Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Аляксандара Надсана
І сталася, калі скончыў Езус усе гэтыя мовы, казаў сваім вучням:
Вы ведаеце, што за два дні будзе Пасха і Сын чалавечы будзе выданы на ўкрыжаванне.
Тады сабраліся вышэйшыя сьвятары і старшыя народу на дварэ архісьвятара, якога звалі Кайфашам;
і ўмовіліся схапіць Езуса хітрасьцю ды забіць.
Але казалі: Толькі ня ў свята, каб часам ня было забурэння ў народзе.
Калі-ж Езус быў у Бэтаніі, ў доме Сымона запаветранага,
прыступілася да яго жанчына з алябастраваю судзінкаю дарагога алейку й паліла яму на голаў, як быў за сталом.
Вучні-ж, бачачы гэта, сярдавалі, кажучы: Нашто гэтае марнатраўства?
Бо можна было гэтае прадаць за добрую цану ды даць убогім.
А Езус ведаючы гэта, кажа ім: Нашто робіце прыкрасьць гэтай жанчыне? Яна-ж добры ўчынак для мяне зрабіла.
Убогіх вы заўсёды маеце з сабою, адыж мяне маеце не заўсёды.
Бо яна, выліўшы гэты алеек на маё цела, зрабіла гэта к’ маім паховінам.
Сапраўды кажу вам: Дзе толькі будзе абвяшчацца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце, казацімецца й тое, што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй.
Тады пайшоў адзін з дванаццацёх, які зваўся Юдаш Іскарыёт, да старшых сьвятороў
і сказаў ім: Што мне дасьце, а я вам яго выдам? Яны-ж вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў.
І ад тае пары шукаў нагоды, каб выдаць.
У першы дзень праснакоў прыступілі вучні да Езуса, кажучы: Дзе хочаш прыгатаваць табе Пасху спажываці?
Езус-жа кажа: Ідзеце ў горад да аднаго чалавека й скажэце яму: «Вучыцель гавора: час мой блізкі, ў цябе зладжу Пасху з вучнямі маімі».
І вучні зрабілі так, як ім загадаў Езус і прыгатавалі Пасху.
Калі-ж настаў вечар, ён сядзеў з дванаццацьма сваімі вучнямі.
І калі яны елі, сказаў: Сапраўды кажу вам, адзін з вас мяне выдасьць.
Яны глыбока зажурыліся й пачаў кожны паасобку пытаць: Ці гэта я, Спадару?
А ён адказвае, гаворачы: Хто мачае са мною руку ў міску, той мяне выдасьць.
Сын-то чалавечы йдзе, як аб ім напісана, адыж гора таму чалявеку, праз якога Сын чалавечы будзе выданы, лепш было-б не радзіцца чалавеку тому.
Адазваўся і Юда, яго здраднік, кажучы: Ніаўжэ гэта я, Раббі? Гавора яму: Ты сказаў.
А калі яны вячэралі, узяў Езус хлеб і багаславіў, і паламаў, і даў вучням сваім, ды сказаў: Бярэце й спажывайце; гэта ёсьць цела маё.
І ўзяўшы кіліх, учыніў падзяку і даў ім, кажучы: Пеце з гэтага ўсе;
гэта бо ёсьць кроў мая новага закону, якая за многіх будзе праліта на адпушчэнне грахоў,
Кажу-ж вам: Ня піціму ад гэтай пары з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі піціму з вамі новы ў валадарсьцьве Айца майго.
І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.
Тады сказаў ім Езус: Усе вы з мяне згоршыцеся ў гэтую ноч; Бо ёсьць напісана: «Удэру пастыра і рассыплюцца авечкі стада» (Зах. 13:7).
Але потым, як згробуўстану, пайду перад вамі ў Галілею.
Пётр-жа, адазваўшыся, гавора яму: Хоць-бы ўсе з цябе згоршыліся, я ніколі ня згоршуся.
Сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, у гэту ноч, перш, чымся запяе певень, ты трэйчы ад мяне адрачэшся.
Гавора, яму Пётр: Калі-б навет мне трэ’ было памерці з табою, я цябе не адракуся. Так і ўсе вучні казалі.
Тады прыйшоў Езус з імі ў сялібу, званую Гэтсэмані, і сказаў сваім вучням: Пасядзеце гэта, пакуль я пайду там памалюся.
І ўзяўшы Пятра ды двух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і сумаваць.
Сказаў тады ім: Сумная душа мая аж да сьмерці. Пабудзьце тут са мною і не драмеце.
І адыйшоўшыся крыху, прыпаў абліччам сваім і маліўся, кажучы: Ойча мой! Калі магчыма, хай адыйдзе ад мяне гэты кіліх, адыж не як я хочу, але як Ты.
І прыйходзіць да вучняў сваіх ды знайходзіць іх сплючых. І кажа Пятру: гэтак вось не маглі вы аднае гадзіны чуняць са мною?
Ня сьпеце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух-то бадзёры, да цела немачнае.
Ды зноў, другі раз адыйшоўшыся, маліўся славамі: Ойча! Калі ня можа гэты кіліх мяне абмінуць, каб ня піць мне яго, будзь воля твая!
І, вярнуўшыся, зноў застаў іх сплючы, вочы бо іх абцяжэлі.
І, пакінуўшы іх, ізноў адыйшоўся й трэці раз маліўся тымі-ж самымі славамі.
Тады прыйходзіць да вучняў сваіх і кажа ім: Спеце ўжо й адпачывайце! Вось прыйшла часіна і Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
Устаньце, пойдзем, вось прыбліжыўся той, што мяне выдасьць.
І, калі яшчэ гаварыў ён, вось Юдаш, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, а з ім вялікая грамада з мячамі й кіямі, ад архісьвятараў і старшых народу.
А здраднік яго даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, той і ёсьць, бярэце яго.
І зараз падыйшоўшы да Езуса, сказаў: Прывет табе, вучыцелю! Ды пацалаваў яго.
Езус-жа сказаў яму: Дружа, пашто ты прыйшоў? Тады прыступіўшы, кінуліся на Езуса ды ўзялі яго.
І вось адзін з тых, што былі з Езусам, працягнуўшы руку, выняў меч свой і, ударыўшы слугу архісьвятара, адсек яму вуха.
Тады сказаў яму Езус: Схавай меч свой на месца ягона, ўсе бо, што бяруць меч, ад мяча пагінуць.
Няўжэ думаеш, я не магу папрасіць Айца майго, каб даў мне цяпер болей, чым дванаццаць легіёнаў анелаў?
Але як-жа споўняцца Пісаньні, што гэтак мусіць стацца?
У тую часіну сказаў Езус грамадам: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі й кіямі, узяць мяне. Штодзень я сядзеў у вас, навучаючы ў сьвятыні, а вы не ўзялі мяне.
А ўсё гэта сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы яго, паўцякалі.
Яны-ж, узяўшы Езуса, павялі да Кайфаша, архісьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі й старшыны.
А Пётр ішоў за ім здалёк аж да панадворку архісьвятаровага і, ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сядзеў з прыслужнікамі, каб бачыць канец.
Архісьвятары-ж і старшыны ды ўся Рада шукалі фальшывага сьвядоцтва супроць Езуса, каб зрабіць яму сьмерць,
ды не знайшлі, хоць шмат прыходзіла фальшывых сьветкаў. Уканцы-ж прыйшлі два хвальшывыя сьветкі
і сказалі: Гэты гаварыў: «Магу разбурыць сьвятыню Божую ды за тры дні адбудаваць яе».
Падняўся першасьвятар і кажа яму: Нічога не адказваеш на тое, што гэтыя на цябе сьветчаць?
Адыж Езус маўчаў. Першасьвятар тады кажа яму: Запрысягаю цябе жывым Богам, скажы нам, ці ты ёсьць Хрыстус, Сын Божы?
Езус гавора яму: Ты сказаў. Адыж гавару вам: адцяпер убачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч Усемагутнасьці й прыходзячага ў ваблоках нябесных.
Разарваў тады першасьвятар на сабе адзенне, кажучы: Зблюзніў! Нашто нам яшчэ сьветкі? Вось чулі-ж блюзнерства.
Як вам здаецца? Яны кажуць у вадказ: Годзен сьмерці.
І пачалі пляваць яму ў твар ды біць кулакамі, іншыя-ж давалі пашчочыны,
кажучы: Прароч нам, Хрысьце, хто гэта цябе ўдарыў?
А Пётр сядзеў на дварэ вонках. І падыйшла к яму адна служніца дый кажа: І ты-ж быў з Езусам Галілейскім.
Адыж ён адрокся перад усімі, кажучы: Ня ведаю, што гаворыш.
А як выйходзіў да брамы, спанатрыла яго другая прыслужніца й кажа тым, што там стаялі: І гэты быў з Езусам Назарэйскім.
І зноў адрокся, прысягаючы, што ня знае чалавека.
Крыху пазней падыйшлі тыя, што стаялі там ды сказалі Пятру: Сапраўды і ты з іх, бо і гаворка твая цябе выдае.
Тады пачаў назаклён адманвацца, што ня знае гэтага чалавека. І воміг тут-жа запяяў певень.
І прыпомніляся Пятру запавешчанае слова Езусава: «Перш чымся запяе певень, ты трэйчы адрачэшся мяне». І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.