Да Эфэсянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Будзьце, восьжа, пасьцежнікамі Бога, як дзеці, любыя,
Дык будзьце паслядоўнікамі Бога, як сыны найдаражэйшыя,
і хадзеце ў любасьці, як і Хрыстус палюбіў нас і выдаў сябе за нас, як дар Богу мілапахную ахвяру.
і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і выдаў Самога Сябе за нас як дар і ахвяру Богу на водар прыемнасці.
А распуста і ўсякая нечысьць ды прагавітасьць каб і не спаміналіся між вамі, як і прыстоіць сьвятым;
Распуста ж і ўсякая нячыстасць або сквапнасць хай і не ўзгадваюцца ў вас, як і належыць у святых,
ані брыдамоўства, блазноцтва, ці жарты няпрыстойныя, недарэчы, а лепш — дзякаванне.
або разбэшчанасць ці брыдкаслоўе, ці насмешка неадпаведная, але лепш падзяка.
Ведайце бо добра тое, што ніякі чужаложнік, ніякі бясстыднік, ці хцівец балвапаклоннік, ня мае спадчыны ў Валадарсьцьве Хрыстуса і Бога.
Вось гэта ведайце, разумеючы, што ні адзін распуснік або нячысты ці сквапны, што з’яўляецца служыцелем ідалаў, не мае ўдзелу ў Валадарстве Хрыстовым і Божым.
Хай ніхто ня зводзіць вас буянымі славамі, праз гэта бо спадае гнеў Божы на сыноў бунтарных;
Хай ніхто вас не зводзіць пустымі словамі, бо за гэта прыйшоў гнеў Божы на сыноў нявер’я.
ня будзьце іхнімі супольнікамі.
Дык не станьцеся супольнікамі іх.
Вы былі калісь цемраю, а цяпержа вы — сьвятло ў Хрыстусе: паступайцеж як дзеці сьвятла;
Бо былі вы калісьці цемраю, а цяпер вы — святло ў Госпадзе, дык і жывіце, як сыны святла.
бо плод сьвятла ёсьць у ва ўсім, што добрае, справядлівае і праўдзівае;
Плод жа святла выяўляецца ва ўсякай дабрыні, і справядлівасці, і праўдзе.
шукайце шчыра таго, што даўспадобнае Богу,
Выпрабоўвайце, што падабаецца Госпаду,
і не бярэце ўдзелу ў бясплоднай дзейнасьці цемры, а лепш дакарайце.
і не прымайце ўдзелу ў бясплённых справах цемры, але лепш выкрывайце.
Бо аб тым, што робіцца імі таёмна, сорамна й гаварыць.
Бо сорамна і казаць аб тым, што робіцца імі патаемна.
А ўсё, што ганіцца, праз сьвятло робіцца яўным і стаецца сьвятлом;
Усё, што выклікае дакаранні, выяўляецца ў святле,
таму і сказана: Прачніся, сьпячы, ды ўстань з мяртвых, а Хрыстус цябе асьвеціць.
бо ўсё, што выяўляецца, ёсць святло. Таму і сказана: «Устань, які спіш, і паўстань з мёртвых, і будзе свяціць табе Хрыстос».
Дык глядзеце, паступайце празорна, не як неразумныя, а як мудрыя:
Дык глядзіце, браты, асцярожна хадзіце, не як неразумныя, але як мудрыя,
час цэнячы, дні бо няпэўнуя.
выкарыстоўваючы час, бо дні цяпер ліхія.
Таму ня будзьце неразважнымі, але сьведамымі волі Божай.
Дзеля таго не будзьце неразважлівымі, але разумейце, што ёсць воля Госпада.
Ды ня ўпівайцеся віном, бо ў ім разнузданасьць, а напаўняйцеся Духам,
І не піце лішне віна, у якім распуста, але напаўняйцеся Духам,
выглашаючы міжсобку псальмы, гімны й песьні духоўныя, пяючы ды й граючы Госпаду ў сэрцах вашых;
гаворачы між сабою псальмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі; спяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых.
дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу й Айцу ў імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,
Дзякуйце заўсёды Богу і Айцу за ўсё ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
будучы паслухмянымі адны другім у боязі Божай.
падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Хрыстовым.
Жанкі, будзьце падуладнымі мужом сваім, як Усеўладару,
Жанчыны [падпарадкоўвайцеся] мужам сваім, як Госпаду,
муж бо ёсьць галавою жонкі, як і Хрыстус галава Эклезіі, свайго цела, якога зьяўляецца Збавіцелем;
бо муж — галава жанчыны, як Хрыстос — галава Царквы; Ён жа — Збаўца цела.
і як Эклезія падуладная Хрыстуса, гэтак і жонкі — сваіх мужоў у ва ўсім.
Але, як Царква падпарадкавана Хрысту, так і жонкі мужам сваім ва ўсім.
Мужы, любеце жонак сваіх, як і Хрыстус улюбіў Эклезію і выдаў сябе за яе,
Мужы, любіце жонак, як і Хрыстос любіць Царкву і Самога Сябе выдаў за яе,
каб усьвяціць яе абмываючы вадою праз слова жыцьця,
каб асвяціць яе, ачышчаючы лазняй воднаю ў слове,
каб прадставіць яе сабе Эклезіяй слаўнай, без плямы, ці маршчыны або чаго падобнага, але каб была сьвятою беззаганнаю.
каб паставіць Самому Сабе слаўную Царкву, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб была яна святая і беззаганная.
Гэтак і мужы павінны любіць сваіх жонак як целы ўласныя: хто любіць сваю жонку — сябе самога любіць.
Так і мужы павінны любіць жонак сваіх, як уласныя целы. Хто сваю жонку любіць, сам сябе любіць.
Ніхтож бо ніколі ня меў ненавісьці да свайго цела, але гадуе й пялегуе яго, як і Хрыстус Эклезію,
Бо ніхто ніколі не меў у нянавісці цела свайго, але корміць і спагадае яму, як Хрыстос Царкве,
бож мы — часткі цела ягонага.
бо мы — члены Цела Яго [, косць з касцей Яго ды цела з цела Яго].
Таму-то пакіне чалавек бацьку свайго й матку ды злучыцца з жонкай сваёю, і будуць двое ў вадным целе.
Дзеля таго пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам.
Гэта вялікая тайніца, а я гавару аб Хрыстусе й Эклезіі.
Гэта вялікая таямніца; а я кажу аб Хрысце і Царкве.
Але і кажны з вас паасобку хай любіць сваю жонку, як сябе самога, а жонка няхай паважае свайго мужа.
Вось жа і вы, усякі па сабе, кожны хай любіць жонку сваю, як самога сябе, а жонка хай баіцца мужа.