Біблія » Пераклады » Пераклад Ягора Прыстаўкі

Якуба 1 Пасланне Якуба 1 разьдзел

1 Якуб, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, вітае дванаццаць плямёнаў, якія знаходзяцца на чужыне!
2 Лічыце за вялікую радасць, браты мае, калі прыходзяць разнастайныя выпрабаванні;
3 ведайце, што праверка вашай веры выпрацоўвае трываласць.
4 А трываласць няхай мае {такі} канчатковы вынік, каб вы былі дасканалыя, беззаганныя і ні ў чым не мелі недахопу.
5 Калі ж камусьці з вас не хапае мудрасці, няхай просіць у Бога (які ўсім дае проста і не папракае) — і яна будзе дадзена яму.
6 Толькі няхай просіць з верай, без усялякіх ваганняў. Бо той, хто вагаецца, падобны да марской хвалі, якая ўздымаецца і гайдаецца ветрам.
7 Таму такі чалавек,
8 дваісты і зменлівы на ўсіх сваіх шляхах, няхай не разлічвае атрымаць нешта ад Госпада.
9 Беднаму брату варта хваліцца сваім узвышэннем,
10 а багатаму — сваім прыніжэннем, таму што {яго багацце} знікне як лугавая кветка.
11 Узышло сонца, спёка высушыла луг, і кветка на ім звяла, а вонкавая прыгажосць згасла. Так і багаты знікне на шляхах сваіх.
12 Блаславёны чалавек, які вытрымае выпрабаванне! Пасля праверкі ён атрымае вянок жыцця, які {Бог} абяцаў тым, хто Яго любіць.
13 Няхай ніхто не кажа ў выпрабаваннях: “Бог мяне выпрабоўвае”. Бога нельга выпрабаваць злом, і сам Ëн не выпрабоўвае нікога.
14 Кожны ж выпрабоўваецца, панаджаны і паваблены сваёй пажадлівасцю.
15 Пасля гэтага пажадлівасць зацяжарвае і нараджае грэх, а грэх, узнікнуўшы, спараджае смерць.
16 Браты мае ўлюбёныя, не ўводзьце сябе ў зман!
17 Усякі добры гасцінец і ўсякі дасканалы дарунак паходзяць зверху, ад Бацькі святла, якому не ўласцівыя змены або {нават} намёк на пераменліваць.
18 Захацеўшы, Ён нарадзіў нас словам ісціны, каб мы былі пачаткам Яго стварэнняў.
19 Ведайце, браты мае ўлюбёныя: няхай кожны чалавек будзе паспешлівы, каб слухаць, але павольны на адказ і на гнеў.
20 Бо чалавечы гнеў перашкаджае праведнасці Божай.
21 Таму адкіньце ўсякі бруд і рэшткі заганаў і рахмана прыміце пасеянае слова, здольнае выратаваць вашыя душы.
22 Будзьце ж выканаўцамі слова, а не слухачамі толькі, якія падманваюць саміх сябе.
23 Таму што той, хто толькі слухае слова і не выконвае яго, падобны да чалавека, які разглядае сваё аблічча ў люстэрку.
24 Убачыў ён сябе, адышоў і адразу забыў, які ён.
25 А той, хто пільна ўгледзіцца ў дасканалы закон свабоды і стане не забыўлівым слухачом, а чалавекам справы — той будзе блаславёны ў сваіх дзеяннях.
26 Калі хто-небудзь думае, што ён пабожны, і пры гэтым не трымае ў цуглях свой язык, — ён падманвае сам сябе і яго пабожнасць не мае сэнсу.
27 Чыстая і не сапсаваная пабожнасць у вачах Бога і Айца — звяртаць увагу на клопаты сірот і ўдоў, захоўваць сябе ад бруду {гэтага} свету.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланне Св. Якуба, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© Ягор Прыстаўка, 2013.