1 Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.
2 У Цябе, Ягова, я знайшоў прытулак, беражы мяне ў вяках вякоў ад асаромленьня! Ратуй мяне ў Тваёй справядлівасьці!
3 Нахілі да мяне Тваё вуха! Пасьпешна выбаўляй мяне! Будзь для мяне абарончай скалой, умацаваным замчышчам, каб мяне ратаваць;
4 бо скала мая і замчышча маё ёсьць Ты. І дзеля Імя Твайго Ты будзеш вадзіць мяне і кіраваць мной,
5 выцягваць мяне із сеткі, якую яны ўкрадкам паклалі перада мной, бо Ты цьвярдыня мая.
6 У Тваю Руку перадаю Дух Мой. Ты збавіў Мяне, Ягова, Ты Бог праўды.
7 Я нянавіджу тых, хто ўшаноўвае нікчэмных балванаў. Але я, я спадзяюся на Ягову.
8 Я буду весяліцца і радавацца ў міласэрнасьці Тваёй. Бо Ты ўбачыў бедства маё, уведаў пра ўціскі душы маёй,
9 і Ты ня перадаў мяне ў руку ворага, паставіў стопы мае на прасторным мейсцы.
10 Будзь міласэрны да мяне, Ягова, бо я прыгнечаны! Ад гора запа́ла вока маё, душа мая і цела маё.
11 Бо ў скрусе марнее жыцьцё маё, і мае гады праходзяць ва ўздыханьнях. Па прычыне грэху майго хістаецца сіла мая, і сохнуць косткі мае.
12 Я стаўся пасьмешышчам перад усімі маімі прыціскальнікамі, нават і перад суседзямі маімі, страхоцьцем для знаёмых маіх; якія, калі ўбачаць мяне на вуліцы, уцякаюць ад мяне.
13 Я забыты ў сэрцы, быццам нябожчык; я — як посуд разьбіты,
14 бо я чую ад многіх ліхаслоўе, адусюль жах. Яны разам трымаюць нараду супраць мяне, намышляюць аб тым, каб адабраць у мяне маё жыцьцё.
15 Але я, я спадзяюся на Цябе, Ягова. Я кажу: «Ты ёсьць мой Бог».
16 У Тваёй Руцэ — мае дні. Вызвалі мяне із рукі маіх ворагаў і ад маіх перасьледвацеляў!
17 Хай сьвеціць Аблічча Тваё над рабом Тваім. Ратуй мяне міласэрнасьцю Тваёю!
18 Ягова, ня дай мне быць пасаромленым, бо я да Цябе гукаю! Хай будуць пасаромлены бязбожнікі, хай яны змоўкнуць у мейсцы сьмерці.
19 Няхай занямеюць вусны ілжывыя, што гідоту гавораць на праведнага ў ганарлівасьці і пагардзе.
20 Як жа вялікая дабрыня Твая, якую Ты прыхаваў дзеля тых, што баяцца Цябе, і праявіў тым, якія іхны прытулак шукаюць у Цябе перад абліччам сыноў чалавечых!
21 Ты беражэш іх у мейсцы сховішча Аблічча Твайго ад зламысных змоваў людзей. Ты беражэш іх (у Тваім) жытле ад языкоў звадлівых.
22 (Хай будзе) багаславёны Ягова, бо Ён зьявіў мне цудоўную міласэрнасьць ва ўмацаваным месту!
23 А я, я сказаў у няаба́члівасьці сваёй: «я адцяты ад Вачэй Тваіх». Але Ты пачуў голас маленьняў маіх, калі я крычаў да Цябе.
24 Любіце Ягову, усе сьвятыя Ягоныя! Верных бароніць Ягова, а тым, што ў пыхлівасьці ходзяць, адплачвае Ён з наддаткам.
25 Будзьце моцныя. Хай будзе мужным сэрца вашае, усе вы, што чакаеце на Ягову!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 31
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020