Мацьвея 8 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Калі-ж-зыйшоў з гары, пайшла за ім вялізная грамада.
 
Калі ж Ён сышоў з гары, услед за Ім пайшло мноства лю́ду.

І вось запракажаны, падыйшоўшы, кланяўся яму, кажучы: Усеспадару, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
 
І вось, падышоў пракажоны і пакланіўся Яму, ка́жучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачы́сціць.

Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і кажа: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа была ачышчана ягоная праказа.
 
Іісус, працягну́ўшы руку́, дакрану́ўся да яго і сказаў: хачу, ачы́сціся. І адразу ачы́сціўся той ад праказы.

І сказаў яму Езус: Глядзі, нікому не расказвай, але йдзі пакажыся сьвятару ды ахвяруй дар, які загадаў Майзей, на пасьветчанне ім.
 
І кажа яму Іісус: глядзі, нікому не расказвай; а ідзі, пакажы́ся святару́ і прынясі дар, як загадаў Маісей, дзеля све́дчання ім.

Калі-ж увайшоў у Кафарнаум, падыйшоў да яго сотнік, просячы яго
 
Калі ж увайшоў Іісус у Капернау́м, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго,

і кажучы: Усеспадару, слуга мой ляжыць дома спараліжаваны й цяжка мучыцца.
 
ка́жучы: Госпадзі! слуга мой ляжыць дома спаралізава́ны і моцна паку́туе.

І сказаў яму Езус: Я прыйду й аздараўлю яго.
 
Іісус кажа яму: Я прыйду і ацалю́ яго.

А сотнік, адказваючы, гавора: Усеспадару, я ня варт, каб ты ўвайшоў пад мой дах, але скажы толькі словам і аздаравее слуга мой.
 
А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзі! я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і вы́здаравее слуга мой.

Бо і я чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабою вояў, і кажу аднаму: «Ідзі» — і ён ідзе, а другому: «Прыйдзі» — і ён прыйходзіць, ды слузе майму: «Рабі гэта» — і ён робіць.
 
Бо і я чалавек падула́дны; але, ма́ючы ў сябе паднача́леных мне воінаў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзí», і прыхо́дзіць; і рабу майму: «зрабі гэта», і робіць.

А, пачуўшы Езус, здзівіўся й сказаў да тых, што йшлі за ім: Сапраўды кажу вам, не знайшоў я гэткае вялікае, веры ў Ізраэлю.
 
Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізра́ілі не знайшоў Я такое веры.

І кажу вам, што многія прыйдуць з усходу ды засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у каралеўстве нябесным,
 
Кажу ж вам, што многія з усходу і з за́хаду пры́йдуць і ўзля́гуць з Аўраа́мам, Ісаа́кам і Іа́кавам у Царстве Нябесным;

а сыны каралеўства будуць выкінуты ў цемру надворную, там будзе плач і скрыгот зубоў.
 
а сыны́ царства будуць вы́кінуты у цемру знешнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў.

І сказаў Езус сотніку: Ідзі, як ты ўверыў, так табе хай і станецца. І ачуняў слуга ў тую гадзіну.
 
І сказаў Іісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, няхай будзе табе. і вы́здаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзíну.

А як прыйшоў Езус у дом Пятра, убачыў цешчу ягону, ляжачую ў гарачцы,
 
Прыйшоўшы ў дом Пятра Іісус убачыў це́шчу яго, якая ляжала ў гара́чцы.

і дакрануўся да ейнай рукі й пакінула яе гарачка, і яна устала й паслугоўвала ім.
 
І Ён дакрану́ўся да рукí яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і прыслу́жвала ім.

Калі-ж настаў вечар, шмат напрыводзілі да яго абянтэжаных злым духам. І выганяў духаў словам ды аздараўляў хворых усіх,
 
Калі ж звечарэ́ла, прывялі да Яго многіх людзей, апанава́ных дэманамі; і Ён вы́гнаў духаў сло́вам і ўсіх нямо́глых ацалíў;

каб споўнілася, што было сказана праз Ізаю прарока, які кажа: «Ён прыняў нашы немачы й насіў нашыя хваробы» (53:4).
 
каб збыло́ся ска́занае праз прарока Іса́ію, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы не́мачы, і хваробы панёс».

Відзячы-ж навокал сябе шмат народу, загадаў Езус пераплыць на другі бок мора.
 
Калі ж Іісус убачыў вакол Сябе мноства люду, то загадаў вучням адплыць на другі бок.

І падыйшоўшы адзін кніжнік, сказаў яму: Вучыцелю, пайду за табою, куды-б ты ні пайшоў.
 
І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.

І сказаў яму Езус: Лісы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе галавы прытуліць.
 
Кажа яму Іісус: лíсы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды; а Сын Чалавечы не ма́е, дзе галаву прытулíць.

Другі-ж з вучняў ягоных сказаў яму: Усеспадару, дазволь мне перш пайсьці й пахаваць бацьку майго.
 
А іншы, з вучняў Яго, сказаў Яму: Госпадзі! дазволь мне перш пайсці і пахава́ць бацьку майго.

А Езус сказаў яму: Ідзі за мною і пакінь умерлым хаваць сваіх нябожчыкаў.
 
Але Іісус сказаў Яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хава́ць сваіх паме́рлых.

І калі ён увайшоў у лодку, паўходзілі за ім і вучні ягоныя.
 
І калі ўвайшоў Ён у лодку, за Ім увайшлі вучні Яго.

І вось усхадзілася вялікая бура на моры, аж лодку хвалі залівалі, а ён спаў.
 
І вось, бура вялікая ўзняла́ся на моры, так што лодку захлíствалі хвалі; а Ён спаў.

Тады прыступілі да яго вучні і збудзілі яго, кажучы: ратуй нас Усеспадару, гінем!
 
І вучні Яго, падышоўшы, разбудзілі Яго, ка́жучы: Госпадзі! рату́й нас, гінем.

І кажа ім Езус: Чаго вы гэтак баіцеся, малаверлівыя? Тады ўстаўшы, загадаў вятром і мору й зрабілася вялікая цішыня.
 
І Ён кажа ім: чаго вы такія баязлівыя, малаверы? Тады, устаўшы, забаранíў вятра́м і мору, і настала цíша вялікая.

І, дзівячыся, людзі гаварылі: Хто ён такі, што і вятры і мора слухаюць яго?
 
А людзі, дзівíліся і казалі: хто Ён такі, што і вятры́, і мора слухаюцца Яго?

Калі-ж пераплыў на другі бераг у краіну Гэразэнаў, насустрэч яму выбеглі з магілаў два маючыя дзябальства, вельмі лютыя, так што ніхто не адважваўся прайходзіць тою дарогай.
 
І калі прыплыў Ён на другі бераг, у краіну Гергесíнскую, сустрэлі Яго, вы́йшаўшы з магільных пячор, двое апанава́ных дэманамі, вельмі лю́тыя, так што ніхто не мог прахо́дзіць дарогаю тою.

І вось яны закрычалі: што табе да нас, Езусе, Сыне Божы? Прыйшоў ты сюды перадчасна мучыць нас?
 
І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Іісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дача́сна му́чыць нас.

А недалёка ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
 
А зводдаль ад іх пасвіўся вялікі ста́так свіне́й.

Дык чэрці прасілі яго: Калі згэтуль нас выганяеш, пашлі нас ў гэны гурт сьвіней.
 
І дэманы прасілі Яго, ка́жучы: калі выганіш нас, то дазволь нам увайсці ў ста́так свіне́й.

І сказаў ім: Ідзеце. Яны-ж, выйшаўшы, ўвайшлі ў свінне. І вось усенькі гурт кінуўся стрымгалоў у мора і захлынуўся вадою.
 
І Ён сказаў ім: ідзіце. І вы́йшлі яны, і пайшлі ў ста́так свіне́й. І вось, кінуўся ўвесь ста́так свіне́й з кру́чы ў мора і загінуў у вадзе.

Пастухі-ж паўцякалі й, прыйшоуўшы ў горад, расказалі аб усім ды аб тых, што мелі нячысьцікаў.
 
А пастухі паўцяка́лі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра тое, што зда́рылася з апанава́нымі дэманамі.

І вось увесь горад выйшаў насустрэч Езусу ды, ўбачыўшы яго, прасілі, каб адыйшоў ад іхніх рубяжоў.
 
І вось, увесь горад вы́йшаў насу́страч Іісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад межаў іх.