1 Урачыста радуйцеся ў Ягове, (вы) праведныя! Шчырым прыстойна ўсхваляць.
2 Услаўляйце Ягову на гарпе. Грайце Яму на дзесяціструнным.
3 Сьпявайце Яму новую песьню; грайце Яму гучна з урачыстымі ўскліканьнямі!;
4 бо слова Яговы ёсьць праўдзівае, і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5 Ён любіць справядлівасьць і праўду, зямля ёсьць поўная міласэрнасьці Яговы.
6 Словам Яговы створаны Нябёсы, і подыхам Вуснаў Ягоных усе іхныя войскі.
7 Ён зьбірае воды мора, як да́мбай, кладзе іх на схоў у глыбíні (зямлі).
8 Няхай баіцца Яговы ўся зямля; хай трымцяць перад Ім усе жыхары сьвету,
9 бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў — і зьявілася.
10 Ягова разбурае намер паганаў, зьнішчае намыслы народаў.
11 Пастанова Яговы трывае вечна, думкі Сэрца Ягонага з роду ў род.
12 Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Ягова, народ, які Ён выбраў Сабе ў спадчыну.
13 Ягова глядзіць зь Нябёсаў. Ён бачыць усіх сыноў чалавечых.
14 Зь мейсца Свайго існаваньня Ён глядзіць на ўсіх жыхароў зямлі.
15 Ён стварыў сэрца ўсіх іх, Ён зважае на ўсе іхныя ўчынкі.
16 Кароль ня ратуецца вялікай сілай войска, і ня выратуе асілка яго вялікая сіла.
17 Марная надзея на каня для выратаваньня, і веліч сілы ягонай ня дапаможа пазьбегнуць.
18 Вось! Вока Яговы на тых, якія баяцца Яго, на тых, якія спадзяюцца на Ягоную міласэрнасьць,
19 каб вырваць душу іхную ад сьмерці і захаваць ім жыцьцё ў час голаду.
20 Душа́ наша чакае на Ягову, Ён — дапамога наша і шчыт наш,
21 бо ў Ім радуецца сэрца нашае, бо на Яго сьвятое Імя мы спадзяёмся.
22 Хай Твая міласэрнасьць, Ягова, будзе над намі, як мы на Цябе спадзяёмся!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 33
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020