Да Каласянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Павал, воляй Божаю Апостал Езуса Хрыстуса, і Тыматэй —
 
Паўла, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат,

сьвятым у Калёссах і верным братом у Хрыстусе: ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
 
тым святым і веруючым братам у Хрысце, што ў Калосах: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага [і Госпада Ісуса Хрыста].

Заўсёды молячыся за вас, мы дзякуем Богу й Айцу Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага,
 
Дзякуем Богу Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас

пачуўшы аб веры вашай у Хрыстуса Езуса, ды аб любасьці аб усіх сьвятых,
 
і чуючы пра веру вашу ў Хрыста Ісуса і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых,

дзеля надзеі, чакаючай вас у нябёсах, аб якой чулі ў навучанні Эванэліі праўды,
 
дзеля надзеі, якая прыгатавана для вас у небе, аб якой чулі вы раней у слове праўды Евангелля,

што дайшла да вас і, як у ва ўсім сьвеце, пладавіта ўзрастае з таго дня, як пачулі й пазналі ласку Божую ў праўдзе,
 
якая дайшла да вас, як і па ўсім свеце разышлася, і дае плады, і расце, як і ў вас ад таго дня, у які вы пачулі ды пазналі ласку Божую ў праўдзе,

ад навучаўшага Эпафра, любага супрацоўніка нашага, а для вас вернага слугу Хрыстусавага.
 
як вы навучыліся ад Эпафраса, супрацоўніка нашага найдаражэйшага, вернага для вас паслугача Ісуса Хрыста,

Ён і выявіў нам любасьць вашую ў духу.
 
які таксама паведаміў нам пра вашу любоў у Духу.

Таму мы з таго дня, як гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць, каб вы дайшлі да поўнага пазнання Божае волі ў ва ўсякай мудрасьці й духовым разуменні;
 
Таму і мы ад таго дня, у які гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць Бога, каб вы напоўніліся пазнаннем волі Яго ва ўсякай мудрасці і духоўным разуменні

каб паступаць вам спосабам дастойным Бога, у ва ўсім Яму дагаджаючы, прыносячы плод у кажным добрым дзеле ды ўзрастаючы ў спазнанні Бога;
 
і каб жылі дастойна Бога, ва ўсім падабаючыся [Яму], прыносячы плод у кожным добрым дзеянні і ўзрастаючы ў пазнанні Бога,

дужэючы ўсесілаю магуцтва славы Ягонай ва ўсякай цярплівасьці й пагоднай радасьці,
 
дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасці славы Яго ва ўсякай цярплівасці і велікадушнасці, з радасцю,

дзякуючы Айцу з радассьцяй, што паклікаў вас да удзелу ў сьветлай спадчыне сьвятых,
 
дзякуючы Айцу, Які ўчыніў вас дастойнымі ўдзельнічаць у лёсе святых у свеце,

што вызваліў нас ад улады цемры й перанёс у валадарства наймілейшага свайго Сына,
 
Які вырваў нас з улады цемры і перанёс у Валадарства Сына ўлюбёнага Свайго,

ў якім маем адкупленне ягонай крывёю і грахоў дараванне.
 
у Якім атрымалі мы адкупленне [праз кроў Яго] і адпушчэнне грахоў,

Ён ёсьць вобразам нявідомага Бога, першародны ўсякага стварэння;
 
Які ёсць вобраз нябачнага Бога, Першынец усяго стварэння,

у Ім бо створана ўсё на небе й на зямлі, бачнае й нябачнае: ці то троны, ці дзяржавы, ці то валадарствы, ці ўлады, — усё Ім і для Яго ўтворана;
 
бо ў Ім заснавана ўсё, што ёсць у небе і на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то троны, ці то валадарствы, ці начальствы, ці ўлады. Усё праз Яго і для Яго створана,

Ён ёсьць першы за ўсё і ўсё ў Ім трывае.
 
і Ён ёсць перад усім, і ўсё ў Ім заключаецца.

Ён такжа галава цела, Эклезіі, Ён першародны з мяртвых, так, каб у ва ўсём Яму быць першым,
 
І Ён — Галава цела Царквы; Ён — Пачатак, Першынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён трымаў першынство,

Айцу бо даўспадобна было, каб у Ім прабывала ўсякая поўня,
 
бо спадабалася [Богу], каб у Ім прабывала ўсякая поўня,

ды каб празь Яго ўсё міжсобку пагадзіць на зямлі й на небе, ўціхамірыўшы крывёю ягонага крыжа.
 
каб праз Яго ўсё пагадзіць з Сабою, ці што на зямлі, ці што ў небе ёсць, робячы супакой Крывёю крыжа Яго.

Дый вас самых, што калісь чужымі й варожымі былі праз думкі й нахілы да благіх учынкаў,
 
І вас, што былі калісьці чужымі і ворагамі праз схільнасць да ліхіх учынкаў,

прыяднаў цяпер у целе сьмерцю свайго Цела, каб зрабіць вас сьвятымі й беззаганнымі перад Сабою;
 
цяпер пагадзіў у целе смерцю цела Свайго, каб паставіць вас перад Сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі,

Толькіж трымайцеся ў веры цьвёрда і стала, не слабнучы ў надзеі Эванэліі, апавяшчэнне якое ўсякаму стварэнню пад небам вы чулі. Ейнаю то я, Павал, стаўся слугою.
 
калі толькі застанецеся моцнымі верай, стойкімі і непарушнымі ў надзеі Евангелля, якое вы чулі, якое абвяшчаецца ўсяму стварэнню, якое пад небам, якога я, Паўла, стаўся паслугачом.

Цяпер вось радуюся ў муках за вас і дапаўняю ва ўласным цее тое, чаго шчэ не хапае з Хрыстусавай журбы аб Ягоным целе, гэта знача Эклезіі,
 
Цяпер радуюся я з цярпенняў за вас і дапаўняю тое, чаго нестае з пакут Хрыстовых, у сваім целе за Цела Яго, якім ёсць Царква,

якое стаўся я слугою з Божага даручэння поўніць сярод вас Божае слова,
 
якой я стаўся паслугачом за пастановай Божай, дадзенай мне адносна вас, каб я споўніў слова Божае,

тайніцу укрытую ад вякоў і ад родаў, цяпержа выяўленую сьвятым Ягоным,
 
тайну, схаваную ад вякоў і пакаленняў, а цяпер выяўленую Яго святым,

якім воліў Бог аказаць як вялікім ёсьць сярод паганаў багацьце хвалы у гэнай тайніцы, што ёсьць у вас Хрыстус, надзея славы.
 
якім захацеў Бог выявіць багацці славы гэтае тайны сярод паганаў. Гэта ёсць Хрыстос між вамі, надзея хвалы.

Яго мы прапаведуем, настаўляючы кажнага чалавека і вучачы ўсякае мудрасьці, каб зрабіць дасканалым у Хрыстусе.
 
Яго абвяшчаем мы, выяўляючы кожнаму чалавеку ва ўсякай мудрасці, каб прадставіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце [Ісусе].

Над гэтым я і працую, змагаючыся Ягонай сілай, якая дзее ў ва мне магутна.
 
Дзеля гэтага я і працую, ваюючы пры Яго садзеянні, якім Ён ува мне дзейнічае магутна.