1 Шчасьлівыя тыя, што шлях у іх бяззаганны, якія ходзяць у Законе Яговы!
2 Шчасьлівыя тыя, што пільнуюцца Сьведчаньняў Ягоных, якія шукаюць Яго ўсім сэрцам.
3 Якія ня робяць нясправядлівасьці. Яны ходзяць Ягонымі шляхамі.
4 Ты загадаў, каб Прыказаньняў Тваіх моцна трымаліся.
5 О, каб жа дарогі мае былі ськіраваныя захоўваць Уставы Твае!
6 Тады я ня асаромлюся, калі (я) буду зважаць на ўсе Твае Прыказаньні.
7 Я буду славіць Цябе ў шчырасьці сэрца, калі я навучуся Судам Тваёй Справядлівасьці.
8 Пастановы Твае я буду захоўваць. Ня пакінь мяне зусім!
9 Чым юнак захавае чыстай сьцежку сваю? Тым, што ён беражэ (сябе) паводля Слова Твайго.
10 Усім сэрцам маім шукаю я Цябе. Ня дай мне адхіліцца ад Прыказаньняў Тваіх!
11 У сэрцы маім я захаваў Слова Тваё, каб ня грашыць супраць Цябе.
12 Багаславёны Ты, Ягова. Навучы мяне Статутаў Тваіх!
13 Вуснамі маімі я абвяшчаю ўсе суды Вуснаў Тваіх.
14 На шляху Тваіх Сьведчаньняў я радуюся, як з усякага багацьця.
15 Я буду разважаць аб Прыказаньнях Тваіх, я буду назіраць Шляхі Твае.
16 Я маю асалоду ў Статутах Тваіх. Я ня забуду Слова Тваё.
17 Акажы Міласэрнасьць слузе Твайму, я буду жыць і трымацца Слова Твайго.
18 Расплюшчы вочы мае, і я ўбачу Цудоўнае ў Законе Тваім.
19 Я прыхадзень на зямлі. Ня хавай ад мяне Прыказаньні Твае.
20 Зьнямаглася душа мая ад жаданьня Судоў Тваіх усякі час.
21 Ты пагразіў пыхлівым, праклятым, якія ўхіляюцца ад Загадаў Тваіх.
22 Аддалí ад мяне ганьбу і пагарду, бо я захаваў Сьведчаньні Твае.
23 Нават князі сядзяць і згаворваюцца супраць мяне, а слуга Твой разважае аб Статутах Тваіх.
24 Таксама Сьведчаньні Твае ёсьць суцяшэньне маё, мае дарадцы.
25 Да пылу прыліпае душа мая, ажыві мяне паводля Слова Твайго.
26 Я абвясьціў мае дарогі, і Ты выслухаў мяне. Навучы мяне Пастановам Тваім.
27 Дай мне зразумець Шлях Загадаў Тваіх, і я буду разважаць пра Цудадзеі Твае.
28 Душа мая сплывае ад журбы. Умацуй мяне паводля Слова Твайго.
29 Дарогу маны адвярні ад мяне, і Закон Твой падару́й мне!
30 Я выбраў дарогу вернасьці, Суды Твае паставіў перад сабою.
31 Я прыляпіўся да Сьведчаньняў Тваіх, Ягова. Ня аддай мяне пасаромленьню.
32 Я пабягу шляхам Прыказаньняў Тваіх, бо Ты пашыраеш сэрца маё.
33 Навучы мяне, Ягова, шляху Пастановаў Тваіх, каб я яго захаваў да канца.
34 Дай мне разуменьне, і я буду Закон Твой захоўваць, і я буду трымацца яго ўсім сэрцам.
35 Дай мне хадзіць сьцежкай Загадаў Тваіх, бо ў гэтым уцеха мая.
36 Нахіні сэрца маё да Сьведчаньняў Тваіх, а ня да карысьлівасьці.
37 Адвярні мае вочы, каб ня ўзіраліся на марнасьць. Ажыві мяне на Шляху Тваім.
38 Сьцьвердзі Слова Тваё слузе Твайму, што дадзена тым, хто баіцца Цябе.
39 Ухілі (ад мяне) ганьбу маю, якой я баюся, бо Суды Твае ёсьць добрыя.
40 Вось! я жадаю Загадаў Тваіх. Ажыві мяне ў Справядлівасьці Тваёй.
41 І хай прыйдзе да мяне Міласэрнасьць Твая, Ягова, Выратаваньне Тваё паводля Слова Твайго,
42 так я атрымаю слова ў адказ таму, хто ганьбіць мяне, бо я спадзяюся на Слова Тваё.
43 І ня адбірай ад вуснаў маіх зусім Слова Праўды, бо я спадзяюся на Суды Твае.
44 І я буду заўсёды трымацца Закону Твайго, на векі вечныя.
45 І я буду хадзіць на прасторы, бо я шукаю Загадаў Тваіх.
46 І я буду распавядаць пра Сьведчаньні Твае перад каралямі і ня пасаромлюся.
47 Я маю (маё) задавальненьне ў Загадах Тваіх, якія я люблю,
48 я ўздымаю рукі мае да Загадаў Тваіх, якія я люблю, і разважаю пра Пастановы Твае.
49 Успомні слова да слугі Твайго, якім Ты даў мне надзею.
50 Гэта суцяшэньне маё ў нягодзе маёй, бо Слова Тваё ажыўляе мяне.
51 Пыхлівыя вельмі кпяць зь мяне, але я ня ўхіляюся ад Закону Твайго.
52 Я ўспамінаю, Ягова, Суды Твае даўнія, і я суцяшаюся.
53 Гнеў палючы агарнуў мяне на бязбожнікаў, якія пакідаюць Закон Твой.
54 Песьнямі маімі сталіся Пастановы Твае ў доме падарожжа майго.
55 Я памятаю ўначы Імя Тваё, Ягова, і я буду трымацца Закону Твайго.
56 Гэта сталася мне: бо Загадаў Тваіх я пільнаваўся.
57 Я сказаў: «доля мая, о Ягова, — Словы Твае захоўваць».
58 Ад усяго сэрца маліўся я перад Абліччам Тваім: «будзь міласэрны Ты да мяне паводля Слова Твайго».
59 Я разважаў аб шляхах маіх і павярнуў стопы мае да Сьведчаньняў Тваіх.
60 Я сьпяшаўся і ня марудзіў трымацца Прыказаньняў Тваіх.
61 Сеткі бязбожнікаў аблуталі мяне, (але) Закон Твой я ня забываю.
62 Я ўстаю сярод ночы, каб дзякаваць Табе за Суды Тваёй Справядлівасьці.
63 Я саўдзельнік усім, хто баіцца Цябе, і тым, хто Загадаў Тваіх трымаецца.
64 Зямля поўная Міласэрнасьці Тваёй, Ягова. Навучы Ты мяне Ўставаў Тваіх.
65 Ты зрабіў дабро слузе Свайму, Ягова, паводля Слова Твайго.
66 Навучы Ты мяне добрай разважнасьці і веданьню, бо я Прыказаньням Тваім веру.
67 Перш, чым я быў утаймаваны, я блукаўся. Але цяпер я трымаюся Слова Твайго.
68 Ты Добры і робіш Дабро. Навучы Ты мяне Ўставаў Тваіх.
69 Пыхліўцы брудзяць мяне ілжой. Але я ўсім сэрцам захоўваю Загады Твае.
70 Абцяжонае тукам сэрца іхнае. (А) я захапляюся Законам Тваім.
71 Гэта добра для мяне, што я стаўся ўтаймаваным, каб я вучыўся Ўставам Тваім.
72 Закон Вуснаў Тваіх для мяне ёсьць лепш, чым тысячы золата і срэбра.
73 Рукі Твае стварылі мяне і ўдасканалілі мяне. (Дык) дай розум мне, каб я вучыў Прыказаньні Твае.
74 Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне і ўзрадуюцца, бо я спадзяюся на Слова Тваё.
75 Я ведаю, Ягова, што Суды Твае ёсьць Справядлівасьць, і (што) Ты мяне ў вернасьці ўтаймаваў.
76 Хай жа Міласэрнасьць Твая будзе мне суцяшэньнем паводля Слова Твайго слузе Твайму!
77 Міласьці Твае хай зыйдуць на мяне, каб я жыў, бо Закон Твой ёсьць асалода мая.
78 Хай будуць пасаромлены пыхліўцы, якія лганством ганьбілі мяне, (але) я буду разважаць аб Загадах Тваіх.
79 Няхай да мяне навернуцца тыя, што баяцца Цябе, і ведаюць Сьведчаньні Твае.
80 Хай будзе сэрца маё бяззаганным паводля Ўставаў Тваіх, каб я ня быў асаромленым.
81 Гібе́е душа мая па Збаўленьні Тваім. Я спадзяюся на Слова Тваё.
82 Ту́жаць вочы мае па Слову Твайму ды пытаюцца: «Калі Ты суцешыш мяне?»
83 Бо я стаўся, як мех скураны ў дыме, але Ўставаў Тваіх я ня забыўся.
84 Колькі яшчэ дзён слузе Твайму? Калі Ты ўчыніш суд над маімі перасьле́днікамі?
85 Пыхліўцы выкапалі мне ямы насуперак Закону Твайму.
86 Усе Прыказаньні Твае ёсьць справядлівыя. А мяне перасьледуюць ілжой. Дапамажы мне!
87 Яны ледзь ня загубілі мяне на зямлі; але я ня пакінуў Загадаў Тваіх.
88 Ажывí мяне паводля Міласэрнасьці Тваёй, і я буду трымацца Сьведчаньня Вуснаў Тваіх!
89 У вяках вякоў, о Ягова, цьвёрда стаіць Слова Тваё ў нябёсах.
90 Ад пакаленьня да пакаленьня трывае Вернасьць Твая. Ты моцна заснаваў зямлю, і яна стаіць.
91 Паводля Прысудаў Тваіх яны (зямля і нябёсы) стаяць сёньня, бо ўсе (яны) ёсьць слугі Твае.
92 Калі б Закон Твой ня быў маімі суцяшэньнямі, дык я загінуў бы ў нядолі маёй.
93 У вякі вякоў я ня забуду Загадаў Тваіх, бо імі Ты ажывіў мяне.
94 Твой я. Ратуй мяне, бо я моцна імкнуўся да Загадаў Тваіх.
95 Бязбожнікі пільнавалі мяне (у засадзе), каб зьнішчыць мяне. На Твае Сьведчаньні зважаю я.
96 Я бачыў канец усякай дасканаласьці; (але) Прыказаньне Тваё вельмі шырокае.
97 Як люблю я Закон Твой! Ён ёсьць мой роздум увесь дзень.
98 Прыказаньні Твае робяць мяне мудрэйшым за ворагаў маіх, бо яны ёсьць вечна са мной.
99 Я стаўся мудрэйшы за ўсіх настаўнікаў маіх, бо Сьведчаньні Твае ёсьць роздумам маім.
100 Я маю больш разуменьня, чым старыя, бо я выконваю Загады Твае.
101 Ад усякай благой сьцежкі я стрымліваю стопы мае, каб трымацца Слова Твайго.
102 Ад Судоў Тваіх я ня ўхіляюся, бо Ты навучаеш мяне.
103 Якое салодкае Слова Тваё майму паднябеньню, саладзейшае за мёд вуснам маім.
104 Праз Прыказаньні Твае я атрымаў разуменьне. Таму я нянавіджу ўсякі шлях ілжы.
105 Слова Тваё ёсьць сьве́тач для стапы маёй і сьвятло для сьцежкі маёй.
106 Я прысягнуў і буду трымацца Судоў Справядлівасьці Тваёй.
107 Я моцна прыгнечаны. О Ягова, ажыві мяне паводля Слова Твайго.
108 Хай будуць Табе даспадобы, о Ягова, дабраахвотныя ахвяры вуснаў маіх! І Прысудам Тваім вучы Ты мяне.
109 Душа мая ўсьцяж у (сьмяротнай) нябясьпецы, але Закон Твой я ня забываю.
110 Бязбожнікі паставілі перада мной пастку, але я ня ўхіліўся ад Загадаў Тваіх.
111 Сьведчаньні Твае ёсьць спадчына мая навечна; бо яны ёсьць радасьць сэрца майго.
112 Я нахіляю сэрца маё, каб чыніць Пастановы Твае навек, да канца.
113 Двудушных я нянавіджу, але Закон Твой я люблю.
114 Ты ёсьць сховішча маё і шчыт мой. Я спадзяюся на Слова Тваё.
115 Адхіліцеся ад мяне, ліхадзеі: я буду выконваць Прыказаньні Бога майго.
116 Падтрымай Ты мяне паводля Слова Твайго, і я буду жыць. І ня дай мне быць асаромленым у надзеі маёй.
117 Падтрымай мяне, і я буду ўратаваны. І я буду ўсьцяж удумвацца ў Пастановы Твае.
118 Ты адпіхаеш усіх, хто блудна збочвае ад Пастановаў Тваіх, бо мудрагельства іхнае ёсьць ілжа.
119 Як шлак Ты выкідаеш усіх бязбожнікаў зь зямлі. Таму я люблю Сьведчаньні Твае.
120 Ад страху Твайго трымціць плоць мая, і Судоў Тваіх я баюся.
121 Я чыніў суд і справядлівасьць. Ня аддай мяне маім уціскальнікам.
122 Будзь парукаю за слугу Твайго на дабро. Ня дай пыхліўцам уціскаць мяне.
123 Зьнямагаюць вочы мае выглядаючы паратунку Твайго і Слова Справядлівасьці Тваёй.
124 Учыні са слугою Тваім паводля Міласэрнасьці Тваёй і навучы мяне Пастановам Тваім.
125 Я слуга Твой. Дай мне разуменьне, каб я разумеў Твае Сьведчаньні.
126 Настаў час для Яговы дзейнічаць: яны зьняважылі Закон Твой.
127 А я люблю Прыказаньні Твае больш чым золата, і золата ачышчанае.
128 Таму ўсе Загады (Твае) я лічу ўва ўсім правільнымі. Усякі шлях ілжы я нянавіджу.
129 Цудоўныя Сьведчаньні Твае; таму трымаецца іх душа мая.
130 Адкрыцьцё Слоў Тваіх асьвятляе, прастакам дае разуменьне.
131 Я (шырока) раскрываю вусны мае і ўздыхаю, бо прагну па Прыказаньням Тваім.
132 Абярніся да мяне і будзь да мяне міласэрным паводля Твайго звычаю да тых, хто любіць Імя Тваё.
133 Стопы мае ўмацуй Ты ў Слове Тваім, і ня дай запанаваць нада мною ніякаму бяззаконьню.
134 Збаў Ты мяне ад уціску людскога, і я буду пільнавацца Загадаў Тваіх.
135 Асьвятлі Ты слугу Твайго Абліччам Тваім, і навучы мяне Пастановам Тваім.
136 З вачэй маіх цякуць патокі сьлёзаў, бо яны (людзі) ня пільнуюцца Закону Твайго.
137 Справядлівы Ты, о Ягова, і Суды Твае — справядлівыя.
138 Сьведчаньні Твае Ты распавёў у Справядлівасьці і надзвычайнай Вернасьці.
139 Зьядае мяне руплівасьць мая, бо ворагі мае забылі пра Слова Твае.
140 Слова Тваё ёсьць надзвычай чыстае, і слуга Твой любіць яго.
141 Я ёсьць малы і пагарджаны, але Загадаў Тваіх я ня забываюся.
142 Праведнасьць Твая — Праведнасьць вечная, і Закон Твой — Праўда.
143 Страх і ўціск знайшлі мяне. Прыказаньні Твае ёсьць суцяшэньні мае.
144 Праўда Сьведчаньняў Тваіх — вечная. Дай мне разуменьне, і я буду жыць.
145 Я гукаю ад усяго сэрца: «Адкажы мне, Ягова! я захаваю Пастановы Твае».
146 Я гукаю да Цябе: «Ратуй мяне! я захаваю Сьведчаньні Твае».
147 Я апярэджваю золак і моцна гукаю. Я спадзяюся на Слова Тваё.
148 Вочы мае апярэджваюць (ранішнюю) старожу, каб заглыбляцца ў Слова Тваё.
149 Пачуй голас мой паводля Міласэрнасьці Тваёй. О Ягова, ажыві мяне паводля Прысуду Твайго.
150 Яны ёсьць блізка, тыя, якія шукаюць ліха. Ад Закону Твайго яны — далёкія.
151 Блíзкі Ты, Ягова. І ўсе Прыказаньні Твае ёсьць Праўда.
152 Здаўна́ я даведаўся пра Сьведчаньні Твае, што Ты іх угрунтаваў навечна.
153 Глянь на нягоду маю і вызвалі мяне, бо я Закону Твайго ня забываўся.
154 Заступіся за справу маю і збаў мяне. Ажыві мяне паводля Слова Твайго.
155 Ад бязбожнікаў выратаваньне далёка, бо яны Ўставаў Тваіх ня шукаюць.
156 Вялікія спачуваньні Твае, Ягова. Ажыві Ты мяне паводля Судоў Тваіх.
157 Многа ў мяне перасьледвальнікаў і ворагаў маіх. Але ад Сьведчаньняў Тваіх я ня адступаюся.
158 Я бачу здраднікаў і брыджуся імі, бо яны ня шануюць Слова Тваё.
159 Глянь, Ягова: я люблю Загады Твае. Ажыві мяне паводля Тваёй Міласэрнасьці.
160 Сутнасьць Слова Твайго ёсьць Праўда, і ўсякі Суд Тваёй Справядлівасьці трывае вечна.
161 Князі перасьледуюць мяне бязь віны, але сэрца маё трымціць перад Словам Тваім.
162 Я радуюся над Словам Тваім, як той, які знайшоў вялікі здабытак.
163 Ілжу нянавіджу я і грэбую ёю. Але Закон Твой люблю.
164 Сем разоў на дзень я слаўлю Цябе за Прысуды Справядлівасьці Тваёй.
165 Вялікі мір тым, хто любіць Закон Твой, і для іх няма спатыкненьня.
166 Я спадзяюся, Ягова, на выратаваньне Тваё, і Прыказаньні Твае я выконваю.
167 Душа мая трымае Сьведчаньні Твае, і я люблю іх надзвычайна.
168 Я захоўваю Загады Твае і Сьведчаньні Твае, бо ўсе мае шляхі — перад Табою.
169 Дай майму моцнаму галашэньню даблізіцца да Аблічча Твайго, Ягова. Дай мне разуменьне Тваё паводля Слова Твайго.
170 Хай прыйдзе маленьне маё прад Аблічча Тваё. Ратуй Ты мяне паводля Слова Твайго.
171 Із вуснаў маіх пальлецца хвала, бо Ты вучыш мяне Пастановам Тваім.
172 Язык мой будзе апяваць Слова Тваё, бо ўсе Загады Твае — Справядлівасьць.
173 Хай будзе Рука Твая мне ў дапамогу, бо я выбраў Загады Твае.
174 Я прагну, о Ягова, па выратаваньні Тваім. І Закон Твой ёсьць маім суцяшэньнем.
175 Хай жыве душа мая, каб хваліць Цябе. І Суды Твае хай дапамогуць мне.
176 Я заблудзіўся, як згубленая авечка. Шукай слугу Твайго, бо Прыказаньняў Тваіх я ня забыўся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 119

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020