1 да Карынфянаў 2 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

І я калі прыйшоў да вас, браты, дык ня высокамоўствам, ці мудрасьцяй прыйшоў вясьціць вам сьветчанне аб Хрыстусе;
 

бо-ж не мяркаваў сабе ўмець што між вамі, апрача Езуса Хрыстуса і-то ўкрыжаванага.
 

Быў я у вас немачным з дрыготнай боязьзю;
 

і мова ды прапаведванне маё ня былі ў праконваючых словах мудрасьці, а — ў выяўленні сілы духа,
 

каб вера ваша мацавалася ня мудрасьцю людзкою, але сілаю Божаю.
 

Між дасканальнымі то весьцім і мудрасьць, але ня мудрасьць гэтага сьвету, ці ніклых князёў ягоных,
 

толькі прамудрасьць Божую тайнічную, сукрытую, катору празначыў Бог спрадвеку для хвалы нашае,
 

якое не спазнаў ніхто з валадароў гэтага веку, бо каліб спазналі, Усеўладцу хвалы, не укрыжаваліб.
 

Але, як напісана: Чаго вока не аглядала, ні вуха ня чула, ані сэрца чалавеча не прачула — тое Бог прыгатаваў Яго любячым (Із. 64:4).
 

А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго, Дух бо ўсё пранікае, навет глыбіні Божыя.
 

Хтож бо з людзей ведае што ў чалавеку, як ня дух людзкі ў ім? Гэтаксама й таго, што ў Богу ёсьць, ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага.
 

А мы-ж атрымалі ня духа сьвету, але Духа, што з Бога ёсьць, каб ведаць, чым абдарыў нас Бог праз сваю ласку;
 

тамуж вось і гаворым аб гэтым не славамі, якіх навучыла нас людзкая мудрасьць, але такімі, якіх вучыць нас Дух: праз духа кемячы духовае.
 

Чалавек бо жывёльны ня кеміць таго, што паходзіць з Божага Духа, яму глупствам здаецца тое, чаго ня можа зрузумець, бо гэта можна сьцяміць толькі духова.
 

Духоўныж разьбіраецца ва ўсім, а вось сам празь нікога ня бывае разуметы;
 

Хто бо спазнаў думку Госпада, каб навучыў яго? А мы думку Хрыстову ведаем (Рым. 11:34).