2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Аляксандара Надсана
Просім вас, браты, адносна прыйсьця Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, калі зграмадзімся к Яму,
не дайцеся лёгка вывесьці сябе з раўнавагі, ані затрывожыць сябе харызматам (праз духа), ці праз навуку, або ліст які нібыто ад нас, — што дзень Госпадаў ужо надыходзіць.
Хай ніхто ніякім чынам вас не бянтэжыць; перш бо настане адступства й выявіцца чалавек граху, сын загібелі,
які супраціўляецца й вывышаецца над усё Богам званае, ці сьвятыняй, так што навет засядзе ў сьвятыні Божай, выдаючы сябе за Бога.
Ці не памятаеце, як гэта гаварыў вам, яшчэ будучы ў вас?
І ведаеце што цяпер яго сутрымоўвае выявіцца сваечасна.
Тайніца бо бязбожнай негадзі (беззаконня) ужэ арудуе, толькі ня зьдзейсьніцца цяпер пакуль ня будзе з-пасярод узяты той, хто яе ўстрымоўвае.
І тады зьявіцца той бязбожнік, якога Госпад Езус усьмерціць духам сваіх вуснаў і зьніштожыць зіяннем свайго прыйсьця.
А паява таго будзе пад шатанскім дзеянням з усякага роду сіламі й знакамі ды хвальшывымі цудамі,
усякай зводніцкай спакусай для гінучых затое, што ня прынялі любасьці праўды, якаяб іх збавіла.
І за гэта дапусьціць Бог прымірснае дзеянне подступу, каб уверылі лгарству,
каб былі асуджаные ўсе няўверыўшые праўдзе, а ўпадабаўшые лжу.
Але мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, браты Богу мілые, што ён ад пачатку выбраў вас для збаўлення праз асьвяту Духа і веру праўдзе,
да чаго і паклікаў вас нашым прапаведніцтвам Эванэліі, каб прыдбалі славу Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса.
Дык стойцеж, браты й трымайцеся традыцыяў, якіх ад нас навучыліся ці-то вусна, ці лістоўна.
Сам-жа Госпад наш Езус Хрыстус і Бог Айцец наш, які палюбіў нас ды даў праз ласку сваю суцеху вечную й надзею добрую,
хай урадуе сэрцы вашые ды ўмацуе ў кажным добрым дзеле й добрым слове.