1 Малітва Давідавая. Зваж, Ягова, на справядлівасьць маю! Зваж на лямант мой! Прыхілі Вуха Тваё да малітвы маёй з вуснаў няманлівых!
2 Ад Аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; Вочы Твае бачаць справядлівасьць (маю).
3 Ты выпрабоўваеш маё сэрца. Ты дасьледуеш мяне ўначы. Ты дасьледуеш мяне, але нічога ўва мне ня знаходзіш. Я гавару толькі тое, што думаю.
4 У справах людзкіх я сьцярогся ад сьцежак згубцы паводля слоў Вуснаў Тваіх.
5 Мае крокі трымаюцца моцна Тваіх сьлядоў. Мае ногі ня хістаюцца.
6 Я гукаю да Цябе, таму што Ты, Божа, слухаеш Мяне. Нахілі Вуха Тваё да мяне. Выслухай словы мае.
7 Зьяві цудоўна міласэрнасьць Тваю, Ты ратавальнік тых, якія шукаюць сховішча ў Правіцы Тваёй ад няпрыяцеляў.
8 Сьцеражы мяне, як зрэнку вока. У засені Тваіх Крылаў аслані мяне
9 ад бязбожнікаў, якія чыняць мне гвалт, ад маіх сьмяротных ворагаў, якія акружылі мяне.
10 Яны замкнулі сваё сытае сэрца. Пагардліва гавораць вуснамі сваімі.
11 На кожным кроку нашым цяпер яны абступілі нас. Яны ўтаропілі вочы свае, каб нас штурхнуць на зямлю.
12 Ён, як леў, які прагне здабычы, і, як малады леў, які сядзіць у засадзе.
13 Паўстань, Ягова! пераймі яго! Штурхні яго долу! Выбаві душу маю ад бязбожніка ме́чам Тваім,
14 Тваёй Рукой, Ягова, ад людзей, ад людзей гэтага сьвету. Іхная доля ў гэтым жыцьці, і іхныя чэравы напаўняеш Ты са скарбонак Тваіх. Яны маюць многа сыноў, і свой лішак яны пакідаюць сваім дзецям.
15 А я буду разглядаць Аблічча Тваё ў праўдзе, калі я абуджуся ад сну, буду насычацца Вобразам Тваім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 17
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020