1 Багаславі душа мая Ягову! Ягова, Бог мой, Ты надзвычайна вялікі. У бляск і гонар апрануты Ты;
2 Каторы сьвятлом акрываешся быццам шатай, Каторы Нябёсы прасьціраеш, як шырокі дах,
3 Каторы Свае вышынныя харомы кладзеш у водах, Каторы аблокі ператвараеш у Сваю калясьніцу, Каторы крочыш на крылах ветру,
4 Каторы духаў робіш Ангеламі Сваімі, полымя агню служкамі Сваімі.
5 Ён угрунтаваў зямлю на цьвёрдых асновах ейных. Яна ня пахісьнецца ў векі вечныя.
6 Бяздоньнем, як вопраткай, накрыў Ты яе. Над горамі стаялі воды.
7 Ад пагрозы Тваёй яны ўцяклі. Ад голасу грому Твайго яны пасьпяшаліся прэч —
8 узьнімаюцца горы; запада́юць даліны — на мейсца, што Ты ім прызначыў.
9 Ты паклаў ім мяжу, якую яны ня пераступяць. Яны ня вернуцца, каб пакрыць зямлю.
10 (Ты ёсьць Той,) Каторы крыніцы адпраўляеш ў рэкі. Цякуць яны паміж гораў.
11 Яны пояць усіх зьвяроў поля. Дзікія аслы спатольваюць сваю смагу.
12 Каля іх жывуць птушкі нябесныя. Праз гольле (дрэў) яны падаюць голас свой.
13 (Ты ёсьць Той,) Каторы горы поіць са Сваіх вышынных харомаў — ад плоду Тваіх твораў насычаецца зямля —
14 Каторы гадуеш траву для жывёлы і зеляніну на спажытак чалавеку, каб здабываў зь зямлі ежу
15 і віно, якое вяселіць сэрца чалавека, і алей, ад якога твар (ягоны) блішчыць, і хлеб, (які) сілкуе сэрца чалавека.
16 Хай насычаюцца дрэвы Яговы, кедры Лівану, якія Ён насадзіў,
17 дзе птушкі робяць гнёзды; бусел, на кіпарысах дом ягоны.
18 Высокія горы — для горных казлоў, скалы — схоў для дама́наў.
19 Ён стварыў месяц для вызначэньня пэўных часоў. Сонца ведае свой захад.
20 Ты робіш цемру, і становіцца ноч. І ў ёй рухаюцца ўсе лясныя зьвяры.
21 Маладыя львы рыкаюць аб здабычы і шукаюць у Бога ежы сваёй.
22 Сонца ўзыходзіць: яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы.
23 Чалавек выходзіць на занятак свой і да працы сваёй аж да вечара.
24 Як шматлікія дзеі Твае, Ягова! Усіх іх Ты ўчыніў у мудрасьці. Зямля поўная багацьця Твайго.
25 Тут мора вялікае і шырокае на абодва бакі. Там безьліч жывых істот, якія рухаюцца, жывёлы малыя і вялікія.
26 Там плывуць караблі. (Там) левіятан, якога Ты стварыў, каб ён у ім гуляў.
27 Усе яны чакаюць ад Цябе, каб Ты ім даў есьці у свой час.
28 Ты даеш ім: яны зьбіраюць. Ты расчыняеш Тваю Руку: яны насычаюцца дабром.
29 Ты хаваеш Аблічча Тваё: яны палохаюцца. Ты адбіраеш у іх дыханьне: яны здыхаюць, і ў пыл свой яны вяртаюцца назад.
30 Ты пасылаеш Духа Твайго: яны ствараюцца, і Ты абнаўляеш аблічча зямлі.
31 Хай будзе слава Ягове вавек. Хай радуецца Ягова зь Дзеяў Сваіх.
32 Ён глядзіць на зямлю, і яна дрыжыць. Ён дакранаецца да гор, і яны дымяцца.
33 Я буду сьпяваць Ягове ўсё маё жыцьцё. Я буду іграць майму Богу, пакуль я ёсьць.
34 Хай будзе прыемным Яму мой роздум. (Я) буду радавацца ў Ягове.
35 Хай зьгінуць грэшнікі зь зямлі, і няхай больш ня будзе бязбожнікаў. Багаслаў Ягову, душа мая! Хваліце Ягову!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 104

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020