіх шчадзілі й якім дзякую ня толькі я, але і ўсе эклезіі сярод паганаў), вітайце й эклезію ў іхнім доме.
 
якія за маю душу падставілі свае галовы, якім не толькі я ўдзячны, але ўсе цэрквы паганаў,

Перадайце прывет міламу майму Эпэнэту, каторы ёсьць першафруктам Азыі ў Хрыстусе.
 
а таксама і хатнюю іх царкву. Прывітайце мне мілага Эпенета, першынца ў Хрысце з Азіі.

Вітайце Марыю, якая шмат для вас працавала.
 
Прывітайце Марыю, якая многа папрацавала для вас.

Паздароўце Андроніка й Юнію, маіх сваякоў і са мною вязьненых, што славіліся між Апосталамі ды перш за мяне ўверылі ў Хрыстуса.
 
Прывітайце Андраніка і Юнію, сваякоў маіх, увязненых разам са мною, праслаўленых сярод апосталаў, якія перш за мяне былі з Хрыстом.

Прывітайце Амплія любага майго ў Богу.
 
Прывітайце любага мне ў Госпадзе Ампліята.

Аддайце прывет Урбану, супрацоўніку нашаму ў Хрыстусе Езусе і міламу майму Стахію.
 
Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысце Урбана ды мілага мне Стахія.

Вітайце Апэльлеса дазнанага ў Хрыстусе; здароўце ўсіх з дому Арыстобуля.
 
Прывітайце выпрабаванага ў Хрысце Апэлеса. Прывітайце тых, што з [дому] Арыстабула.

Паздароўце Гэрадыёна, сваяка майго; і Нарцызавых тых, што ў Хрыстусе.
 
Прывітайце Герадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, што з [дому] Нарцыза, якія ў Госпадзе.

Перадайце прывет Трыфэну й Трыфозу, што працуюць з Богам; ды найдаражэйшай Пэрсыдзе, якая вельмі шмат старалася для Хрыстуса.
 
Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць для Госпада. Прывітайце мілую Пэрсыду, якая многа папрацавала для Госпада.

Прывітайце Руфа, ў Богу выбранага, й ягону ды маю матку.
 
Прывітайце выбранніка ў Госпадзе Руфа і маці яго і маю.

Вітайце Асынкрыта, Флегонта, Гэрму, Патробу, Гэрмаса ды іншых братоў, што зь імі.
 
Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Герма, Патроба, Гермія ды братоў, што разам з імі.

Паздароўце Філялёга і Юлію, Нэрэя й ягону сястру; Олімпія ды ўсіх зь імі сьвятых.
 
Прывітайце Філалога і Юлію, Нэрэя і яго сястру, Алімпа ды ўсіх святых, што разам з імі.

Здароўце адзін другога сьвятым цалункам. Усе эклезіі Хрыстуса засылаюць вам прывет.
 
Прывітайце ўзаемна адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усіх цэрквы Хрыстовы.

Шчыра прашу вас, браты, сьцеражэцеся тых, што шыраць нязгоду й зьняверу проці навукі, якое вы навучыліся; ухіляецеся ад іх;
 
Прашу вас яшчэ, браты, каб асцерагаліся тых, што чыняць нязгоду і перашкоды супраць навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!

гэткія бо ня Хрыстусу Усеспадару нашаму служаць, а свайму чэраву, ды разлашчваннем і салодкімі славамі зводзяць нявінныя сэрцы.
 
Такія людзі не служаць Госпаду нашаму Хрысту, але жывату свайму, і салодкімі словамі і красамоўствам зводзяць сэрцы нявінных.

Вашая паслухмянасьць веры ведамая ўсюды, таму цешуся з вас; але жадаю, каб вы былі растропнымі ў добрасьці й няпрыступнымі для зла.
 
Бо ваша паслухмянасць вядома ўсім. Дык радуюся за вас, але прагну, каб вы былі мудрымі на дабро і праўдзівымі ў ліхім.

Бог міру-згоды скрышыць борзда пад ступамі вашымі шатана. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з вамі!
 
Бог жа супакою хутка скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса з вамі!

Прывет вам ад Тыматэя, майго супрацоўніка, і Люцыя і Язона і Созыпатра, маіх сваякоў.
 
Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, і Язон, і Сасіпатар, сваякі мае.

Вітаю з Богам вас і я, Тэрцый, што напісаў гэты ліст.
 
Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэрцый, які напісаў ліст дзеля Госпада.

Засылае прывет вам Гай, гасьцінны для мяне, ды цэлая эклезія.
 
Вітае вас Гай, гасцінны для мяне і для ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік горада, і брат Кварт.

Прывітанне вам і ад Эраста, скарбніка места, ды ад брата Кварта. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з усімі вамі. Амэн.
 
[Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.]

А таму, Каторы мае моц уцьвярдзіць вас згодна з маёй Эванэліяй і навучаннем аб Езусе Хрыстусе, водле аб’яўлення ад вякоў прамоўчванай тайніцы,
 
А Таму, Які мае магутнасць умацаваць вас паводле Евангелля ды майго абвяшчэння Ісуса Хрыста, паводле адкрыцця таямніцы, даўнейшымі вякамі схаванай,

а цяпер выяўленай з прароцкіх Пісанняў па загаду Бога прадвечнага для послуху веры, абвешчанай усім народам —
 
а цяпер аб’яўленай і прароцкімі лістамі па загадзе спрадвечнага Бога абвешчанай усім народам для паслухмянасці іх у веры,

адзінаму Богу прамудраму чэсьць і хвала, празь Езуса Хрыстуса, на вякі вечныя. Амэн.
 
адзінаму мудраму Богу праз Ісуса Хрыста слава навечна. Амін.