Мацьвея 1 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Вітаўта Тумаша
Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.
Абрагам спарадзіў Ізаака, Ізаак спарадзіў Якуба. Якуб спарадзіў Юду й братоў ягоных.
Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары. Фарэс спарадзіў Эзрона, Эзрон спарадзіў Арама.
Арам спарадзіў Амінадаба. Амінадаб-жа спарадзіў Наасона. Наасон спарадзіў Сальмона.
Сальмон-жа спарадзіў Бооза ад Рагабы. А Бооз спарадзіў Обэд ад Рут.
Обэд спарадзіў Ессэ. А Ессэ спарадзіў Давіда караля. Давід-жа кароль спарадзіў Салямона з тае, што была Урыявай.
Салямон спарадзіў Робоама. Робоам спарадзіў Абію. Абія спарадзіў Асу.
Аса-ж спарадзіў Ёзафата. Ёзафат спарадзіў Ёрама. А Ёрам спарадзіў Озію.
Озія спарадзіў Ёатама. А Ёатам спарадзіў Ахаза. Ахаз-жа спарадзіў Эзэхію.
Эзэхія спарадзіў Манассэса. А Манассэс спарадзіў Амона, Амон-жа спарадзіў Ёзію.
А Ёзія спарадзіў Ехонія і братоў ягоных перад перамяшчэннем у Бабілён.
А пасьля перамяшчэння ў Бабілён Ехоні спарадзіў Салятіэля. Салятіэль-жа нарадзіў Зарабабэля.
А Зарабабэль спарадзіў Абіюда. Абіюд спарадзіў Эліакіма, Эліакім-жа спарадзіў Азора.
Азор спарадзіў Садока. А Садок спарадзіў Ахіма. Ахім спарадзіў Эліуда.
Эліуд спарадзіў Элеазара. Элеазар спарадзіў Матгана. А Матган спарадзіў Якуба.
Якуб спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, з якое нарадзіўся Езус, што называецца Хрыстус.
Гэтак усіх радоў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць. І ад Давіда да перамяшчэння Бабілёнскага радоў чатырнаццаць. І ад перамяшчэння ў Бабілён да Хрыстуса радоў чатырнаццаць.
А з нарадзінамі Хрыста было гэтак: Па заручынах Маці Ягонай Марыі з Язэпам, перад тым як сышліся, выявілася, што яна ўжэ мела ў сабе з Духа Святога.
Язэп-жа, ейны муж, быў чэсным, і ня хочучы яе знеслаўляць, маніўся сэкрэтна пакінуць яе.
Адыж яктолькі гэта падумаў, вось анел Божы з’явіўся, яму ўва сьне й сказаў: Язэпе, сыне Давідавы, ня бойся прыняць Марыю, тваю сужэнку, гэны бо засьнітак у ёй ёсьць з Духа Святога.
Вось-жа народзіць сына, і дасі імя яму Езус, ён бо збавіць людзей сваіх ад грахоў іхніх.
А ўсё гэта здарылася, каб збылося Госпадам сказанае праз прарока гаворачага:
«Вось дзяўчо меціме ў нутры сваім і народзіць сына, і дадуць імя яму Эммануэль» гэта знача: Бог з намі (Із. 7:14).
Устаўшы зо сну Язэп зрабіў як загадаў яму анел Божы, і прыняў сваю сужэнку.
І не пазнаваў яе дакуль не нарадзіла сына свайго першароднага, і даў імя яму: Езус.