1 Хваліце Ягову! Дзякуйце Ягове, бо Ён ёсьць добры, бо Міласэрнасьць Ягоная трывае вечна.
2 Хто можа магутныя Дзеі Яговы апісаць і абвясьціць усе Чыны Славы Ягонай?
3 Шчасьлівыя тыя, што трымаюцца Права, (і) той, хто чыніць справядлівасьць ва ўсякі час.
4 Спамяні пра мяне, Ягова, пры зычлівасьці да народу Твайго наведай мяне Ратаваньнем Тваім,
5 каб мне ўбачыць дабрабыт выбранцаў Тваіх, каб мне радавацца радасьцю народу Твайго, хваліцца з спадкам Тваім.
6 Саграшылі мы (разам) з ба́цькамі нашымі, рабілі бяспраўе, учынілі бяззаконьне.
7 Ба́цькі нашыя ў Ягіпце ня зразумелі Цудаў Тваіх, ня помнілі мноства Міласэрнасьцяў Тваіх. І яны працівіліся каля мора, мора Чырвонага.
8 Але Ён выратаваў іх дзеля Імені Свайго, каб абвясьціць Магутнасьць Сваю.
9 Пагразіў Ён Чырвонаму мору, і яно высахла. І правёў іх праз глыбіні, як праз пустэльню.
10 І Ён выратаваў іх з рукі нянавісьніка і вызваліў іх з рукі ворага.
11 І воды накрылі іхных ворагаў. Ніводзін зь іх ня застаўся.
12 Тады яны паверылі Словам Ягоным; і пяялі хвалу Яму.
13 Але яны хутка забыліся Дзеі Ягоныя, ня дачакаліся Парады Ягонай;
14 і яны разгарэліся ў пустэльні пажадай і спакушалі Ўсемагутнага ў пустэльні.
15 І Ён даў ім паводля просьбы іхнай, але паслаў на іхныя душы пошасьць.
16 І яны пазайздросьцілі ў таба́ры Масею (і) Агарону, сьвятому Яговы.
17 (І) расступілася зямля і праглынула Дата́на і накрыла зборню Авірама.
18 І ўзгарэўся агонь у асяродку іхнай зборні. Полымя зьнішчыла бязбожнікаў.
19 Яны зрабілі маладога быка каля Харыва і пакланіліся літой выяве;
20 і яны памянялі Славу сваю на абраз быка, які жарэ траву.
21 Яны забыліся Бога, Выратавальніка свайго, Які вялікае ўчыніў у Ягіпце,
22 Цудадзеі ў зямлі Хама, страшное каля Чырвонага мора.
23 І сказаў Ён, што вынішчыць іх. Калі б ня Масей, выбранец Ягоны, які стаў перад Ім у праломе, каб адхіліць Ярасьць Ягоную ад зьнішчэньня.
24 І яны адкінулі пажада́ную зямлю, ня паверылі Ягонаму Слову,
25 і яны наракалі ў буданох сваіх, ня слухалі Голасу Яговы.
26 Тады падняў Ён Руку Сваю супраць іх і (пакляўся), што, (сьмяротна) адрыне іх у пустэльні
27 і іхнае насеньне кіне сярод паганаў і іх расьцяру́шыць па землях.
28 І яны прыляпіліся да Ваал-Пэора, і яны елі ахвяры мёртвым.
29 І яны правакавалі (Яго) на гнеў учынкамі сваімі, і пляга выбухнула сярод іх.
30 Тады паўстаў Пінхас і ўчыніў суд, і спынілася пляга.
31 І гэта залічана яму ў праведнасьць з роду ды ў род аж на векі вечныя.
32 І яны ўгнявілі (Яго) ля водаў Мэрыбы, і Масей пацярпеў за іх,
33 бо яны ўпарціліся духу ягонаму, так што ён сказаў няабдумана вуснамі сваімі.
34 Яны ня зьнішчылі народы, пра якія сказаў ім Ягова.
35 І яны зьмяшаліся з паганамі і навучыліся іхных справаў.
36 І яны служылі іхным (паганскім) балваном. І тыя сталіся ім сеткай.
37 І яны ахвяравалі сыноў сваіх і дачок сваіх дэманам.
38 І яны пралівалі бязьвінную кроў, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх яны ахвяравалі балваном канаанскім. І зямля ад крыві была зьгнюшана.
39 І яны зьнячысьцілі сябе сваімі ўчынкамі, і яны блудадзейнічалі сваімі дзеямі.
40 І ўзгарэўся гнеў Яговы супраць народу Ягонага, і абрыдла Яму спадчына Ягоная.
41 І Ён аддаў іх у руку паганаў, і запанавалі над імі іхныя нянавісьнікі;
42 і іхныя ворагі ўціскалі іх, і яны былі прыгнечаны пад рукой тых.
43 Шмат разоў Ён вызваляў іх, але яны былі няўрымсьлівымі са сваімі ра́дамі. І яны былі прыніжаны па прычыне бяззаконьня іхнага.
44 Але Ён зважаў на іхны прыгнёт, калі Ён чуў іхны моцны лямант.
45 І Ён успамінаў Запавет Свой зь імі, І Ён шкадаваў іх паводля збытку Міласэрнасьці Сваёй.
46 І Ён абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто браў іх у палон.
47 Ратуй нас, Ягова, Бог наш, і зьбяры нас з (асяродку) паганаў, каб мы вызнавалі славу Сьвятому Імю Твайму, каб мы хваліліся Славаю Тваёю.
48 Хай будзе багаславёны Ягова, Бог Ізраэля, спрадвеку і навечна. І ўвесь народ хай скажа: «Амін.» Хваліце вы Ягову!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 106

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020