Да Габрэяў 10 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Закон бо, маючы ў сабе цень толькі будучага дабра, а не самы вобраз рэчаў, ня можа тыміж самымі ахвярамі, што прыносяцца кожны год, зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі.
 
Закон, маючы цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў, аднымі і тымі самымі ахвярамі, штогод без перастанку складанымі, ніколі не можа ўдасканаліць тых, што прыступаюцца [з імі].

Бо ціж не перасталіб іх ахвяроўваць, каліб ахвярнікі, раз ачышчаные, не пасуваліся ў сумленні да ніякага граху?
 
Інакш перасталі б іх складаць, таму што служыцелі, раз ачышчаныя, не мелі б ужо аніякага ўсведамлення грахоў.

Адыж у іх што-год аб грахох успаміналася,
 
Аднак у іх прыпамінанне грахоў штогод усё ж застаецца.

бо-ж немагчыма, каб сама кроў валоў і казлоў ахв. магла змываць грахі.
 
Бо немагчыма крывёй валоў і казлоў ачысціцца ад грахоў.

Таму прыходзячы на сьвет (Збавіцель) кажа: «Не хацеў дару й ахвяры, але цела прыспасобіў мне.
 
Таму, прыходзячы на свет, кажа [Хрыстос]: «Ахвяры і прынашэння не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў.

Целапаленні (й ахвяры) за грэх недаўспадобы табе.
 
Цэласпаленні і ахвяры за грэх не спадабаліся Табе.

Тады я сказаў: Вось прыходжу (напісана аба мне ў звоі кнігі), споўніць, о Божа, волю тваю» (Пс. 39:7−9).
 
Тады сказаў Я: вось, іду, на пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць, Божа, волю Тваю».

сказаўшы вышэй: «Не хацеў дару й ахвяры, цалапаленняў, ані ахвяр за грэх, ані тож не знайходзіў у іх упадобы» — а ёсьцьжа гэта ахвяры даваныя водле закону,
 
Сказаўшы раней: «Ахвяр і прынашэнняў, цэласпаленняў і ахвяр за грэх не захацеў Ты, і не спадабаліся яны Табе», хоць і складаюцца паводле закону,

— потым азнаямляе: «Вось прыходжу споўніць волю тваю» — Касуе восьжа першае, каб паставіць другое.
 
потым сказаў: «Вось, іду, каб выканаць волю Тваю». Касуе першую, каб устанавіць другую.

Сілаю гэтае волі мы раз назаўсёды усьвячаны ахвяраю цела Езуса Хрыстуса.
 
На моцы той волі асвечаны мы назаўсёды праз ахвяру цела Ісуса Хрыста.

Бож, падчас як сьвятар кажны станавіцца штодня да службы аўтарнай складае абыдна тыя самыя ахвяры, якіе ня могуць грахі гладзіць,
 
І кожны святар штодзень служыць і часта складае тыя самыя ахвяры, якія ніяк не могуць зняць грахоў.

той-жа злажыўшы адзіную за грахі, асеў ужо назаўсёды праваруч Бога Айца,
 
Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога,

чакаючы далейшага, калі ворагі ягоные лягуць падножжам стопаў яго.
 
чакаючы, аж дакуль непрыяцелі Яго будуць пакладзены пад ногі Яго.

Бо пасьвячаючы іх адною ахвярай, дасканальнымі ўчыніў навекі.
 
Вось, Ён адной ахвяраю ўдасканаліў на векі тых, якія асвечаны.

Сьцьвярджае нам гэта і Дух Святы, кажучы:
 
Сведчыць нам аб гэтым і Дух Святы, бо пасля таго Ён сказаў:

«Вось той запавет, які заключу з вамі пасьля гэных дзён, кажа Госпад: напоўню іхніе сэрцы маімі правамі, і выпішу іх на розумах іхніх.
 
«Вось якім будзе запавет, які Я размяшчу ў іх сэрцы і ў нутры іх упішу іх,

І грахоў і беззаконня іхняга дакараць больш ня буду» (Ер. 31:33).
 
дыграхоў і беззаконняў іх ужо ўспамінаць не буду».

А дзе ёсьць адпушчэнне грахоў, там няма ўжо ахвяры за грэх.
 
А дзе адпушчэнне [грахоў], там ужо больш не трэба ахвяры за грэх.

Маючы тады, браты, праз кроў Езуса запэўненае ўвойсьце да сьвятыні,
 
Дык, маючы тады, браты, пэўнасць увайсці ў святое праз кроў Ісуса,

да якое запачаткаваў ён дарогу новую і жывую праз заслону, г.зн. праз цела сваё,
 
Які праклаў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць цела Сваё,

і так вялікага ўсесьвятара над Божым домам,
 
і вялікага Першасвятара над домам Божым,

прыступем (да яго із шчырым сэрцам, чыстым сумленнем, з поўнай верай ды абмытые на целе вадою чыстаю).
 
прыступайма са шчырым сэрцам, у паўнаце веры, ачысціўшы сэрцы ад усякай свядомасці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам.

Трывайма непахісна пры моцнай надзеі вызнаванай, (бо верны ёсьць той, каторы абяцаў)
 
Трымаймася непарушнага вызнання надзеі, бо верны ёсць Той, Які даў абяцанне;

і уважайма адзін на другога, пабуджаючыся ўзаемна да любасьці ды добрых учынкаў.
 
і зважайма адзін на аднаго, заклікаючы да любові і да добрых учынкаў.

Не ўхіляймася ад супольных зыбранняў нашых, як гэта некаторые звыклі, але дадавайма сабе тымболей ахвоты, бо-ж збліжаецца дзень.
 
Не прапускайма нашых супольных сходаў, як сталася звычкай некаторых, але суцяшаймася, і тым больш, чым больш вы бачыце надыходзячы дзень.

Бо для размысна самахоць грэшачых, пазнаўшых і прызнаўшых праўду, ўжо няма ахвяры за грэх,
 
Бо калі мы добраахвотна грашым, прыняўшы пазнанне праўды, дык не застаецца ўжо ахвяры за грэх,

але страхотнае чаканне суду, і потым ярасьць агню, што мае зжэрці супраціўнікаў.
 
але толькі нейкае страшнае чаканне суда і жар агню, які павінен будзе паліць супраціўнікаў.

Хто нарушае Права Майжэшава пры двух, ці трох сьветках ьез міласэрдзя караецца сьмерцю.
 
Хто не падпарадкоўваецца закону Майсея, таго без ніякай міласэрнасці караюць смерцю пры двух або трох сведках.

Наколькіж, думаеце, цяжэйшае кары варты будзе той, хто Сына Божага патаптаў, і кроў запавету, якою асьвячаны ён, за абыдную ўважаў і Духа ласкі зьняважаў?
 
Падумайце самі, як шмат страшнейшых кар варты той, які Сына Божага патаптаў, ці кроў запавету, якой быў асвечаны, за звычайную лічыў і Духа ласкі зняважыў?

Знаем таго, хто сказаў: «Маёй ёсьць помста, я адплачу». І яшчэ: «Госпад будзе судзіць народ свой» (Паўт. Пр. 32:35−36).
 
Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: «Мне помста, і Я дам адплату», [— кажа Госпад, —] або зноў: «Сам Госпад будзе судзіць Свой народ».

Страшна папасьціся ў рукі Бога жывога.
 
Страшна трапіць у рукі Бога жывога.

Прыпомніце сабе даўнейшые дні, калі вы шчэ сьвежа прасьвечаные ператрывалі горкія мукі змагання,
 
Прыпомніце мінулыя дні, у якія вы, асвечаныя, перанеслі вялікую навалу пакут,

тады, як былі відовішчам зьняваг публічных вас самых, ці супольнікаў вашых.
 
іншы раз самі стаўшыся відовішчамі зняваг і цярпенняў або іншы раз быўшы сучаснікамі тых, што падобнае перажывалі.

Бо цярпелі супольна з увязьненымі ды рабаванымі, прыймаючы гэта з пагоднай рэзыгнацыяй.
 
Бо пакутавалі вы разам з увязненымі, і з радасцю прынялі вы рабунак вашай маёмасці, ведаючы, што маеце [ў небе] багацце лепшае, трывалае.

Не пакідайце восьжа спадзевы вашай, якая мае вялікую заплату.
 
Дык не пакідайце спадзявання вашага, якое мае вялікую ўзнагароду.

Толькі патрэбная вам цярплівасьць, каб выканаўшы волю Божу удастоіліся абецанага.
 
Цярплівасць жа вам патрэбна, каб, спаўняючы волю Божую, дачакаліся абяцання.

«За хвіліну бо, за малую хвілінку, прыйдзе, каторы мае прыйсьці, а не забавіцца».
 
Яшчэ вось крыху, крыху і прыйдзе Той, Які павінен прыйсці, і не замарудзіць.

«І справядлівы мой зь веры жыць будзе. Але хто адступіць, ня будзе падабацца маей душы» (Габ. 2:3−4).
 
Бо “справядлівы з веры жыве; калі бхто хістаўся, не спагадная да таго душа Мая”.

Але мы ня з тых, што адступаюць сабе на пагібель, нашай дарогай ёсьць вера — для ратавання душы.
 
Мы ж не з’яўляемся хісткімі на загубу, але веруючымі на збаўленне душы.