Да Піліпянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Таму вось, браты мае найдаражэйшыя ды найжаданьшыя, радасьць мая і карона мая, трывайце гэтак ва Усеспадару, наймілейшыя!
 
Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.

Прашу Эводыю, прашу й Сынтыхэн быць аднадумнымі ва Усеспадару;
 
Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтаксама думаць у Госпадзе.

дый цябе прашу, верны супрацоўніку, памагай ім, яны бо працавалі для Эванэліі зы мною і Клемэнтам ды іншымі супрацоўнікамі маімі, імёны якіх у кнізе жыцьця.
 
Таксама і цябе прашу, сапраўдны супрацоўніку, дапамагай ім, бо яны са мною працавалі для Евангелля разам з Клементам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця.

Радуйцеся ва Усеспадару заўсёды, йшчэ раз кажу вам, радуйцеся!
 
Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!

Скроманасьць ваша ўсім людзям хай будзе ведамай: Госпад блізка ёсьць.
 
Ціхасць ваша хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка.

Ня турбуйцеся ні аб чым, а патрэбы вашыя Богу паручайце ў малітвах і падзячных благаннях;
 
Не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю няхай адкрываюцца жаданні вашы перад Богам.

і спакой Божы, перавышаючы ўсякае ўяўленне, сьцерагчыме сэрцы й думкі вашыя ў Хрыстусе Езусе.
 
І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменне, хай сцеражэ сэрцы вашы і думкі вашы ў Хрысце Ісусе.

І наастанку, браты, усё, што праўдзівае, што чыстае, што справядлівае, усё, што сьвятое, што любае, што шанаблівае, калі якая цнота, ці што пахвалы годнае — майце у думцы.
 
Урэшце, браты, што толькі ёсць праўдзівае, што толькі сумленнае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі вартае любові, што толькі добрай славы, ці якая цнота, ці што пахвальнае, — тое майце на думцы.

Чаго навучыліся, што перанялі, чулі й бачылі ў ва мне — тое спаўняйце і Бог супакою будзе з вамі.
 
І тое рабіце, чаму вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што ўбачылі; і Бог супакою будзе з вамі.

Я вельмі быў рад ва Усеспадару, што вашы старанні аба мне зноў ажылі ў вас, як калісь, тоьлкі ня было для іх дагоднасьці.
 
Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы ўжо калісьці зноў пачалі думаць пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах.

Кажу гэта не дзеля нястачы, бо я навучыўся задавольвацца тым, што маю:
 
Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся задавольвацца тым, што ёсць.

умею быць і ў паніжэнні, умею і ў дастатку, ўсяго і ў ва ўсім: і насычацца і галадаваць, жыць у дастатку і ў нястачы.
 
Умею прынізіцца, умею і ўзняцца; усяму і ва ўсім навучыўся: і наесціся, і галадаць; і мець дастатак, і нястачу.

Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе.
 
Усё магу ў [Хрысце], Які ўзмацняе мяне.

Вы аднак зрабілі добра, дзелячы зы мною мае турботы.
 
Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бядзе маёй.

І вы, Філіпійцы, ведаеце самы, што на пачатку эвангэлізацыі, калі я выйшаў з Макэдоніі, акрамя вас адных, ні адна эклезія не брала удзелу ні ў даванні, ні ў прыйманні;
 
Вы ж, піліпцы, ведаеце, што на пачатку Евангелля, калі я пакінуў Мацэдонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу ў даванні і прыманні;

вы і ў Тэсслёніку раз і другі высылалі мне на патрэбу.
 
вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак.

Ня тое, каб я шукаў дарункаў, я бо шукаю полду, што множыцца на вашую карысьць.
 
Не шукаю я дарункаў, але шукаю плода, які памнажаецца на вашу карысць.

Я маю ўсяго ўдостань; у мяне даволі ўсяго адкалі атрымаў ад Эпафрадыта пасланае вамі: пахі чароўныя, ахвяру Богу мілую.
 
Я ўсё атрымаў і хапае мне ўсяго; я напоўніўся, атрымаўшы ад Эпафрадыта салодкі водар, які вы даслалі, ахвяру прыемную, мілую Богу.

За гэта Бог мой хай заспакоіць усе патрэбы вашыя водле свайго багацьця ў хвале, ў Хрыстусе Езусе.
 
Хай жа Бог мой споўніць усякае ваша жаданне паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Ісусе.

А Богу й Айцу нашаму хвала на вякі вечныя! Амэн.
 
Богу ж і Айцу нашаму слава на векі вечныя. Амін.

Прывітайце кажнага сьвятога ў Хрыстусе Езусе. Вітаюць вас браты, што зы мною.
 
Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.

Вітаюць вас усе сьвятыя, асабліва тыя з цэзарскага дому.
 
Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара.

Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з усімі вамі. Амэн.
 
Ласка Госпада Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.