1 Псальм Давідавы. Ягова ёсьць сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Ягова ёсьць ахова жыцьця майго: каго ж мне палохацца?
2 Калі злачынцы наблізіліся да мяне, каб пажэрці цела маё, — яны самі спаткнуліся і ўпалі.
3 Калі паўстане супраць мяне войска, сэрца маё ня спалохаецца. Калі супраць мяне ўзьнімецца вайна, я і тады буду спадзявацца.
4 Аднаго я прасіў у Яговы, і толькі таго я шукаю: каб жыць у Доме Яговы ўсе дні майго жыцьця, каб я мог сузіраць хараство Яговы і каб наведаваць Сьвятыню Ягоную.
5 Бо Ён схавае мяне ў Скініі Сваёй у дзень ліхí, Ён схавае мяне ў сховішчы Скініі Сваёй. Ён узьнясе мяне на скалу́.
6 Цяпер галава мая падыймаецца над ворагамі маімі, якія вакол мяне. І ахвяры славаслоўя буду прыносіць у Ягонай Скініі, буду пець і іграць Ягове.
7 Пачуй, Ягова, голас мой! Я гукаю да Цябе. Зьлітуйся нада мною і выслухай мяне!
8 Сэрца маё кажа ад Цябе: «Шукайце Маё Аблічча!» Тваё Аблічча, Ягова, шукаю я.
9 Ня хавай Аблічча Твайго ад мяне. Ня адкінь у гневе раба Твайго. Ты мая дапамога. Ня адкінь мяне і ня пакінь мяне, Божа збавеньня майго!
10 Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, але Ягова прыйме мяне.
11 Навучы мяне, Ягова, шляху Твайму і вядзі мяне простай сьцежкай дзеля ворагаў маіх.
12 Ня аддавай мяне ярасьці праціўнікаў маіх; бо паўсталі супраць мяне сьведкі хвальшывыя і той, што дыхае лютасьцю.
13 Калі б я ня верыў, дык ня ўбачыў бы дабрыні Яговы ў краіне жывых!
14 Спадзявайся на Ягову. Будзь моцны. Хай сэрца тваё будзе адважнае, і спадзявайся на Ягову.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 27

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020