Да Галятаў 4 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Кажу восьжа: пакуль насьледнік — малалетні, ён нічым ня рожніцца ад слугі, хоць і гаспадар усяго:
Кажу вам: пакуль спадкаемец дзіця, ён нічым не адрозніваецца ад нявольніка, хоць ён і гаспадар над усім,
ён пад апякунамі й аканомамі аж да пары вызначанай бацькам.
але знаходзіцца да вызначанага часу пад апекунамі і аканомамі.
Гэтак і мы: пакуль былі малымі, падлягалі сілам сьвету,
Так і мы, пакуль мы былі дзецьмі, служылі стыхіям свету.
а як прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, зроджанага з жанчыны і падлеглага Закону,
А калі прыйшла поўня часу, паслаў Бог Свайго Сына, народжанага жанчынай, народжанага пад законам,
каб адкупіў падзаконных ды каб і мы атрымалі усынаўленне.
каб адкупіў тых, якія былі пад законам, каб і мы атрымалі ўсынаўленне.
І таму, што вы — сыны, зыслаў Бог у вашы сэрцы Духа Сына Свайго, ўзываючага: Абба, Войчэ!
А дзеля таго, што вы — сыны, паслаў Бог Духа Сына Свайго ў сэрцы нашы, Які кліча: «Абба, Ойча!»
Дзеля таго ты ўжэ не слуга, але сын; а калі сын, дык і насьледнік праз Бога.
Так што ты ўжо не нявольнік, але сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы [праз Ісуса Хрыста].
Калісь то вы, ня знаўшы Бога, служылі багам, якія ў сутнасці ня былі багамі;
Але тады, калі не ведалі вы Бога, служылі тым, якія па сутнасці не ёсць багамі.
цяпер-жа, пазнаўшы Бога, ці лепш мо — пазнаныя Богам, па што вяртаецеся зноў к немачным нікчомым рэчывам, якім зноў маніцеся служыць?
Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да бяссільных і бязродных стыхій, якім зноў хочаце служыць?
Пільнуйце дні, месяцы, поры і гады.
Вы глядзіце на дні, месяцы, часы і гады!
Пабайваюся аб вас, ці не надарма ў вас я мазаліўся.
Баюся за вас, што, можа, надарма працаваў у вас.
Браты, малю вас, будзьце гэткімі, як я; бо і я гэткі, як вы. Нічым вы ня скрыўдзілі мяне;
Браты, прашу вас, будзьце такімі, як і я; бо і я стаўся такім, як вы. Нічым вы мяне не скрыўдзілі.
вы-ж ведаеце, як я фізычна немачны даўней выглашаў вам Эванэлію,
Вы ж ведаеце, як праз слабасць цела першы раз я дабравесціў вам,
і вы не пагарджалі ды не адапхнулі із-за таго, што ў целе маім было для вас прыкрым, спакусай, а прынялі мяне як Божага Анела, як Хрыстуса Езуса.
і вы не пагардзілі спакусай [маёй] у целе маім, і не адрынулі, але прынялі мяне як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.
Дзеж падзелася тая шчаснапагада вашая? Светчу бо вам, што каліб маглі тады, то выняліб свае вочы й даліб мне.
Дзе ж тады тое шчасце ваша? Сведчу вам, што, калі б гэта было магчыма, дык, вочы сабе вырваўшы, аддалі б іх мне.
Дык няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы праўду вам?
Дык ці ворагам стаўся я вам за тое, што казаў вам праўду?
дрыжаць аб вас, але нядобра, бо адстараніць вас хочуць, каб вы іх насьледавалі.
Рупяцца яны пра вас не з дабра, але хочуць адарваць вас, каб аб іх вы рупіліся.
Яно то добра дбаць аб добрым заўсёды, а ня толькі тады, калі я у вас прысутны,
Добра рупіцца аб добрым заўсёды, а не тады толькі, калі я знаходжуся паміж вас;
сынкі мае, якіх зноў вось раджу балеючы, пакуль не ўфармуецца ў вас Хрыстус.
дзеткі мае, зноў вас нараджаю ў муках, пакуль уфармуецца ў вас Хрыстос.
Хацеўбы я цяпер ужо быць у вас і зьмяніць мой голас, я бо аб вас у сумнівах.
Хацеў бы я быць у вас цяпер ды змяніць голас мой, бо сам я не ўпэўнены ў вас.
Скажэце мне тые, што жадаеце быць пад Законам: вы ня чыталі Закону?
Скажыце мне тыя, што хочаце жыць пад законам: ці закону вы не чулі?
Бо-ж напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служніцы, а другога ад вольнае.
Напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго з нявольніцы, другога з вольнай.
Але той, што ад служніцы, водле цела народжаны; а той, што з вольнае — з абяцання.
Але той, што з нявольніцы, паводле цела нарадзіўся, а той, што з вольнай, — праз абяцанне.
Гэта праз алегорыю сказана; тут бо два запаветы: адзін з гары Сынайскае, родзячы на служэнства, гэта Агар;
Гэта як алегорыя сказана, абазначае гэта два запаветы: адзін — на гары Сінай, што на няволю родзіць, гэта Агар.
а гара Сынай ёсьць у Арабіі і мае лучнасьць з сянняшнім Ерузалімам, паняволеным із сынамі сваімі;
Бо гэтая Агар — гара Сінай у Арабіі, адпавядае цяперашняму Ерузаліму і зняволена з сынамі сваімі.
вышэйшы-ж Ерузалім ёсьць вольны і ён ёсьць маці ўсім нам.
Той жа Ерузалім, што ўгары, вольны, і ёсць маці нашай.
Напісана бо: Весяліся, няплодная, няроджаная, голасна ўсклікні мук нязнаючая; бо шмат болей дзяцей у пакінутай, як у маючай мужа!
Напісана бо: «Узвесяліся, няплодная, якая не нараджаеш, усклікай і крычы, якая не пакутуеш родамі, бо ў пакінутай больш дзяцей, чым у той, якая мае мужа».
Мы-ж, браты, паводле Ізаака — дзеці абяцання.
Вы ж, браты, паводле Ізаака дзеці абяцання.
Але, як тады народжаны водле цела прасьледаваў роджанага водле духа, гэтак і цяпер.
Але як і тады той, што паводле цела нарадзіўся, пераследаваў таго, які паводле духа, так і цяпер.
Што-ж бо кажа Пісанне? Выжань служаніцу з ейным сынам, бо сын нявольніцы ня будзе насьледнікам з сынам вольнае.
А што кажа Пісанне? «Выгані нявольніцу і яе сына, бо не будзе спадкаемцам сын нявольніцы разам з сынам вольнай».
Гэтак вось, браты, мы ня служніцы сыны, але вольнае.
Дык вось, браты, мы дзеці не нявольніцы, але вольнай.