1 да Карынфянаў 12 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Міхася Міцкевіча
Ня хочу, браты, заняхаіць вас у нясьведамасьці аб духоўных дарах.
Вы-ж знаеце, што як былі паганамі, дык цягнула вас нясутрымна да немых бажкоў;
вось-жа ведайце: ніхто, прамаўляючы ў Духу Божым ня выскажа анатэмы (выкляцьця на Езуса; і толькі той, хто ёсьць пад уплывам Духа Святога кажа: «Усеспадар Езус».
Дары ласкі — розныя, але Дух той самы;
і ёсьць рожніцы ў паслугаванні, а Усеспадар (Госпад) той самы;
ды ёсьць рожніцы і ў дзейнасьці, але Бог той самы, які дзее ўсё ў-ва ўсіх.
Кажнаму даецца выяўленне Духа на карысьць:
аднаму даецца праз Духа слова мудрасьці, другому слова веды водле тагож Духа;
іншаму вера ў тым-жа Духу, а йшчэ іншаму дар аздараўляння ў тым адзіным Духу;
аднаму дар цудадзейства, а другому прароцтва, іншаму распазнаванне духаў, іншаму языкаведзтва, або ўмеласьць тлумачэння моваў.
А ўсё гэта даконывае адзін і той самы Дух, самахоць надзяляючы кажнага паасобна.
Так як цела ёсьць адно, а частак (чэлесаў) мае шмат і ўсе яны, хоць іх шмат, становяць адно цела — гэтак і Хрыстус.
Усе бо мы ахрышчаны адным Духам у вадно цела, ці-то Юдэйцы, ці Грэкі, нявольнікі ці вольныя, і ўсе адным Духам перапоены.
Бо і цела ня ёсьць адной часткай (чэлесам), але многімі.
Каліб так сказала нага: «Яж ня рука і таму да цела не належу», дык ціж праз гэта і не належыць?
І каліб вуха сказала: «Я ня вока, дык да цела не належу», дык няўжо праз гэта й не належыць?
Каліб усё цела было вокам, дык дзе слых? Або каліб усё было слых, дык дзеж тады нюх?
Алеж Бог разьмяркаваў чэлесы — кажнага зь іх — у целе, як Сам хацеў.
І каліб усё было адным чэлесам, дык дзе тады цела?
Цяпер-жа чэлесаў шмат, а цела адно.
Ня можа сказаць вока руццэ: «Ты непатрэбная мне»; або галава — нагам: «Вы непатрэбныя мне».
Бо-ж часткі цела, што здаюцца слабейшымі, шмат патрабнейшыя,
і якія ўважаем менш пачэснымі ў целе, тым-большай прыстойнасьцю ахоўваем тыя, што ўходзяць у нас за няпрыстойныя,
прыстойныя бо гэтага не патрабуюць: Бог так разьмяркаваў цела, што прыдаў больш увагі тым часткам, якім яе не хапала,
каб ня было разладу ў целе, але каб усе часткі аднолькава адна аб другой рупіліся.
І як цярпіць адна часьціна, цярпяць зь ёю ўсе часьціны, а калі услаўляецца адна частка, радуюцца зь ёю ўсе часткі.
Вы-ж — цела Хрыстуса, а паасобна — часьціны (чэлесы).
І адных паставіў Бог у Эклезіі: па-першае Апосталаў, па-другое Прарокаў, па-трэцяе Вучыцялёў: далей — сілы цудадзейныя, аздараўляльныя, дапаможныя, гаспадарныя, моваведныя.
А ціж усе Апосталамі? Ці ўсе Прарокамі? Ці ўсе Вучыцелямі?
Ці ўсе маюць дар цудадзейскі? Ці дар аздараўляння? Ці ўсе моваведамі? Ці ўсе тлумачамі?
Дабівайцеся вышэйшых дараў, а я пакажу вам шлях найвышэйшы.