Мацьвея 7 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Ня судзеце, каб вас ня судзілі.
 

Бо якім судом вы судзіце, такім і вас судзіцімуць, ды якой меркай вы адмерыце такой і вам адмерыцца.
 

Чаму-ж гэта ты бачыш стрэмку ў воку брата твайго, а палена ў сваім воку ня відзіш?
 

Або як ты скажаш свайму брату: «Дай я выйму стрэмку з вока твайго», адыж у воку тваім палена.
 

Крывадушнік, выкінь перш палена з собскага вока, а тады ўгледзіш, як дастаць стрэмку з вока брата твайго.
 

Не давайце таго, што сьвятое, сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб часам не патапталі іх сваімі нагамі ды, адвярнуўшыся, не разарвалі вас.
 

Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайце й будзе вам адчынена.
 

Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знайходзіць; а таму, хто стукае, адчыняць.
 

Або, ці ёсьць між вамі такі чалавек, які свайму сыну просячаму хлеба, даў-бы камень?
 

Ці, калі-б папрасіў рыбы, даў-бы, яму зьмяю?
 

Вось-жа калі вы, будучы благімі, ўмееце даваць добрыя дары дзецям сваім, наколькі болей ваш Айцец, што ёсьць у небе, дасьць добрае у Яго просячым!
 

Дык усё, што толькі вы задаеце, каб вам людзі рабілі і вы ім рабеце; гэта бо закон і прарокі.
 

Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама й прасторны ёсьць шлях, што вядзе на загубу, і шмат хто імі ўвайходзіць.
 

Як-жа цесная брама і вузкая дарога, якая вядзе да жыцьця і мала такіх, што знайходзяць яе!
 

Сцеражэцеся прарокаў-ілгуноў, якія прыйходзяць да вас у авечай шкуры, а ўнутры яны ваўкі рвучыя.
 

Па іхніх пладох пазнаеце іх. Ці-ж збіраюць з цярніны вінаград, або з асоту фігі?
 

Гэтак усякае добрае дзерава дае добрыя плады, а благое дзерава дае благія плады.
 

Ня можа добрае дзерава даваць благіх пладоў ані благое дзерава даваць добрых пладоў.
 

Усякае дзерава, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў вагонь.
 

Дык па іхніх пладох пазнаеце іх.
 

Ня ўсякі, хто мне кажа: «Госпадзе,Усеспадару», увойдзе ў валадарства нябеснае, але хто спаўняе волю Айца майго, каторы ёсьць у небе той увойдзе ў валадарства нябеснае.
 

Многія скажуць мне ў той дзень: «Усеспадару, Усеспадару, ціж не тваім імям прарочылі мы, ціж не тваім імям нячысьцікаў выганялі, ці-ж не тваім імям шмат цудаў дзеелі?»
 

І тады выскажу ім: я ніколі ня знаў вас, адыйдзеце ад мяне вы, што творыце нягоднасьць.
 

Вось-жа кожны, хто слухае гэтых слоў маіх і выпаўняе іх будзе прыраўняны да чалавека мудрага, які збудаваў дом свой на камені.
 

І лінуў дождж, і разліліся рэкі, і ўзняліся вятры ды хлынулі на дом той — адыж ня ўпаў ён, бо быў пастаўлены на камені.
 

А ўсякі, хто слухае гэтых слоў маіх ды ня выпаўняе іх, будзе падобны да чалавека неразумнага, што пабудаваў дом свой на пяску.
 

І пусьціўся дождж; і прыбылі рэкі, і сарваліся вятры ды рынулі на дом гэны — і заваліўся ён, а вялікая была яго руіна.
 

І сталася, калі скончыў Езус гэтыя словы, грамады не маглі надзівіцца з навукі ягонай.
 

Бо ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як іхнія кніжнікі і фарызэі.