1 Дзякуйце Ягове. Прыклікайце Імя Ягонае. Абвяшчайце сярод народаў Учынкі Ягоныя.
2 Сьпявайце Яму. Грайце Яму. Разважайце пра ўсе Ягоныя Цудоўныя Ўчынкі.
3 Хваліцеся Ягоным Сьвятым Імем. Хай радуецца сэрца тых, хто шукае Ягову.
4 Шукайце Ягову і Сілу Ягоную. Шукайце заўсёды Аблічча Ягонае.
5 Успамінайце Ягоныя Цудадзеі, якія Ён учыніў, Знакі Ягоныя і Прысуды Вуснаў Ягоных,
6 насеньне Абрагамавае, слугí Ягонага, сыны Якуба, выбранцы Ягоныя!
7 Ён, Ягова, ёсьць Бог наш. Па ўсёй зямлі Суды Ягоныя.
8 Ён памята́е вечна Свой Запавет, Слова, якое Ён запавядаў тысячам пакаленьняў,
9 (Запавет,) які Ён зрабіў з Абрагамам, і Прысягу Сваю Ісагаку.
10 І Ён паставіў тое для Якуба, як Закон, і для Ізраэля, як Запавет вечны,
11 кажучы: «Я дам табе зямлю Канаанскую, як адмераную частку спадчыны вашай»,
12 калі яны былі малалікай колькасьцю, вельмі малой, і чужынцамі ў ёй.
13 І яны вандравалі ад народу да народу, ад (аднаго) каралеўства да другога народу.
14 Ён ня дазваляў ніводнаму чалавеку крыўдзіць іх, Ён дзе́ля іх дакараў каралёў:
15 «Ня чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім ня рабіце ліха.»
16 І Ён наклікаў голад на (тую) зямлю. Ён скрышыў усякую хлебную апору.
17 Ён паслаў перад імі чалавека: Язэп быў прада́ны, як раб.
18 Яны сьціснулі ягоныя ногі ў кайданы; у жалеза ўвайшла душа ягоная,
19 да часу, калі прыйшло Слова Ягонае, Слова Яговы зьявіла чыстасьць ягоную.
20 Кароль паслаў і вызваліў яго, валадар народаў даў яму волю.
21 Ён паставіў яго гаспадаром над домам сваім і дзяржаўцам над усім сваім валадарствам,
22 каб ягоных магнатаў настаўляў паводля розуму свайго і вучыў мудрасьці ягоных старшыняў.
23 І прыйшоў Ізраэль у Ягіпет. І асеў Якуб у зямлі Хама.
24 І Ён зрабіў народ Свой надзвычайна плодным, і зрабіў яго мацнейшым за ўціскальнікаў ягоных.
25 Ён павярнуў іхнае сэрца нянавідзіць Ягоны народ, і чыніць злую хітрасьць супраць слугаў Ягоных.
26 Ён паслаў Масея, слугу Свайго, (і) Агарона, якога Ён абраў.
27 Яны выклалі сярод іх Словы Знакаў Ягоных і Цудадзеі ў зямлі Хама.
28 Ён паслаў цемру і зрабіў цемень, і яны (Масей і Агарон) былі ня супраціўнымі Слову Ягонаму.
29 Ён ператварыў іхныя воды ў кроў і замарыў іхную рыбу.
30 Зямля іхная зараілася ад жабаў аж да гмахаў іхных каралёў.
31 Ён сказаў, і зьявілася мноства ўсякіх (кусючых) кузурак і камароў ва ўсіх іхных межах.
32 Замест дажджу Ён даў ім град, (і) агонь палымяны ў зямлі іхнай,
33 і Ён пабіў іхныя вінаград і хвігавыя дрэвы і паламаў дрэвы ў межах іхных.
34 Ён сказаў, і прыйшла саранча і безьліч вусеняў,
35 і яны пажэрлі ўсе травы ў зямлі іхнай і пажэрлі (увесь) плод іхных палёў.
36 І Ён пабіў усіх першародных у іхнай зямлі, пачаткі ўсёй сілы іхнай.
37 І Ён вывеў іх са срэбрам і золатам, і ня было сярод іхных плямёнаў ніводнага хворага.
38 Узрадаваўся Ягіпет, што яны выйшлі, бо зьняў яго страх перад імі.
39 Ён прасьцёр перад імі воблака, як покрыў, і агонь, сьвяціць ноччу.
40 Ён (народ) прасіў, і Ён (Ягова) прывёў (ім) перапёлак. І хлебам зь нябёсаў Ён накарміў іх.
41 Ён адчыніў скалу, і пацяклі воды; яны пацяклі ракой у сухія мясьціны; —
42 бо Ён памятаў Сваё Сьвятое Слова (да) Абрагама, слугі Свайго.
43 І Ён вывеў народ Свой у радасьці, з урачыстай радасьцяй Сваіх выбранцаў.
44 І Ён даў ім землі паганаў, і яны заўладалі тым, што народы прыдбалі працай,
45 каб яны трымаліся Статутаў Ягоных і Законы Ягоныя захоўвалі. Хваліце вы Ягову!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 105

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020