1 Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.
2 Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, і нябесныя прасторы выяўляюць творчасьць Рук Ягоных.
3 Адзін дзень гаворыць да другога дня, і ночка ночцы перадае вестку.
4 Бяз слоў і бяз гаворкі, голас іх ня чу́тны.
5 Па ўсенькай зямлі выходзіць іхны знак, і да канца сусьвету іхны голас. Там Ён паставіў палатку дзеля сонца.
6 Яно ўзыходзіць, як малады са свайго шлюбнага пакою. Яно радуецца, як герой, і бяжыць свой шлях.
7 Яно ўзыходзіць ад краю неба і бяжыць да другога канца, і нішто ня схована ад ягонай гарачыні.
8 Закон Яговы дасканалы, ён мацуе душу́. Сьведчаньне Яговы вернае і яно навучае простых.
9 Наказы Яговы правільныя, яны радуюць сэрца. Загад Яговы сьветлы, ён прасьвятляе вочы.
10 Страх Яговы — чысты, ён трывае навечна. Суды Яговы ёсьць праўда, ўсе яны справядлівыя.
11 Яны больш пажада́ныя, чым золата і нават за мноства чыстага золата, саладзейшыя за мёд і кроплі з сотаў.
12 І слуга Твой імі засьцеражоны; у захаваньні іх — вялікая адплата.
13 Хто (усе свае) памылкі уразумева́е? Ад утаённых (правінаў маіх) ачысьці мяне.
14 Ад напышлівых дзеяў устрымай раба Твайго. Хай яны ня запану́юць нада мною! Тады я буду бяззаганны і чысты ад вялікага злачынства.
15 Хай будуць словы вуснаў маіх і помыслы сэрца майго даспадобы перад Абліччам Тваім, Ягова, Скала мая і Збаўца мой!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 19
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020