Мацьвея 21 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi
А калі прыбліжаліся да Ерузаліму й прыйшлі да Бэтфагэ пры Аліўнай гары, тады Езус паслаў двух вучняў,
І калі наблізіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,
кажучы ім: Ідзеце ў сяло, што напроць вас, і знойдзеце зараз прывязаную асліцу, а з ёй асьлянё; адвяжэце й прывядзеце ка мне.
кажучы ім: Ідзіце ў сяло, што перад вамі; і адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
А калі-б вам хто што гаварыў, скажэце, што яны патрэбны Усеспадару і зараз пусьціць іх.
І калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце: «Яны патрэбны Госпаду», і ён адразу пашле іх.
Гэта ўсё сталася, каб збылося сказанае праз прарока, гаварыўшага (Захар. 9:9):
Адбылося ж [ўсё] гэта, каб спраўдзілася сказанае праз прарока, які кажа:
Скажэце дачцэ Сыёнскай: «Вось да цябе йдзе валадар твой ціхі, седзячы на асьліцы й асьляці, сыне пад’ярэмнай».
«Скажыце Сіёнскай дачцы: вось ідзе да цябе твой Цар лагодны, што сядзіць на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай».
Вучні пайшлі й зрабілі так, як ім загадаў Езус.
І вучні, пайшоўшы і зрабіўшы так, як загадаў ім Ісус,
Прывялі асьліцу й асьлятка, ўзлажылі на іх свае вопраткі, і ўзрыхтавалі яму сесьці вярхом.
прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх [сваю] вопратку, і Ён сеў на яе.
А грамада вялізарная слала свае вопраткі на дарозе, а другія сьціналі галінкі з дрэваў ды слалі іх на дарозе.
А вялізны натоўп разаслаў сваю вопратку на дарозе, іншыя зразалі галіны з дрэў і расцілалі на дарозе.
Гурма, йшоўшая паперадзе і ззаду, крычала, кажучы: Госанна сыну Давідаваму! Багаслаўлёны, што прыйходзіць у імя Госпадава! Госанна ў высях!
А натоўпы, што ішлі перад Ім і ўслед за Ім, выкрыквалі, кажучы: Гасанна66 Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Гасанна ў вышніх!
І калі ўехаў у Ерузалім, заварушылася ўсё места, гаворачы: Хто гэта?
І калі Ён ўвайшоў у Іерусалім, увесь горад узрушыўся, кажучы: Хто гэта?
Народ-жа адказваў: Гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага.
А натоўпы казалі: Гэта Прарок Ісус з Назарэта Галілейскага.
І ўвайшоў Езус у святыню Божую ды павыганяў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні ды абярнуў сталы спэкулянтаў і рыштунак тых, што галубоў прадавалі;
І Ісус увайшоў у [Божы] Храм і выгнаў усіх прадаўцоў і пакупнікоў у Храме, і абярнуў сталы грашаменаў і ўслоны прадаўцоў галубоў;
і казаў ім: «дом мой домам малітвы звацімецца, а вы зрабілі з яго прытон разбойнікаў» (Із. 56:7; Ер. 7:11).
і кажа ім: «Мой дом домам малітвы будзе названы,» а вы яго робіце67 пячораю разбойнікаў.
І прыступілі да яго ў сьвятыні сьляпыя й кульгавыя і ён аздаравіў іх.
І падышлі да Яго сляпыя і кульгавыя ў Храме, і Ён вылечыў іх.
А першасьвятары і кніжнікі, бачачы дзіва, якое тварыў, ды воклікі дзяцей кажучых: «Госанна сыну Давідаваму!» — абурыліся
А першасвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, што Ён зрабіў, і дзяцей, што выкрыквалі ў Храме і казалі: «Гасанна Сыну Давідаваму», абурыліся.
і сказалі яму: Чуеш, што яны гавораць? Езус-жа кажа ім: Так, ці-ж вы ніколі ня чыталі, што «з вуснаў дзетак і сысункоў Ты ўчыніў хвалу» (Пс. 8:3).
І сказалі Яму: Ці чуеш, што яны кажуць? — А Ісус кажа ім: Так, чую! Хіба вы ніколі не чыталі: «З вуснаў дзяцей і немаўлят Ты стварыў Сабе хвалу?»
І пакінуўшы іх, выйшаў проч з гораду у Бэтанію і там астаўся.
І, пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і застаўся там.
А нараніцы, вяртаючыся ў горад, пачуў голад.
А ўранні, вяртаючыся ў горад, захацеў Ён есці.
І ўгледзеўшы пры дарозе адно фіговае дрэва, падыйшоў к яму і, не знайшоўшы на ім нічога, апрача толькі лісьця, сказаў яму: Хай-жа з цябе плод ніколі ня родзіцца навекі! І фіга зараз-жа ссохла.
І, убачыўшы адно фігавае дрэва пры дарозе, падышоў да яго і нічога не знайшоў на ім, апроч толькі лісця, і кажа яму: Няхай больш ад цябе не будзе плоду навек! — І зараз жа фігавае дрэва засохла.
А вучні, ўбачыўшы, дзівіліся й гаварылі: Як-жа хутка яна ссохла!
І вучні, убачыўшы, здзівіліся, кажучы: Як гэта адразу засохла фігавае дрэва?
Езус-жа сказаў ім на гэта: Сапраўды кажу вам: калі-б вы мелі веру і ня сумняваліся, ня толькі зробіце гэта з фіговым дрэвам, але калі-б і гэтай гарэ сказалі: «Узніміся й кінься ў мора», — станецца.
Ісус жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: калі будзеце мець веру і не засумняваецеся, то не толькі з фігавым дрэвам гэта зробіце, але і калі гэтай гары скажаце: «Падыміся і кінься ў мора» — спраўдзіцца.
І ўсё, чаго толькі прасіцімеце ў маліцьве, веручы — атрымаеце.
І ўсё, што вы папросіце ў малітве верачы, атрымаеце.
А як прыйшоў у сьвятыню й навучаў, прыступілі да яго вышэйшыя святары і старшыя народу, кажучы: Якою уладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу?
І калі Ён прыйшоў у Храм і вучыў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу, кажучы: Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу?
Езус, адказваючы, гавора ім: Спытаюся й я ў вас аднаго слова, калі вы мне яго скажаце, дык і я вам скажу, якою уладаю я гэта раблю.
Ісус жа сказаў ім у адказ: Спытаюся ў вас і Я аб адным; калі скажаце Мне гэта, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
Хрост Яна скуль быў, з неба, ці з людзей? Яны-ж мяркавалі сабе:
Іаанава хрышчэнне адкуль было? З неба ці ад людзей? — Яны ж разважалі між сабою, мяркуючы: Калі скажам: «З неба», то Ён скажа нам: «Дык чаму вы не паверылі яму?»
Калі скажам: «З неба», дык ён нам скажа: Чаму-ж вы не паверылі яму? А калі скажам: «З людзей», баязно грамады, ўсе бо мелі Яна за прарока.
Калі ж скажам: «Ад людзей» — баімся натоўпу; бо ўсе ўважаюць Іаана за прарока.
І ў адказ Езусу сказалі: Ня ведаем. Гавора ім так-жа і ён: І я вам не скажу, якою ўладаю раблю я гэта.
І яны сказалі Ісусу ў адказ: Не ведаем. — Сказаў і Ён ім: І Я не скажу вам, якою ўладай гэта раблю.
А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага, сказаў: Ідзі, сынку, папрацуй сяння ў маім вінаградніку.
А як вам здаецца? У [аднаго] чалавека было два сыны; і, падышоўшы да першага, ён сказаў: Сыне! Ідзі сёння, працуй у [маім] вінаградніку.
А той гавора ў адказ: Ня хочу. Потым аднак, раздумаўшыся, пайшоў.
Той жа сказаў у адказ: Не хачу, — але потым, раскаяўшыся, пайшоў.
І падыйшоўшы да другога, сказаў таксама. Гэтыж, адзываючыся. кажа: Іду, спадарвойча — адыж не пайшоў.
І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Я [іду], гаспадару, — але не пайшоў.
Каторы з двух выканаў волю айца? Кажуць яму: Першы. Гавора ім Езус: Сапраўды кажу вам, кунойміты й блудадзейнікі пойдуць перад вамі ў валадарства Божае.
Хто з двух выканаў бацькаву волю? — Яны кажуць [Яму]: Першы. Ісус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што зборшчыкі падаткаў і распусніцы ідуць паперадзе вас у Царства Божае.
Бо прыйшоў да вас Ян шляхом справядлівасьці й вы не паверылі яму, а кунойміты й блудадзеі паверылі яму; вы-ж, бачыўшы гэта, не пакаяліся, каб паверыць яму.
Бо Іаан прыйшоў да вас дарогаю праведнасці, і вы не паверылі яму; а зборшчыкі падаткаў і распусніцы паверылі яму; вы ж, убачыўшы, не раскаяліся пасля, каб паверыць яму.
Паслухайце другое прыповесьці: Быў чалавек гаспадар, які засадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго земляробам, выехаў.
Паслухайце іншую прыпавесць. Быў чалавек, гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік і абнёс яго агароджаю, і выкапаў у ім выціскальню, і збудаваў вежу — і здаў яго вінаградарам, і адлучыўся.
Калі-ж надыйшла пара пладоў, ён паслаў сваіх слугаў да вінаградароў, каб атрымаць свае плады.
Калі ж надышоў час збору пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў, каб узяць свае плады.
Але вінаградары, схапіўшы ягоных слуг, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага ўкамянавалі.
Вінаградары, схапіўшы яго слуг, аднаго збілі, другога забілі, а яшчэ аднаго ўкаменавалі.
Ізноў паслаў іншых слугаў, болей чым першых, і з імі зрабілі гэтаксама.
Ён зноў паслаў іншых слуг, больш, чым першых; і з імі ўчынілі тое самае.
Уканцы-ж паслаў да іх сына свайго, кажучы: Ушануюць сына майго.
А пазней ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца майго сына.
Адыж вінаградары, убачыўшы сына, гавораць адзін другому: Гэта насьледнік, пойдзем, заб’ём яго і будзем мець ягону спадчыну.
А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемец; хадзем, заб’ём яго і завалодаем яго спадчынаю.
І схапіўшы яго, выкінулі вон із вінаградніка ды забілі.
І, схапіўшы яго, выкінулі за вінаграднік і забілі.
Калі вось-жа прыйдзе гаспадар вінаградніка, дык што зробіць з тымі вінаградарамі?
Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што ён зробіць тым вінаградарам?
Кажуць яму: Злыдняў люта выгубіць, а вінаграднік свой аддасьць у арэнду іншым вінаградарам, якія аддавацімуць яму плады ў сваю пору.
Яны кажуць Яму: Злачынцаў ліхою смерцю загубіць, а вінаграднік здасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час.
Кажа ім Езус: Няўжэ ня чыталі вы ніколі ў Пісанні (Пс. 117:22): «Камень, які адкінулі будаўнічыя, той стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася і дзіўна яно ў вачох нашых»?
Ісус кажа ім: Хіба вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: «Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла; Госпадам зроблена гэта і дзіўнае ў нашых вачах»?
Таму кажу вам: будзе аднята ад вас валадарства Божае і дасцца народу, што творыць плады яго.
Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дасца народу, які прыносіць яго плады.
А хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, і на каго ён упадзе — расчавіць.
[І хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, раструшчыць яго].
І калі пачулі ягоны прыповесьці першасьвятары і фарызэі, зразумелі, што гаварыў аб іх.
І, пачуўшы Яго прыпавесці, першасвятары і фарысеі зразумелі, што Ён пра іх кажа;
І хацелі схапіць яго, але баяліся гушчаў народу, бо мелі яго за прарока.
і стараліся схапіць Яго, але пабаяліся натоўпу, бо Яго лічылі за прарока.