1 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Дзеля гэтага не цярпелася нам далей і пастанавілі застацца ў Атэнах аднаму,
Дзеля таго, што не маглі мы далей вытрымаць, захацелася нам адным застацца ў Атэнах.
а да вас выслалі Тыматэя, нашага брата і слугу Божага ды супрацоўніка нашага ў дабравешчанні Хрыстовым,
і паслалі мы да вас Цімафея, брата нашага і супрацоўніка Божага ў Евангеллі Хрыстовым, для падмацавання вашага і падбадзёрвання ў веры вашай,
каб падтрымаў вас ды пацешыў у вашай веры, каб ніхто не пахіснуўся ў журботах гэтых, выж бо самі ведаеце, што гэткая доля нашая.
каб ніхто не хістаўся ў гэтых прыгнётах; бо самі ж ведаеце, што мы на гэта пастаўлены.
Бо мы і тады, як былі ў вас, прадказвалі вам, што будзе прасьлед, гэта й сталася, як вам ведама.
Бо, і ў вас будучы, мы прадказвалі вам, што будзем цярпець прыгнёт, як і сталася, і вы ведаеце.
Вось таму і я, ня выцерпяўшы далей, паслаў даведацца аб вашай веры, баючыся, каб спакусьнік вас не зьбянтэжыў, і не сталася дарэмнай наша праца.
Таму вось і я, не могучы далей стрымацца, паслаў даведацца пра веру вашу, ці не зводзіць вас часам спакуснік і ці не дарэмнай была праца наша.
Цяпер-жа, як ад вас прыйшоў да нас Тыматэй, прыносячы добрую вестку аб веры й любасьці вашай ды аб заўсёднай добрай памяці аб нас, жадаючы бачыць нас, як і мы вас,
Цяпер жа, пасля прыбыцця да нас ад вас Цімафея і весткі пра веру і любоў вашу, і што маеце заўсёды пра нас добрую памяць, жадаючы нас пабачыць, як і мы вас,
дык і мы, пры ўсім суме й бядзе нашай, уцешыліся вамі, браты, праз веру вашу;
суцешыліся мы, браты, што да вас ва ўсякім горы і прыгнёце нашым дзеля веры вашай,
бо цяпер мы жывые, калі вы стаіце ў Богу.
бо мы цяпер жывём, калі вы стаіце ў Госпадзе.
Якуюж падзяку Богу можам мы за вас даць, за ўсю радасьць, якою вы нас урадавалі перад Богам нашым,
Якую ж падзяку можам даць Богу за вас і за ўсю радасць, якою радуемся дзеля вас перад Богам нашым,
як не дзень і ноч найшчырэй молячыся, каб яшчэ ўбачыць аблічча вашае ды дапоўніць нястачу ў веры вашай?
ноччу і днём горача молячыся, каб паглядзець на вас з аблічча і дапоўніць тое, чаго не хапае веры вашай?
Сам-жа Бог і Айцец наш і Усеспадар Езус Хрыстус хай выпрастуе дарогу нашую к вам!
Хай жа Сам Бог і Айцец наш і Госпад наш Ісус [Хрыстос] выпрастае дарогу нашу да вас.
А вам няхай Госпад напоўніць ды перапоўніць узаемнай ды да ўсіх любасьцю, як і мы да вас;
А вас няхай Госпад напоўніць і перапоўніць узаемнай любоўю і [любоўю] да ўсіх, як і мы да вас,
каб узмацніць вашы сэрцы ў сьвятасьці біззаганнай прад Богам і Айом нашым на прыйсьцё Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з усімі Ягонымі сьвятымі. Амэн.
дзеля ўзмацнення сэрцаў вашых без заганы ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі Яго святымі. Амін.